Спаборнічалі юныя эколагі

- 15:45Навіны рэгіёнаў, Рознае

У Магілёве адбыўся абласны этап Рэспубліканскага конкурсу біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Як паведаміла старшыня журы загадчыца аддзела экалагічнага выхавання абласнога Цэнтра творчасці Людміла Шапялевіч, конкурс, мэтай якога з’яўляецца выяўленне і падтрымка здольных і адораных вучняў, якія цікавяцца раслінным і жывёльным светам, пытаннямі стану навакольнага асяроддзя, праблемамі энерга- і рэсурсазберажэння, праводзіўся на Магілёўшчыне ўжо 24-ы раз.
— За гэты час магчымасць прадставіць свае дзейсныя праекты атрымалі тысячы хлопцаў і дзяўчат. Многія з іх прапанавалі цікавыя ідэі, частка з якіх нават знайшла сваё рэальнае ўвасабленне ў жыцці. Калі гаварыць пра сёлетні конкурс, то на адрас аргкамітэта паступіла звыш 90 унікальных работ, аўтары якіх ужо сталі пераможцамі раённых этапаў. Узровень усіх праектаў вельмі высокі. У гэтым годзе мы ўбачылі шмат цікавых ідэй. Вельмі парадавалі нас вучні з Крычаўскага, Асіповіцкага, Дрыбінскага, Горацкага і іншых раёнаў. Гэта на справе пацвярджае, як шмат у нас таленавітай моладзі са свежым, нестандартным поглядам на вырашэнне лакальных і рэгіянальных экалагічных праблем, — адзначыла Людміла Леанідаўна.
Пераканацца ў словах старшыні журы давялося асабіста падчас абароны канкурсантамі сваіх праектаў. Работы пачынаючых магілёўскіх эколагаў былі надзвычай разнастайнымі. Навучэнцы дэманстравалі суддзям свае даследаванні па напрамках “Агульная экалогія”, “Вада і водныя сістэмы”, а таксама “Экалогія раслін” і “Экалогія жывёл”. Праходзіла абарона распрацовак у форме навуковай канферэнцыі. У склад журы ўвайшлі дацэнт, кандыдат хімічных навук, намеснік дэкана факультэта прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова Аляксандр Уладзіміравіч Клябанаў; кандыдаты біялагічных навук дацэнты кафедры біялогіі факультэта прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова Дзіна Уладзіміраўна Кісялёва, Аляксей Валер’евіч Ярмоленка, Галіна Мікалаеўна Ціханчук; старшыя выкладчыкі кафедры біялогіі факультэта прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова Аксана Віктараўна Поварава, Андрэй Мікалаевіч Пахоменка, Галіна Аляксееўна Войт, Ігар Анатольевіч Малахаў; загадчыца сектара біялогіі і сельскай гаспадаркі аддзела экалагічнага выхавання абласнога Цэнтра творчасці Валянціна Антонаўна Новік.
Абарона праектаў зацягнулася на цэлы дзень, бо слушных ідэй прадстаўлена было сапраўды шмат. Напрыклад, навучэнка Пудаўнянскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Юля Гаўрусева ў сваім праекце знайшла пэўныя магчымасці для павышэння прадукцыйнасці пчол.
— Навукова-даследчай дзейнасцю ў галіне біялогіі мяне захапіла настаўніца Ганна Уладзіміраўна Вронская. Гэта адбылося тры гады назад. Сёлета я прадстаўляю ўжо трэці свой праект. Як і два папярэднія, ён прысвечаны вывучэнню пчол. Чаму менавіта такая тэма? У майго бацькі свой пчальнік, мне заўсёды было цікава бавіць там час. А калі я абрала паводзіны і праблемы пчол тэмай навуковых работ, то атрымалася аб’яднаць два свае захапленні, — расказала Юля.
— Тое, што дзяўчынцы цікава і непасрэдна займацца навукова-даследчай дзейнасцю, і сама тэма вывучэння, дало адпаведны вынік. Першае даследаванне Юлі было адзначана дыпломам І ступені на вобласці і ІІ ступені на рэспубліцы. Другая работа заваявала другое месца ў вобласці і рэспубліцы. Спадзяёмся, што і гэты праект знойдзе водгук у суддзяў, — дадае настаўніца біялогіі Пудаўнянскай сярэдняй школы, кіраўнік усіх навуковых работ Юлі Ганна Уладзіміраўна Вронская.
Цікавыя даследаванні прадставілі таксама навучэнкі сярэдняй школы № 3 Асіповіч Дар’я Саковіч і Алена Шаўчук. Дар’я вызначыла праблемы гнездавання белага бусла ў сваім раёне, а Алена правяла гідрахімічнае даследаванне водных аб’ектаў Асіповіч. Навучэнка Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Ія Шпакава вывучыла гідроліз крухмалу як фізіялагічны паказчык, а вучаніцы дзіцячага сада — сярэдняй школы № 42 Магілёва Настасся Астроўка і Марына Ісачанка правялі маніторынг экалагічнага стану прышкольнага ўчастка.
Увогуле, творчы падыход і перспектыўнасць назіраліся амаль у кожным з праектаў, але пераможцамі, як вядома, могуць быць толькі самыя лепшыя. У гэтым годзе імі сталі наступныя канкурсанты. У секцыі “Агульная экалогія” першага месца ўдастоіліся навучэнкі Каменіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Валерыя Сяргейчык і Вікторыя Петушок (кіраўнік — настаўніца біялогіі Ала Васільеўна Шалыпіна), у секцыі “Вада і водныя экасістэмы” пераможцай стала вучаніца сярэдняй школы № 3 Асіповіч Алена Шаўчук (кіраўнік — настаўніца хіміі Святлана Уладзіміраўна Зайцава). Лепшай па выніках конкурсу стала і яшчэ адна навучэнка гэтай навучальнай установы Дар’я Саковіч (кіраўнік — настаўніца хіміі Святлана Уладзіміраўна Зайцава), якая была адзначана дыпломам І ступені ў секцыі “Экалогія жывёл”. Што ж датычыцца пераможнага месца секцыі “Экалогія раслін”, то яно па праву дасталося вучням сярэдняй школы № 7 Магілёва Ігару Лістраценку і Дзмітрыю Катэрло (кіраўнікі — настаўніца біялогіі Вольга Валер’еўна Лістраценка, настаўніца хіміі Ганна Анатольеўна Саўко).
Усе пераможцы разам з уладальнікамі другіх і трэціх месцаў былі адзначаны ганаровымі дыпломамі і грашовымі ўзнагародамі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Акрамя таго, перамогай на абласным этапе хлопцы і дзяўчаты, якія занялі першыя і другія месцы, атрымалі права прадставіць Магілёўшчыну на рэспубліканскім туры конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.