Смачна і карысна

- 11:42Калегіі, пасяджэнні, Навіны рэгіёнаў

Як зрабіць харчаванне ва ўстановах адукацыі таннейшым, умацаваць здароўе і павялічыць апетыт выхаванцаў? Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі выязной калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, якая прайшла на Рагачоўшчыне. 

Традыцыі шэфскай дапамогі

Рагачоўскі раён — буйны вытворца сельскагаспадарчай прадукцыі, дзе працуе 17 сельгаспрадпрыемстваў. У землекарыстанні аграпрамысловага комплексу раёна знаходзіцца амаль 114 тысяч га сельскагаспадарчых угоддзяў. Старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віталь Сушко гаворыць, што стаўку тут робяць на моладзь:

— У нашым раёне моцныя традыцыі шэфскай дапамогі сельгаспрадпрыемстваў школам і дзіцячым садам. У сваю чаргу педагогі і школьнікі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу аграрыям. Летам дапамагаюць на зернетаках, увосень — у нарыхтоўцы бульбы, зборы яблыкаў. Пасля ўрокаў працавалі ў садзе ААТ “Ціхінічы”. Нашы гаспадаркі перадаюць школам і садам на бязвыплатнай аснове бульбу і яблыкі, што дазваляе зрабіць харчаванне больш танным. Да таго ж, сельскагаспадарчая работа дапамагае выклікаць у дзяцей цікавасць да адпаведных прафесій, запатрабаваных у раёне. Мы імкнёмся адрадзіць папулярнасць сельскай працы і паказаць дзецям, што сёння такая дзейнасць стала больш цікавай, бяспечнай і не звязана з цяжкімі фізічнымі нагрузкамі. А яшчэ гэта магчымасць добра зарабляць у сваім родным раёне.

Ад таго, наколькі правільна будзе арганізавана харчаванне ў садзе, школе, установе прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, залежыць не толькі здароўе, але і якасць навучання дзяцей. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў адзначае, што ў Гомельскай вобласці даўно склалася і нядрэнна зарэкамендавала сябе свая сістэма дзіцячага харчавання:

— Мы, вядома ж, прыслухоўваемся да меркаванняў бацькоў, улічваем смакавыя прыхільнасці і пажаданні саміх дзяцей, аднак пры складанні рацыёну кіруемся ўстаноўленымі стандартамі. Харчаванне павінна быць не толькі смачным, але і здаровым, натуральным, карысным. Харчаблокі ўстаноў адукацыі абсталяваны камп’ютарнымі праграмамі і аўтаматызаванымі сістэмамі па складанні меню з улікам норм закладкі і расходу прадуктаў. Наладжаны вытворчы кантроль за ўсім працэсам. Патанненне харчавання адбываецца за кошт прамых паставак прадуктаў, бязвыплатнай дапамогі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і часткова ўласнай сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай на прышкольных участках і дадатковых плошчах.

Сёння ва ўстановах прафесійнай адукацыі агульная пасяўная плошча складае 372 га. На 222 прышкольных участках агульнай плошчай 100 га створаны ўсе ўмовы для правядзення доследаў, назіранняў, летняй практыкі. Тут навучэнцы з педагогамі і тэхнічным персаналам вырошчваюць расаду агародніны і кветак, якія потым упрыгожваюць тэрыторыю ўстаноў. Застаецца яшчэ і на продаж. Заробленыя грашовыя сродкі часткова выкарыстоўваюцца для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, а вырашчаная агародніна — у арганізацыі харчавання. Руслан Іванавіч адзначае, што ва ўстановах адукацыі ёсць і свае фруктовыя сады:

— Напрыклад, у Жлобінскім раёне сады маюць 74% нашых устаноў. Усяго ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці 179 фруктовых садоў. Дапамога сельскагаспадарчым арганізацыям — гэта практыка, напрацаваная гадамі. І школьнікі, і настаўнікі ў свабодны ад работы і вучобы час дапамагаюць падчас уборкі. Сельгаспрадпрыемствы ў сваю чаргу аказваюць бязвыплатную дапамогу ўстановам у закладцы агародніны і садавіны для патаннення дзіцячага харчавання. Захоўваць прадукцыю дазваляюць сучасныя сховішчы. Ёсць шмат станоўчых прыкладаў, аднак у большасці раёнаў нам ёсць яшчэ над чым працаваць.

Рагачоўшчына парадавала ўдзельнікаў калегіі фестывалем “Віта-фэст”. Практычна ўсе сфатаграфаваліся побач з інсталяцыяй з яблыкаў “Планета дабра”, а таксама паласаваліся прыгожымі і смачнымі вырабамі з агародніны і садавіны. Таксама выклікалі захапленне пано “Вітамінавы вернісаж”, выставы “Цуды ўраджаю”, “6 сотак” і “Восеньскі нацюрморт”, кулінарны майстар-клас “Імбірна-мядовы збіцень”, дэгустацыя прадукцыі ўласнай вытворчасці “Вітамінавае асарці”.

У кожнай установе, дзе займаюцца працай на зямлі, выхоўваюцца прадпрымальныя, ініцыятыўныя людзі, для якіх гэтая работа ў рэшце рэшт становіцца часткай жыцця.

Для патаннення харчавання

Не толькі тэарэтычным вопытам падзяліліся ўдзельнікі калегіі — у “Садзе мары” кожны пасадзіў пладовае дрэва разам з навучэнцамі Гарадзецкай дапаможнай школы-інтэрната. У гэтай установе адукацыі вучацца 79 дзяцей. Яны актыўна задзейнічаны на прышкольным участку, дзе вырошчваюцца парэчкі, буракі, морква, капуста… Прадукцыя выкарыстоўваецца для харчавання вучняў, як і ў Гарадзецкай сярэдняй школе, дзе таксама ёсць свой агарод. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч заўважае, што праблема, вынесеная на калегію, не новая:

— Аналіз паказаў, што праблемных зон, якія патрабуюць паўторнага абмеркавання і прыняцця рашэнняў, дастаткова. На Гомельшчыне на тэрыторыі ўстаноў адукацыі сёлета вырашчана 113,4 т бульбы, 8,6 т капусты, 6,8 т цыбулі, 11,4 т буракоў, 6,6 т морквы. Частка зямель устаноў адукацыі засеяна збожжавымі. Выручаныя сродкі ідуць на рахунак установы для падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і для патаннення харчавання.

Найбольш актыўна па патанненні харчавання навучэнцаў за кошт прадукцыі, вырашчанай на ўласных пасяўных плошчах, працуюць Жлобінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, Рэчыцкі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй і Касцюкоўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй. У Чырвонабярэжскім дзяржаўным аграрным каледжы бясплатна выдзелілі 4 т бульбы для дзяцей-сірот, малазабяспечаных сем’яў, інвалідаў. Астатнім навучэнцам, якія пражываюць у інтэрнаце, па жаданні прадаецца сельгаспрадукцыя па сімвалічным кошце. У Чачэрскім дзяржаўным прафесійным ліцэі, акрамя сельгаспрадукцыі, 18 дзяцей-сірот летам забяспечвалі ягадамі.

Між тым, як адзначае Жанна Анатольеўна, ёсць нараканні ў бок іншых устаноў спецыяльнай адукацыі, якія ўхіліліся ад патаннення харчавання, хоць маюць плошчы для вырошчвання і рыхтуюць спецыялістаў адпаведнага профілю. 

— Для патаннення харчавання кіраўнікі аддзелаў адукацыі, устаноў працуюць з арганізацыямі-шэфамі. Напрыклад, Гомельскаму, Добрушскаму, Калінкавіцкаму, Рэчыцкаму раёнам шэфы выдзелілі 87 т бульбы. Вялікая работа вядзецца на прышкольных участках. Станоўчы вопыт работы ёсць у Жлобінскім раёне. Шмат робяць для патаннення харчавання школы-інтэрнаты. У Гарадзецкай дапаможнай школе-інтэрнаце лішкі прадукцыі перадаюць ва ўстановы адукацыі, размешчаныя на гэтай тэрыторыі, і забяспечваюць такім чынам патанненне харчавання аж да сакавіка. Ёсць і іншыя станоўчыя прыклады — у Ельскім, Чачэрскім, Добрушскім і Калінкавіцкім раёнах. Увогуле з 21 сельскага раёна толькі 7 не маюць прышкольных участкаў. 

Аднак існуе шэраг праблем. Па-першае, гэта высокі кошт лабараторных даследаванняў на якасць прадукцыі. Калі плошчы невялікія і ўраджай невысокі, то немэтазгодна патанняць харчаванне. Другая праблема — захаванасць прадукцыі. Сховішчы для агародніны практычна паўсюль прыстасаваныя, таму перад кіраўнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі пастаўлена задача: прадумаць захаванне сельскагаспадарчай прадукцыі ў адным сховішчы. Напрыклад, у будынках, якія вызваліліся.

— Да наступнага навучальнага года гэтую праблему мы павінны вырашыць паўсюдна, — заўважае Жанна Ждановіч. — Тым больш што ў многіх раёнах ёсць такія памяшканні. Да таго ж, кіраўнік дзяржавы актуалізаваў пытанне ўдзелу навучэнцаў ва ўборцы садавіны. Сёлета вучні Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна сабралі 250 кг яблыкаў. Гэтай жа справай актыўна займаліся вучні Камунараўскай і Шырокаўскай сярэдніх школ Буда-Кашалёўскага раёна, а таксама Руднецеляшоўскага дзіцячага сада — базавай школы Гомельскага раёна. Акрамя таго, Брылёўскай сярэдняй школе Гомельскага раёна КСУП “Брылёва” выдзеліў участак яблыневага саду. Шмат фруктовых садоў ёсць і на тэрыторыі ўстаноў адукацыі Жлобінскага раёна. Іх актыўная дзейнасць — прыклад для пераймання. І хоць у вобласці праводзіцца немалая работа па патанненні харчавання, важна кіраваць гэтай работай з пункту гледжання эканомікі, лагістыкі і іншых сучасных падыходаў.

Плодаагароднінным біржам — быць

На ўзроўні начальніка галоўнага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкама выпрацавана прапанова аб укараненні абласнога праекта па стварэнні раённых школьных плодаагароднінных біржаў. У яго распрацоўцы прымуць удзел абласны цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, абласны інстытут развіцця адукацыі, абласны вучэбна-метадычны цэнтр і іншыя зацікаўленыя. Мэта — прааналізаваць магчымасці кожнай тэрытарыяльнай установы агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі па вырошчванні плодаагародніннай прадукцыі, а таксама сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і спланаваць у цэнтрах па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый работу па закупцы і пераразмеркаванні агародніны і садавіны ва ўстановы свайго раёна з мэтай патанніць школьнае харчаванне.

На калегіі таксама было адзначана, што адначасова з патанненнем харчавання вырашаецца яшчэ адна важная задача — працоўнае выхаванне дзяцей. У кожнай установе, дзе займаюцца працай на зямлі, выхоўваюцца прадпрымальныя, ініцыятыўныя людзі, для якіх гэтая работа ў рэшце рэшт становіцца часткай жыцця.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.