Скажам адно аднаму “дзякуй”

- 17:31Нам пішуць

“Давайце адно аднаму скажам дзякуй, // Няхай жа ўдзячнасць сагрэе зімой, // Няхай гэтае слова, дзе б ты ні быў, // Спадарожнічае шчасцю, ідзе за табой”, — такім зваротам да вучняў і настаўнікаў нашай школы пачалася акцыя, прысвечаная Сусветнаму дню “дзякуй”.

Перад пачаткам заняткаў актывісты БРПА і БРСМ раздавалі педагогам і дзецям флаеры-эмблемы свята. У рамках акцыі былі падрыхтаваны насценгазета для вучняў 5—11 класаў, прэзентацыя пра гісторыю свята і відэаролік “Паходжанне слова “дзякуй” у розных мовах”.

Старшакласнікі правялі для малодшых вучняў займальныя гульні “Ах, гэтыя чароўныя словы!” і “Дзякуй” па коле”, якія атрымаліся надзвычай добразычлівымі і шчырымі.

Гэтым днём слова “дзякуй” часта гучала не толькі ў школе, але і ў сельсавеце, і ў адміністрацыйным будынку ААТ “Відамлянскае”, дзе працуюць бацькі нашых выхаванцаў. Школьнікі завіталі да дырэктара гаспадаркі М.М.Страпко, падзякавалі яму за супрацоўніцтва і пажадалі з нагоды 20-гадовага юбілею на пасадзе кіраўніка моцнага здароўя, творчых поспехаў і ажыццяўлення планаў.

— З вялікім задавальненнем удзельнічала ў падрыхтоўцы акцыі, — падзялілася сакратар пярвічнай арганізацыі “БРСМ” Настасся Шэўчык. — Для гэтага спатрэбіліся ўменні і веды, атрыманыя ў школе мастацтваў. Прыемна, што ўдалося звярнуць увагу на свята, узняць усім настрой. Мы зрабілі важную справу. Спадзяюся, што ў жыцці людзей будзе як мага больш слоў “дзякуй”, сказаных імі ды ім.

— Было прыемна ўручыць святочную паштоўку і павіншаваць дырэктара ААТ “Відамлянскае”, дзе працуюць мае бацькі, — расказаў намеснік пярвічнай арганізацыі “БРСМ” Аляксандр Русецкі. — У мерапрыемстве ўдзельнічала і мая малодшая сястра, для якой стараюся заўсёды быць прыкладам. Асобны “дзякуй” хачу сказаць дырэктару школы Тамары Барысаўне Страпко і педагогу-арганізатару Аксане Міхайлаўне Росляк, якія падарылі нам гэтае свята, а таксама ўсім, хто ўзяў удзел у гэтай акцыі.

Аксана РОСЛЯК,
педагог-арганізатар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.