Скрозь вясёлку бачныя зоркі

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Студэнты УВА Гомельшчыны на працягу тыдня дэманстравалі сваё майстэрства ў спорце, творчасці і дабрачыннасці. Фестываль “Зімовая вясёлка”, арганізатарам якога  з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, падвёў вынікі. Лаўрэатаў вызначалі ў дзесяці намінацыях, таму ўзнагарод хапіла ўсім.

“Студэнты на арбіце” — так гучала тэма форуму сёлета. Яна нагадвае пра выдатны твор “Лявоніха на арбіце” беларускага драматурга Андрэя Макаёнка, 100-гадовы юбілей якога нядаўна адзначылі.

Форум першакурснікаў уключаў некалькі этапаў, у тым ліку дабрачынныя акцыі і спартыўную эстафету. Асноўныя творчыя баталіі разгарнуліся на сцэне грамадска-культурнага цэнтра Гомеля. Журы вызначыла пераможцаў у калектыўных і індывідуальных намінацыях.

Лепшай рэжысёрскай работай жу­ры прызнала пастаноўку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, а ў намінацыі “Тэатральнае мастацтва” перамог Мікіта Ястрабкоў — студэнт гэтай жа УВА. Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт адзначаны ў катэгорыі “Музычны серпанцін”. Лепшыя ў намінацыі “Танцавальны выбух” — студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Дыплом за “Артыстызм без меж” — у каманды Гомельскага філіяла МІТСА, за “Гумар-драйв” узнагароджаны студэнты Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. “Экстракт крэатыву” выдаў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога. Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна адзначаны ў намінацыі “Адважвацца. Шукаць. Дзейнічаць”.

Студэнты-першакурснікі выдатна паказалі сябе на XXIII Рэгіянальным форуме студэнцкіх талентаў. Самымі яскравымі артыстамі названы Станіслаў Пусеў з ГДТУ імя П.В.Сухога і Аляксандра Шуба з Гомельскага філіяла МІТСА.
“За творчую свабоду” ўзнагароджана студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Даяна Дудліна. “З песняй па жыцці” крочыць студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Эмілія Епіхіна. У намінацыі “Арт-імправізацыя” перамагло відэа “Крушэнне карабля” ГДУ імя Ф.Скарыны. “Адкрыццём года” прызнаны Джырыпрасад Індулекха Адвайта Шанкар з Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Сярод задач фестывалю “Зімовая вясёлка” — выяўленне таленавітай моладзі, стварэнне адзінай творчай прасторы і ўмацаванне прафесійных сувязей арганізатараў творчай дзейнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэгіёна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота bsut.by