Спроба пяра

- 16:53Нам пішуць

Паэты — людзі шчаслівыя. Яны ўспрымаюць свет асабліва: абвострана, усімі пачуццямі. Яны здольныя ўбачыць і паказаць прыгожае ў штодзённым, звычайным.

Юныя паэты ёсць і ў нашай школе. І пасля пасля першых спроб пяра ў іх узнікла шмат пытанняў: “Што рабіць далей? Як зразумець: добра напісана ці не вельмі?” Адказы вучні атрымалі ў клубе “Юныя паэты”, якім кіруе настаўніца рускай мовы і літаратуры Марына Іванаўна Сявец. Цяпер клуб наведваюць 12 вучняў ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў. Вядома, не ўсе з іх стануць сапраўднымі творцамі слова, магчыма, і ўвогуле ніхто. Аднак развітыя творчыя здольнасці і атрыманыя веды, без сумнення, будуць карысныя. Неаднаразова члены клуба бралі ўдзел у конкурсах раённага ўзроўню і атрымлівалі перамогі.

Клуб “Юныя паэты” дапамагае дзецям прыадчыніць дзверы толькі ў першую залу казачнага палаца Паэзіі. Наперадзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак дарослае жыццё. Але толькі той дарослы здольны да творчай дзейнасці, які ў дзяцінстве спазнаў незвычайна салодкае пачуццё радасці ад таго, што ён нешта зрабіў сваімі рукамі, сам прыдумаў, сам напісаў…

15 мая вучаніца з нашай школы Аляксандра Нагорная паўдзельнічала ў фінале рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў і школьнікаў “БрамаМар”. З вялікім задавальненнем Аляксандра брала ўдзел у адкрытым дыялогу, слухала вершы сваіх аднагодак і чытала свае. А майстар-клас Арцёма Кавалеўскага, паэта, перакладчыка, выкладчыка БДУ, натхніў на новыя ідэі, на стварэнне новых твораў.

Пажадаем поспехаў юным паэтам!

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.