Спаборніцкая педагогіка

Міжконкурсны перыяд WorldSkills для навучэнцаў прафесійных устаноў традыцыйна напоўнены падрыхтоўкай па прафесійных кампетэнцыях. Вось і па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” інтэнсіўна ідзе падрыхтоўчая работа, пошук усё новых шляхоў навучання канкурсантаў. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі нядаўна адкрыўся Цэнтр WorldSkills, дзе будзе весціся падрыхтоўка навучэнцаў па кампетэнцыях педагагічнага профілю па стандартах WorldSkills, пройдуць вучэбныя мерапрыемствы, практычная адпрацоўка модуляў конкурсных заданняў, атэстацыя экспертаў, будзе вызначацца ўзровень работы трэнераў. Новаствораны цэнтр стаў сумесным праектам Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа і вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — пачатковая школа № 31” Мінска.

К.А.Пятруцкая.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Н.І.Галубоўская, начальнік Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА, Н.В.Агеева, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння спецыяльнасцей сацыяльна-эканамічнай сферы РІПА, эксперты конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, члены рэспубліканскага вучэбна-метадычнага аб’яднання ў сферы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях у галіне педагогікі і камунікацыі.

— У сучасных умовах істотна мяняюцца статус педагога, яго адукацыйныя функцыі і адпаведна патрабаванні да яго прафесійна-педагагічнай кампетэнтнасці, — адзначыла дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу А.А.Буткевіч. — Якіх педагогаў хацелася б бачыць нам, кіраўнікам, у сваіх калектывах? Безумоўна, адукаваных, метадычна дасведчаных, якія ведаюць свой прадмет, якія жадаюць вучыцца і вучыць, актыўных у грамадскай рабоце, тых, хто любіць дзяцей, выхаваных, інтэлігентных, творчых, і такіх, якія імкнуцца да ўсяго перадавога.

Сталічны дзіцячы сад — пачатковая школа № 31 функцыянуе са студзеня 2015 года. Педагагічны калектыў быў сфарміраваны з маладых, ініцыятыўных, з агеньчыкам у вачах педагогаў. Кадравы склад установы адукацыі выглядаў наступным чынам: стаж работы на пасадзе меншы за 5 гадоў — 88%, без кваліфікацыйнай катэгорыі — 80%. Відавочна, што трэба было ствараць умовы для бесперапыннай адукацыі педагогаў, збі­раць па крупінках вопыт. Патрабаванне вучыцца на працягу жыцця не новае для работнікаў адукацыі, і, як вядома, гэта складаны і шматгранны працэс. Таму важна стварыць ва ўстанове такое адукацыйнае асяроддзе, якое б спрыяла раскрыццю патэнцыялу кожнага педагога, улічваючы яго інтарэсы і па­трэбы. Як адзначыла дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу, за 5 гадоў існавання ўстановы многае ў гэтым удалося. Сёння ў адукацыйным працэсе задзейнічаны 47 педагогаў, большая частка з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У вучэбна-педагагічным комплексе працуюць 10 класаў пачатковай школы, 6 груп дзіцячага сада. Навучэнцы ўстановы адукацыі з году ў год з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх і гарадскіх конкурсаў. І гэта высокі вынік работы педагагічнага калектыву.

Н.В.Пралыгіна.

 — Наш чарговы крок у арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў — гэта супрацоўніцтва з Мінскім педагагічным каледжам, — адзначыла Алена Анатольеўна. — Правільна арганізаванае ўзаемадзеянне паміж будучым педагогам і педагогам з вопытам дае свае вынікі. Безумоўна, усім зразумела, колькі ведаў і ўменняў можа пераняць малады педагог ад свайго больш вопытнага, больш дасведчанага калегі. Але і для вопытных педагогаў вучыць маладых — гэта новая прыступка ў фарміраванні прафесійнага майстэрства, гэта эфектыўны прыём матывацыі для далейшага самаразвіцця.

Пасля адкрыцця Цэнтра WorldSkills усе ўдзельнікі сустрэчы на рэспубліканскім семінары-практыкуме працягнулі абмеркаванне пытання па арганізацыі індывідуальнай падрыхтоўкі навучэнцаў да конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills па кампетэнцыях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, вызначалі асноўныя напрамкі і перспектывы развіцця кампетэнцый.

 Свой вопыт прадставіў Мінскі гарадскі педагагічны каледж.

— Адкрыццё Цэнтра WorldSkills па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” з’яўляецца вельмі актульным, — адзначыла нацыянальны эксперт WorldSkills, кандыдат педагагічных навук, дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа К.А.Пятруцкая. — Мэта цэнтра — забеспячэнне бесперапыннай прафесійнай адукацыі будучых педагогаў па спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” згодна са стандартамі WorldSkills, адточванне прафесійнага майстэрства канкурсантаў для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

 У 2018 годзе Мінскі гарадскі педагагічны каледж уступіў у рух WorldSkills і стаў ініцыятарам уключэння ў пералік прафесійных кампетэнцый рэспубліканскіх чэмпіянатаў новай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. І ў гэтым жа годзе яна была прадстаўлена на конкурснай пляцоўцы.

— У аснове работы, скіраванай на засваенне прафесійнай кампетэнцыі, пакла­дзены так званы Skills менеджмент план — план кіравання прафесійнымі навыкамі, які з’яўляецца абавязковым складнікам сістэмы кантролю якасці падрыхтоўкі ў рамках конкурсу WorldSkills, — паведаміла дырэктар каледжа. — Правільная рэалізацыя Skills менеджмент плана дазваляе выразна кансалідаваць і аб’ядноўваць кадравыя, навуковыя, метадычныя, матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы ў забеспячэнні якасці падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу. У каледжы выпрацаваны дакладны механізм падрыхтоўкі ўдзель­нікаў конкурсу прафесійнага май­стэрства WorldSкills Belarus, эфектыўнасць якога дасягаецца за кошт паэтапнага вырашэння пастаўленых задач. Кожны этап мае свае мэты, сродкі і метады выканання. Істотную ролю ў гэтай рабоце адыгрывае педагагічны калектыў каледжа, які валодае высокім навукова-практычным і творчым патэнцыялам. Педагогі дэманструюць свой вопыт на мерапрыемствах рознага ўзроўню, арганізоўваюць практыка-арыентаванае навучанне сваіх выхаванцаў. У склад творчай групы, створанай у каледжы, уваходзяць выкладчыкі вучэбных дысцыплін прафесійнага кампанента. За кожным удзельнікам конкурсу замацоўваецца выкладчык-трэнер, які ажыццяўляе яго метадычнае суправаджэнне і прафесійную падтрымку. Распрацоўваюцца індывідуальныя планы падрыхтоўкі ўдзельнікаў, дзе прадугледжана работа кожнага асобнага выкладчыка з навучэнцам па разглядзе канкрэтных пытанняў. Творчая група рыхтуе для навучэнцаў памяткі па кожным конкурсным заданні.

У час семінара.

Інавацыйным крокам у падрыхтоўцы канкурсантаў з’яўляецца распрацаваная карта, дзе зафіксавана праходжанне навучэнцамі ўзроўняў падрыхтоўкі да выканання конкурсных заданняў WorldSkills і прадстаўлены актуалізаваныя формы работы. Акрамя таго, у мінскім каледжы ўкараняецца праграма факультатыву для высокаматываваных навучэнцаў пад назвай “Спаборніцкая педагогіка”. Гэты факультатыў стварыла Н.В.Пралыгіна, эксперт WorldSkills, загадчыца аддзялення каледжа. Наталля Віктараўна расказала, што асаблівасцю факультатыва з’яўляецца закладзены ў аснову навучання модульны падыход. На першых занятках навучэнцам дэманструюць варыянты дыдактычных гульняў з прымяненнем ІКТ і ў далейшым прапануюць самастойна распрацаваць дыдактычную гульню з прымяненнем такіх тэхналогій. У час заняткаў навучэнцы дэманструюць свае распрацоўкі, праводзяць самааналіз і ўзаемааналіз. Вядуцца практычная адпрацоўка і карэкціроўка выкананых работ з улікам экспертнай ацэнкі. Навучэнцы практыкуюць адкрытыя паказы распрацовак на базе тых устаноў адукацыі, дзе яны праходзяць практыку.

— Эфектыўнасць стандартаў WorldSкills праяўляецца ў дэманстрацыі тых ці іншых навыкаў, — адзначыла Н.В.Пралыгіна. — Гэта азначае не проста ведаць, што такое дыдактычная гульня, якія патрабаванні павінны быць да яе, але і прадэманстраваць дыдактычную гульню з удзелам выхаванцаў (валанцёраў). Гэта дазваляе ўдзельнікам конкурсу прымаць актыўны ўдзел у вучэбных майстар-класах для навучэнцаў 1 і 2 курсаў, сумесна з выкладчыкамі арганізоўваць выязныя семінары-практыкумы для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі.

Сёння навучэнцы каледжа з’яўляюцца ўдзельнікамі мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і гарадскога ўзроўняў, дзе дэманструюць свае прафесійныя ўменні і навыкі. Іх падрыхтоўка мае высокія ацэнкі журы. Тая дзейнасць, якая сёння право­дзіцца ў каледжы ў рамках руху WorldSкills, дазваляе правесці якасны аналіз узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў, змадэляваць конкурснае заданне, правесці адбор навучэнцаў, прааналізаваць і зрабіць работу над памылкамі.

Экспертамі вызначаны актуальныя вектары развіцця кампетэнцый. У кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” ў модулі А прапанаваны на разгляд конкурсныя заданні: А1. Распрацоўка і правядзенне інтэграваных заняткаў па маўленчым развіцці (работа з карцінай) і робататэхніцы з уключэннем лічбавага сродку навучання; А2. Рэклама лічбавага сродку навучання, які выкарыстоўваўся пры распрацоўцы інтэграваных заняткаў. Навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа 3 курса спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” Аліна Навіцкая і Кацярына Самовіч прадэманстравалі шырокія магчымасці распрацаваных імі лічбавых сродкаў навучання, прарэкламавалі адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял.

Можна гаварыць пра зладжаную сістэму мерапрыемстваў у каледжы, у якую ўваходзяць тыдзень прафдысцыплін, вучэбная і вытворчая практыка, пастаянна дзеючы вучэбны семінар, правядзенне міні-чэмпіянатаў. Прыведзены механізм падрыхтоўкі навучэнцаў да спаборніцтваў у рамках руху WorldSkills дазваляе выпрацаваць адзіныя падыходы, павысіць якасць падрыхтоўкі, шырока распаўсюджваць свой вопыт. Высокая выніковасць у гэтым кірунку — гэта вынік работы каманды педагогаў і навучэнцаў каледжа, якая ідзе ў нагу з часам.

З мэтай развіцця кампетэнцый галоўным экспертам К.А.Пятруцкай было ініцыіравана правядзенне міні-чэмпіянатаў па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” пад назвай “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення”. Такія чэмпіянаты праводзяцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб міні-чэмпіянатах, з распрацаванымі па­трабаваннямі да канкурсанта і тэставымі заданнямі па кожным модулі. Праведзены ўжо 3 міні-чэмпіянаты. Удзельнікі і эксперты ўдасканальвалі сваё майстэрства на базах педагагічных каледжаў Мінска, Нясвіжа, Полацка. Па выніках праведзеных міні-чэмпіянатаў эксперты падрыхтавалі метадычныя рэкамендацыі. Удзельнікі сі­стэматызавалі партфоліа.

З мэтай развіцця кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя” Мінскім гарадскім педагагічным каледжам будзе арганізаваны міні-чэмпіянат у фармаце анлайн. Навучэнцы выступяць у модулі А — “Агульнакультурнае развіццё”. У рамках конкурснага задання ўдзельнікі прадставяць заданне, якое ўяўляе сабой публічнае выступленне па тэме “Педагагічная мудрасць: кнігі, якія ву­чаць”. Кнігі будуць прадстаўлены па выбары ўдзель­ніка для чытання навучэнцамі (калегамі, бацькамі). Чэмпіянат будзе праводзіцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у рэжыме анлайн з выкарыстаннем платформы ZOOM. Ацэньваць выступленне ўдзельнікаў будуць эксперты з выкарыстаннем Google-формы. Такія міні-чэмпіянаты з дапамогай ІКТ будуць праве­дзены ў іншых навучальных установах педагагічнага профілю.

Ала КЛЮЙКО.