“Сонейка” і сонейкі

- 12:02Нам пішуць

Кожнаму чалавеку на працягу жыцця даводзілася прыстасоўвацца да новых жыццёвых абставін: змены месца працы ці жыхарства, новай пасады ці папаўнення ў сям’і… 1 верасня многіх хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць важныя змяненні — пачатак навучання ў школе. Калі пераход з утульнага дамашняга свету ў строга арганізаванае і пакуль незразумелае школьнае жыццё будзе рэзкім, раптоўным, то ўсе сілы арганізма пойдуць на абарону псіхікі, бо неабходна трымаць сябе ў руках, вучыцца, падпарадкоўвацца новым правілам. Аднак нашы ахоўныя сілы не бясконцыя — могуць узнікнуць трывожнасць, бяссонніца і нават хваробы.

Добра, калі ёсць час для адаптацыі і арганізм паспявае ўключыць рэжым самазахавання — зніжаецца негатыўны ўплыў стрэсавых фактараў. Каб адаптацыя першакласнікаў праходзіла паступова, педагогі сярэдняй школы № 2 Слаўгарада запрасілі іх у школьны лагер “Сонейка”. Тут дзеці паступова знаходзяць агульную мову са сваімі будучымі педагогамі, прывыкаюць да месца вучобы і школьных правіл, знаёмяцца з аднагодкамі.

Акрамя забаўляльных мерапрыемстваў з будучымі школьнікамі праводзяцца псіхалагічныя гульні і развіваючыя заняткі, накіраваныя на стварэнне атмасферы псіхалагічнага камфорту і бяспекі, згуртаванне групы, садзейнічанне ўсведамленню пазіцыі школьніка і вучнёўскай адказнасці, прыняццю правілаў школьнага жыцця і сябе ў ролі вучня, актывізацыі пазнавальнай актыўнасці, фарміраванню станоўчай матывацыі і інш.

Цяпер нашы будучыя першакласнікі гатовы да школы і жадаюць правесці навучальны год разам адно з адным і са сваім настаўнікам.

Святлана ФІЛІПАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Слаўгарада.