Спартыўнае свята ў Дабромыслі

- 11:16Спартыўныя падзеі

Наша краіна адзначыла 73-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта асаблівыя даты для кожнага беларуса. У Дзень Незалежнасці ў Дабромыслі адбылося раённае спартыўнае свята, прысвечанае гэтым знамянальным падзеям. Нават няўстойлівае і халоднае надвор’е не сапсавала настрой спартсменам, шматлікім балельшчыкам і гасцям.

У папярэднія два гады праводзіўся толькі валейбольны турнір, а ў гэтым годзе падчас спартыўнага мерапрыемства арганізатары прапанавалі правесці яшчэ турнір па настольным тэнісе і армрэслінгу. Асаблівую цікавасць праявіла моладзь у спаборніцтве па армрэслінгу, многім хацелася прадэманстраваць сваю сілу і спрыт. Арганізатарамі свята сталі старшыня Дабромысленскага сельскага савета Мікалай Шаўчук і настаўнікі фізічнай культуры і здароўя мясцовай школы Аляксандр Сплендзер і Аляксей Суржык. Іх ідэю падтрымалі аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама. Шчырымі прывітальнымі словамі на роднай мілагучнай мове сустрэлі спартсменаў, балельшчыкаў і гасцей у прыгожых нацыянальных касцюмах загадчыца сельскага клуба Галіна Шаўчук і вучаніца Вікторыя Карачун. Вучаніцы Дабромысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Настасся Капейка і Вікторыя Карачун выканалі песні “Беларусачка” і “К табе, Беларусь”, за што былі адораны шчырымі апладысментамі ўдзельнікаў спартыўнага свята і прысутных.

У валейбольным турніры прынялі ўдзел каманды Івацэвіч, Косава, Дабромысленскага сельскага савета, зборная каманда “Змена” з целяханскай зоны. Упартая барацьба за 1-е месца разгарнулася паміж камандамі Івацэвіч і “Змены”. Гульцом “Змены” быў настаяцель храма вёскі Глінная айцец Віктар. Перамогу атрымала каманда Івацэвіч, 3-е месца заняла каманда Дабромысленскага сельскага савета. Усе каманды былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і валейбольнымі мячамі. Лепшым гульцом турніру стаў валейбаліст Аляксандр Шэрка з каманды Івацэвіч, якому быў уручаны памятны сувенір.

На высокім узроўні настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксей Суржык правёў турнір па настольным тэнісе. У гэтым спартыўным мерапрыемстве прынялі ўдзел 17 тэнісістаў. 1-е месца заняў Андрэй Канановіч з вёскі Краі, на 2-м — Арцём Чарота з Івацэвіч, на 3-м месцы Аляксандр Шчурко з вёскі Святая Воля. Пераможца турніру Андрэй Канановіч быў узнагароджаны каштоўным сувенірам і граматай, а прызёры — граматамі.

Асабліва многа балельшчыкаў сабралася каля стала, дзе праходзіла цікавая і напружаная барацьба за перамогу ў армрэслінгу. 1-е месца заняў Вадзім Шаўчук, 2-е — Арцём Канявега з вёскі Дабромысль, 3-е месца дасталася Андрэю Канановічу з вёскі Краі. Усе яны былі ўзнагароджаны граматамі, а пераможца — памятным падарункам. Спонсарскую дапамогу ў правядзенні спартыўнага свята аказалі аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Дабромысленскі сельскі савет, РК ГА “БРСМ”, філіял “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы”. Хочацца выказаць словы падзякі галоўным суддзям спартыўнага свята Аляксандру Сплендзеру і Аляксею Суржыку. Падчас закрыцця турніру ўсім камандам быў уручаны салодкі прыз — каравай ад РК   ГА “БРСМ”.

Сцяпан КУНІЦКІ,
старшыня прафкама
Дабромысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна.