Скарбы роднай мовы

- 14:43Портфолио

Прапаную ўвазе чытачоў гульню­конкурс для вучняў 5—6 класаў.

Мэта: выявіць і пашырыць веды вучняў па беларускай мове; развіваць праз гульню лагічнае мысленне школьнікаў, вусную мову, кемлівасць, навыкі работы ў камандзе; садзейнічаць выхаванню ў дзяцей павагі да культурнай спадчыны беларускага народа, цікавасці да вывучэння роднай мовы.

Абсталяванне: выказванні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў аб роднай мове, карткі з заданнямі для каманд, чорная скрыня, прызы, запісы песень.

Эпіграф: 

Мілагучная і ласкавая!
Не згубілася ў цемры вякоў.
Мой святы пасаг, мая спадчына —
Мова родная, мова бацькоў.
Л.Полазава

Ход мерапрыемства

Выконваецца песня “Гучыць напеў” (сл.  і  муз. А.Язвінскага).

Вядучы.

Не, я не супраць розных іншых моў,
Але мне роднай смак заўсёды мілы.
І я — падданы беларускіх слоў, 
Тых, да якіх Радзіма прычасціла.  
                                     Н.Гальпяровіч

Такімі цудоўнымі словамі мы пачынаем нашу гульню “Скарбы роднай мовы”. Сёння праверым, як вы валодаеце беларускай мовай. У гульні прымаюць удзел 3 каманды. Кожная каманда павінна пастарацца правільна выка­наць прапанаваныя заданні. У канцы гульні журы падвядзе вынікі. Каманда-пераможца атрымае ўзнагароду, але пераможаных не будзе, бо кожны з вас узновіць ці атрымае новыя веды, далучыцца да незлічоных скарбаў роднай мовы. Поспехаў вам! 

  1. “Кемлівыя філолагі”. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 3 мінуты.

1. Якую частку слова можна знайсці ў зямлі? (Корань.)

2. Якія два асабовыя займеннікі перашкаджаюць вадзіцелям на дарогах? (Я-мы.)

3. З якога фразеалагізма марсіяне маглі б заключыць, што ў чалавека не дзве нагі, а больш? (Бегчы з усіх ног.)

4. Якія дзве літары складаюць назву стравы? (Ка-ша.)

5. Як вялікі дом зрабіць маленькім? (Дадаць суфікс ік.)

6. Назва якой кветкі складаецца з дзвюх прыставак і назвы невя-­
лікай хаткі для сабакі? (Незабудка.)

7. Назва якога дрэва складаецца з асабовага займенніка і жаночага імя? (Яліна.)

     2.“Збяры  афарызм”. З асобных слоў за 1 мінуту трэба скласці афарызм. За гэта — 1 бал.

Хараство, чуюцца, і, незвычайнае, зладжанасць, роднага, нам, слова, гучанні, у.

Адказ. Незвычайнае хараство і зладжанасць чуюцца нам у гучанні роднага слова. (А.Крывіцкі.)

  1. “Закончы прыказку”. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 5 мінут.

Навука не мучыць, … (а жыць вучыць).

Хто бацьку і маці зневажае, … (той дабра не мае).

Людзей слухай, … (а свой розум май).

Новых сяброў набывай, … (а старых не забывай).

Усюды добра, … (а дома лепей).

З кім павядзешся, … (ад таго і набярэшся).

Скончыў работу — … (гуляй у ахвоту).

Дзе маці нарадзіла, … (там і радзіма).

Да чаго сам не дойдзеш, … (тое ў кніжцы знойдзеш).

  1. “Гарэзлівыя літаркі”. Пераставіць літары так, каб атрымаліся назвы раздзелаў мовазнаўства. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 3 мінуты.

НАФАКЕЫТ, ІСТАСКІСН, АРАМЯФІГОЛ, ФАГІРАК, РАГАФІФАЯР, КЫТАСІЛТЫС.

Адказ. Фанетыка,  сінтаксіс, марфалогія, графіка, арфаграфія, стылістыка.

Выконваецца песня “Гаворка беларуская” (з рэпертуару ан­самбля “Бяседа”).

  1. “Смачна есці!”. Выпі­саць словы, якія абазначаюць назвы страў. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 2 мінуты.

Праснак, прас, верашчака, гладыш, куцця, зацірка, магерка, мачанка, патэльня, наліснік, саладуха, відэлец, патыліца, чапяла, маслабойка, дранік, млын,
дзя­жа.

Адказ. Праснак, верашчака, куцця, зацірка, мачанка, наліснік, саладуха, дранік.

  1. “Залацінкі роднай мовы”. Да рускіх фразеалагізмаў падабраць беларускія адпаведнікі. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 8 мінут.

Мастер на все руки — штукар на ўсякія штукі.

И нашим и вашим — крышыць буракі на абодва бакі.

Рыльце в пушку — смятанка на вусах.

Сбить с толку — збіць з панталыку.

Нести вздор — гарох з капустай мяшаць.

Менять шило на мыло — гаршчок на гліну мяняць.

Вверх тормашками — дагары нагамі.

Задирать нос — крукам носа не дастаць.

  1. “Пільнае вока”. Знайсці і выправіць памылкі ў словах. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 3 мінуты.

Стагодзе, хтосьці, семь, спартс­мен, фудбол, памочнік, шчастлівы, акварыўм, востраў, здароў’е, булён, камп’ютар, лідэр, грушчык, сьнег.

Адказ. Стагоддзе, сем, футбол, шчаслівы, акварыум, здароўе, лідар, грузчык, снег.

  1. “У свеце слоў”. Замяніць запазычаныя словы беларускімі адпаведнікамі. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 3 мінуты.

Ваяж — падарожжа 

Арфаграфія — правапіс

Дыскусія — спрэчка 

Фартуна — удача 

Мемуары — успаміны 

Дэфіс — злучок

Антракт — перапынак 

Красворд — крыжаванка 

Інцыдэнт — здарэнне 

Фіяска — паражэнне

Выконваецца песня “Мова мая” (сл. С.Чыгрына, муз. К.Герашчанкі).

  1. “Перакладчыкі”. Перакласці словы з рускай мовы на беларускую. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 5 мінут.

Крыжовник — агрэст

Клёст — крыжадзюб

Совет — парада

Чудо — цуд

Созвездие — сузор’е

Радуга —  вясёлка

Строитель — будаўнік

Комната — пакой

Улыбка — усмешка

Желудок — страўнік

Конфета — цукерка

Сверчок — цвыркун

Потолок — столь

Салфетка — сурвэтка

Чешуя — луска

  1. “Моўная арыфметыка”. Рашыць моўныя прапорцыі. За кожны правільны адказ — 1 бал. Час выканання — 2 мінуты.

Род : рот = лез : ?        (лес)

Том : ? = порт : борт   (дом)

?  : жар = сала : зала   (шар)

Грыб : грып = ? : кот    (код)

Пакуль журы падводзіць вынікі, праводзіцца гульня з балельшчыкамі “Чорная скрыня”. Для балельшчыкаў гучаць перыфразы. Дзеці павінны здагадацца, што знаходзіцца ў чорнай скрыні.

Другі хлеб. (Бульба.)

Гаспадар стала. (Хлеб.)

Дар крылатых працаўнікоў. (Мёд.)

Каралева кветак. (Ружа.)

Крыніца ведаў. (Кніга.)

Твар вучня. (Дзённік.) 

Аб’яўляецца і ўзнагароджваецца каманда-пераможца.

Вядучы. Віншую пераможцаў і спадзяюся, што знаёмства са скарбамі роднай мовы працягнецца і на ўроках, і ў штодзённым жыцці. Жадаю вам любіць, паважаць і з натхненнем вывучаць нашу цудоўную беларускую мову! 

Каб белы свет не здаўся вузкім,

Каб годна жыць паміж людзей,

Любіце мову беларуску,

Любіце з кожным днём мацней.

Л.Дайнека

Выконваецца песня “Наша мова” (сл. А.Ставера, муз. С.Макея).

Вольга ХМАРАВА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Наваполацка.