Слава жанчыне працы!

- 16:20Нам пішуць

7 сакавіка на базе Судкоўскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой радзімы, адбылася сустрэча з чатырма жанчынамі — ветэранамі працы, якія абралі прафесію механізатара і ўсё жыццё прысвяцілі самаадданай працы на зямлі.

У кожнай з руплівіц свая гісторыя жыцця, але ўсіх аб’ядноўвае велізарная любоў да працы, да роднай зямлі, да мілага сэрцу саўгаса “Судкова”.

Кацярына Пятроўна Краўчанка ў 15-гадовым узросце стала працаваць звеннявой. У тым жа годзе паступіла ў Рудакоўскае вучылішча № 30 на трактарыста-машыніста. З гэтага моманту і пачалася яе працоўная дзейнасць у калгасе “Новая зара”. У 1975 годзе Кацярыне Пятроўне прысвоена званне лепшага механізатара Хойніцкага раёна, а ў 1976 годзе яна атрымлівае самы дарагі і значны прыз — прыз Пашы Ангелінай. Механізатарам Кацярына Пятроўна адпрацавала больш за 30 гадоў і ні разу не пашкадавала аб абранай прафесіі.

Таццяна Васільеўна Левянкова скончыла сямігадовую школу і пачала працоўную дзейнасць даяркай. У 1961 годзе ў ліку 200 прадстаўнікоў Гомельскай вобласці паехала падымаць цаліну ў Казахстан, там прайшла навучанне на трактарыста-машыніста. У 1969 годзе працавала трактарыстам у саўгасе “Судкова”. У 2019-м, дарэчы, саўгасу будзе 100 гадоў, вось і марыць Таццяна Васільеўна сабраць хор ветэранаў працы і праспяваць песню пра саўгас, якую спявалі ў 80-х.

Для Алены Дзмітрыеўны Палівач, ураджэнкі вёскі Вязок Брагінскага раёна, зямля, праца, трактар — як паветра. 15 гадоў жанчына прапрацавала на трактары. Алена Дзмітрыеўна гадавала васьмярых дзяцей і ніколі не пашкадавала, што выбрала прафесію трактарыста.

25 гадоў працуе механізатарам і не ўяўляе жыццё без трактара Алена Віктараўна Волкава. Зараз тэхніка добрая, можна працаваць і працаваць. У 2004-м ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ёй уручылі трактар з надпісам “Жанчыны зямлі беларускай”. Гэта быў дарагі падарунак, на ім яна прапрацавала 13 гадоў, а сёлета далі новы, вось і плануе Алена Віктараўна яшчэ гадоў 15 папрацаваць. У 2016 годзе па выніках 2015 года ў намінацыі “Адкрыццё” ёй было прысвоена званне “Чалавек года” Гомельскай вобласці. Вось з каго трэба браць прыклад падрастаючаму пакаленню, вось у каго трэба вучыцца, як працаваць!

Актывісты БРСМ і БРПА Судкоўскай сярэдняй школы падарылі ганаровым гасцям вершы і песні, паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі, падзяліліся планамі на будучыню. Былі ўручаны падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, адміністрацыі КСУП “Судкова”, Судкоўскага сельскага выканаўчага камітэта.

Любоў КОЎЗІК,
дырэктар Судкоўскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна.