Спаборнічалі муляры

- 11:54Якасць адукацыі

На базе Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў прайшоў абласны адкрыты конкурс прафесійнага майстэрства навучэнцаў па прафесіі муляр. У спаборніцтве ўдзельнічалі 6 чалавек з 6 устаноў адукацыі, якія рыхтуюць такіх спецыялістаў.

Конкурс складаўся з практычнага тура і праходзіў у два этапы. Спачатку навучэнцы выконвалі сухую ўкладку цэглы, разметку малюнка і зарэзку цэглы на станках, а затым выкладвалі канструкцыю з цэглы згодна з конкурсным заданнем. Якасць выкананых работ правярала журы з ліку майстроў вытворчага навучання і прадстаўнікоў будаўнічых арганізацый.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі адпаведна Аляксандр Сідлоўскі з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Сяргей Джура з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў і Андрэй Насаўской з Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. Акрамя дыпломаў, пераможцы былі адзначаны грашовай узнагародай ад абласных прафсаюзных арганізацый работнікаў будаўнічай галіны і аграпрамысловага комплексу.

Аляксандр Сідлоўскі будзе прадстаўляць Брэстчыну ў намінацыі “Муляр” на ІІІ Рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018, які пройдзе ў маі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.