Напярэдадні Дня Перамогі ў сярэдняй школе № 4 Клімавіч прайшоў святочны канцэрт “Славім мір на зямлі!”. Асабліва памятным гэты дзень стаў для 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія папоўнілі шэрагі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. І гэта вельмі сімвалічна, бо юныя партызаны, разведчыкі, танкісты ўнеслі вялікі ўклад у перамогу савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы дзеці далі абяцанне, а настаўнікі і лепшыя піянеры завязалі ім гальштукі, якія яны павінны шанаваць і насіць з гонарам. Са знамянальнай падзеяй юных піянераў павіншавала дырэктар школы Антаніна Міхайлаўна Шышанок і пажадала дзецям заўсёды заставацца сумленнымі, вернымі, каб іх словы ніколі не разыходзіліся са справамі.
72 гады прайшло з таго дня, як наш народ перамог фашыстаў. Доўгі баявы шлях прайшлі па дарогах вайны і ветэраны мікрараёна школы. На жаль, да сённяшняга дня з іх дажылі толькі двое: Канстанцін Рыгоравіч Адамсон і Васіль Ягоравіч Быкаў. З-за свайго ўзросту яны не змаглі прысутнічаць на святочным канцэрце, але дзеці павіншавалі іх з гэтай знамянальнай падзеяй, наведаўшы ветэранаў дома. А тых, хто загінуў за мір і шчасце на Зямлі, ушанавалі хвілінай маўчання.
Навучэнцы школы падрыхтавалі літаратурныя і музычныя нумары: сцэнку ў выкананні вучняў 10 класа “Рэха вайны”, песні “Адмяніце вайну” і “Не адымайце сонца ў дзяцей” у выкананні вучняў 3 “А” класа, верш “Дзеці вайны”, падрыхтаваны Ангелінай Бераснёвай, вучаніцай 5 “А” класа, і многія-многія іншыя.
Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.