Скарбонка тэхнаінтэлекту

- 11:15Навука і інавацыі

Фіналісты IX Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” абараняюць у гэты момант у сценах Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта свае праекты. І ўжо сёння стануць вядомы пераможцы і прызёры аднаго з самых прэстыжных конкурсаў тэхнічнага напрамку, які праводзіцца Міністэрствам адукацыі разам з БНТУ і Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці для навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У аўторак падчас урачыстага адкрыцця конкурсу ў адрас больш чым 200 фіналістаў гучалі пажаданні поспехаў, дасягненняў у навукова-тэхнічнай творчасці і прафесійным жыцці, якое ў многіх канкурсантаў, безумоўна, будзе звязана з навукай і тэхнікай. А яшчэ з творчасцю, бо без творчага падыходу юныя вынаходнікі наўрад ці стварылі б свае ўнікальныя праекты, прадстаўленыя 13 сакавіка на тэматычнай выставе. Толькі невялікая частка праектаў была прэзентавана ад кожнай вобласці, а жадаючых азнаёміцца з распрацоўкамі было столькі, што ля кожнай выстройвалася чарга. Гэты факт сведчыць не толькі пра папулярнасць і прэстыжнасць сярод моладзі навукова-тэхнічнай творчасці, але і пра якасць работ, якая, як і колькасць канкурсантаў, з кожным годам узрастае.

— “ТэхнаІнтэлект” падводзіць вынікі вельмі сур’ёзнай навукова-тэхнічнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ва ўстановах адукацыі і з’яўляецца стартавай пляцоўкай для далейшай творчасці і навуковых даследаванняў сённяшніх канкурсантаў. Многія з навучэнцаў, якія прымалі ўдзел у першым конкурсе “ТэхнаІнтэлект”, сёння з’яўляюцца сапраўднымі вучонымі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, а мінула ўсяго 9 гадоў. Вы, канкурсанты, — заўтрашні дзень нашай беларускай навукі і тэхнікі. Да гэтага патэнцыялу мы адносімся надзвычай беражліва, мы гэты патэнцыял захоўваем, выхоўваем і стараемся ўсімі сіламі садзейнічаць яго развіццю, — адзначыў прарэктар БНТУ Алег Канстанцінавіч Гусеў.

Тое, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця сярод моладзі тэхнічнай творчасці і далучэння юнакоў і дзяўчат да інавацыйнага прадпрымальніцтва, заўважыў і старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Генадзьевіч Шумілін. Пераможцы “ТэхнаІнтэлекту” маюць магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку на распрацоўку бізнес-планаў сваіх праектаў, а таксама ўключаюцца ў рэспубліканскі банк даных адоранай і таленавітай моладзі.

“ТэхнаІнтэлект” — гэта шматпланавае мерапрыемства, якое паказвае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці сучаснай моладзі, разнастайнасць навукова-тэхнічных інтарэсаў і дасягненняў у розных галінах навукі, тэхнікі, архітэктуры, а таксама перспектывы стварэння маладзёжных інавацыйных праектаў, аўтарскіх праграм. Конкурс дае моладзі магчымасць праявіць творчыя здольнасці, развіваць навуковыя і пазнавальныя інтарэсы, закласці падмурак свайго будучага навучання ва ўніверсітэце і працы ў галіне, якая цікавіць. Праграмай фінальнага этапу конкурсу прадугледжана не толькі абарона праектаў у 13 секцыях, але і правядзенне для навучэнцаў майстар-класаў па рацыяналізатарскай, вынаходніцкай дзейнасці і сучасных камп’ютарных тэхналогіях, архітэктурным малюнку, жывапісе і кампазіцыі, а таксама навукова-пазнавальныя лекцыі і паказ навуковых выпрабаванняў.

— Дыпламанты конкурсу атрымліваюць рэкамендацыі і магчымыя льготы пры паступленні ў БНТУ. Пераможцы і прызёры, ужо будучы студэнтамі, працягваюць займацца навукова-тэхнічнай творчасцю ў складзе студэнцкіх бюро, цэнтраў, гурткоў, удзельнічаюць і перамагаюць у прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Удзел у “ТэхнаІнтэлекце” становіцца для юных талентаў унікальнай магчымасцю зацікавіць сваімі распрацоўкамі навучальныя ўстановы, навуковыя цэнтры, прадстаўнікоў бізнесу, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Якімі праектамі зацікавілі журы (у склад яго ўваходзяць вядомыя вучоныя, дактары і кандыдаты навук, вынаходнікі, педагогі-наватары) фіналісты сёлетняга “ТэхнаІнтэлекту”, чытайце ў сакавіцкім дадатку “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.