Скульптура з цеста

- 10:59World Skills

Своеасаблівай рэпетыцыяй перад міжнародным чэмпіянатам WorldSkills Kazan — 2019 стала паездка педагогаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання на фінал VІІ Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы (WorldSkills Russia)”, які прайшоў у Казані. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі галоўны эксперт WorldSkills Belarus Р.Р.Кандраценка, дэкан інжынерна-тэхналагічнага факультэта завочнай адукацыі ўніверсітэта, дацэнт кафедры тэхналогіі хлебапрадуктаў, кандыдат тэхнічных навук, Т.А.Гурынова, дацэнт кафедры тэхналогіі хлебапрадуктаў, кандыдат тэхнічных навук, а таксама выпускніца ўстановы Таццяна Прахарэнка.

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання ў экспертным таварыстве  WorldSkills Belarus займае значнае месца. Прафесійную кампетэнцыю “Кулінарнае мастацтва” прадстаўляе нацыя­нальны эксперт В.У.Мацікава, “Рэстаранны сэрвіс” — Т.М.Рыбакова, “Хлебапячэнне” — Р.Р.Кандраценка. Кампетэнцыю “Кандытарскае мастацтва” прадстаўляе Т.С.Кабанькова, таксама з Магілёва, але ўжо з Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа.

Таццяна Прахарэнка выступала на мінулым нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018 у прафесійнай кампетэнцыі “Хлебапячэнне” і заваявала “золата”. За гэты год дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці хлебапякарнай вытворчасці, збіраецца паступаць у магістратуру і працягнуць навучанне ва ўніверсітэце. Дзяўчына лічыць, што працэс удасканалення не мае меж, і яна пастаянна вучыцца: чытае шмат прафесійнай літаратуры, цікавіцца навінкамі ў хлебапячэнне, тэхналагічнымі прыёмамі, вывучае рэцэптуру новых вырабаў. Але гэтага было б, напэўна, не дастаткова, калі б Таццяна не была творчай натурай, якая з натхненнем выконвае любімую справу. Яе ўласны почырк, а значыць, часцінку душы можна адчуць у любым яе вырабе, які можна назваць мастацкім творам. Увогуле работа з цестам для Таццяны — гэта бязмежная крыніца творчасці, фантан ідэй і фантазій, якія яна ўвасабляе ў рэальнасць.

— Паездка на гэты чэмпіянат Расіі стала для нас вельмі каштоўнай, — расказала Раіса Рыгораўна Кандраценка. — Мы пабывалі ў атмасферы вялікага свята прафесійнага майстэрства, у якім прынялі ўдзел 1,5 тысячы чалавек, 26 краін свету. Мы змаглі наблізіцца да дзелавой атмасферы — пабываць на пляцоўцы, дзе праходзілі спаборніцтвы, пазнаёміцца з тэхналагічным абсталяваннем самага сучаснага ўзору, убачыць гатовыя вырабы канкурсантаў і на фоне іх ацаніць наш узровень падрыхтоўкі і ўвогуле канкурэнтаздольнасці.

У кампетэнцыі “Хлебапячэнне” ўдзельнічалі 10 асноўных канкурсантаў і 5 юніёраў з розных рэгіёнаў Расіі. Акрамя таго, на пляцоўцы працавалі запрошаныя ўдзельнікі з іншых краін (Індыя, Бразілія, Аўстралія), а таксама павышалі ўзровень свайго прафесійнага майстэр­ства члены зборнай каманды руху WorldSkills Russia. Работа на пляцоўцы была арганізавана ў дзве змены, па пяць гадзін кожная.

Прадстаўніца Беларусі была ў ролі сузіральніцы і, як кажуць, упітвала новую інфармацыю. Канкурсанты пяклі розныя віды хлеба, булачныя вырабы, у тым ліку круасаны, пан-а-шакаля, дацкую слойку і інш. Але найбольш складаным было заданне па выкананні арт-кампазіцыі з цеста пад назвай “Казка” з мноствам розных элементаў. Тут трэба было прадэманстраваць, як кажуць, найвышэйшы пілатаж. Па сутнасці, ад ацэнкі гэтага задання залежала, якое месца зойме канкурсант.

Беларуская дэлегацыя сустрэлася з нацыянальным экспертам Расіі па кампетэнцыі “Хлебапячэнне” Наталляй  Фалінай. У час гутаркі абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі, арганізацыі працы і судзейства на міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Kazan — 2019.

— У ходзе паездкі супрацоўнікаў універсітэта мы атрымалі актуальную інфармацыю, якая будзе выкарыстана пры падрыхтоўцы члена нацыянальнай зборнай Таццяны Прахарэнка да чэмпіянату ў Казані, — паведаміла  Раіса Рыгораўна Кандраценка. — Акрамя таго, атрыманая інфармацыя будзе выкарыстана для паляпшэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у нашым універсітэце ў сферы харчавання.

Цяпер вядзецца актыўная падрыхтоўка Таццяны Прахарэнка да спаборніцтва. Ад арганізатараў чэмпіянату паступіў ужо тэставы праект, згодна з якім можна часткова вызначыць, якія заданні будуць на спаборніцтве ў Казані. Трэба будзе выканаць 7 модуляў за 2 дні. У першы дзень трэба папрацаваць 9 гадзін, у другі — 6. За адве­дзеныя га­дзіны трэба спячы багеты, круасаны, іншую хлебабулачную прадукцыю. Галоўным заданнем будзе стварэнне арт-кампазіцыі — скульптуры з цеста пад назвай “Акіян”. Патэнцыяльнымі канкурэнтамі нашай канкурсанткі стануць прадстаўнікі 20 краін свету, а ў склад экспертнага савета па гэтай кампетэнцыі ўвойдуць 24 чалавекі.

Заняткі па адпрацоўцы заданняў праходзяць на вучэбнай базе ўніверсітэта, а для трэніровак па стварэнні цеставай скульптуры месца прадаставіла Булачна-кандытарская кампанія “Домачай”. Дзякуючы генеральнаму дырэктару кампаніі Наталлі Канстанцінаўне Падлесных, тут пастаянна прадастаўляецца пляцоўка для падрыхтоўкі студэнтаў універсітэта да розных спаборніцтваў.

Ала КЛЮЙКО.