Старое і новае пра Стары Новы год

- 11:40Навіны рэгіёнаў

Аднойчы на класнай гадзіне, прысвечанай сямейным святам і традыцыям, высветлілася, што адным з самых любімых свят у дзяцей і дарослых з’яўляецца Стары Новы год, дакладней, яго пярэдадзень, які ў розных рэгіёнах краіны называецца па-рознаму: “Ваджэнне казы”, Шчадроўкі, Каляды.

Традыцыя адзначаць Стары Новы год узнікла пасля 1918 года. Розніца паміж юліянскім календаром (старым стылем) і грыгарыянскім календаром (новым стылем) стала складаць 13 дзён, дзякуючы чаму і з’явілася гэтае ўнікальнае свята. Як расказалі Ігнацію Драздову і Дар’і Дзегцяровай (членам навуковага таварыства навучэнцаў “Чароўны ключ” Жгунскай сярэдняй школы) старажылы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, раней звычаю абходу двароў з віншаваннямі папярэднічала доўгая падрыхтоўка. Людзі запасаліся прадуктамі, гаспадыні старанна прыбіралі хаты і гаспадарчыя будынкі, усе мыліся ў лазні, апраналіся ў новае, чыстае адзенне. На стале павінны былі быць куцця і ўзвар, а ежа вельмі сытнай, мясной. Куццю нашы продкі варылі, як правіла, з пшаніцы, а зараз выкарыстоўваюць рыс, ячныя крупы, а ўзвар — гэта кампот з сушаных яблыкаў і груш. Напярэдадні свята дзеці і моладзь, збіраючыся ў каго-небудзь у доме, рыхтавалі маскі і касцюмы жывёл.
У вёсках і сёлах групкі моладзі выбіралі самую прыгожую дзяўчыну — Шчодру. Надзявалі на яе вянок з каляровымі стужкамі. На чале са Шчодрай працэсія хадзіла па вёсцы і спявала шчадроўкі, якія пачыналіся са слоў “шчодры вечар”, “добры вечар”. Працэсія складалася з пераадзетых, якія паказвалі коз, кароў, мядзведзяў і іншых жывёл, што сімвалізавалі здароўе і дастатак. Абавязкова выбіралі механошу, гэта значыць чалавека, які насіў мяшок, у які збіралі пачастункі. Падарункі ад гаспадароў у рукі браць было нельга, іх кідалі ў мяшок, а яго трэба было пашыць з яркай тканіны і ўпрыгожыць зоркамі, сонцам і месяцам — абавязковымі атрыбутамі свята.
Нашы продкі верылі: ад таго, як сустрэнуць гаспадары першыя дні года, залежыць іх будучае жыццё. Гаспадары чакалі дарагіх гасцей з нецярплівасцю і загадзя пяклі абраднае пячэнне і піражкі. За шчодрыя гасцінцы шчадроўшчыкі праслаўлялі гаспадароў, скупым жа спявалі дакорлівыя песні. Гаспадары стараліся не скупіцца на пачастункі, каб наступны год быў добрым. Лічылася, што небагаты чалавек, не маючы дастатковай колькасці прадуктаў, павінен быў адчыніць дзверы першым тром групкам і абдарыць іх, а потым ужо мог не адчыняць дзверы. У лік падарункаў за віншаванні і пажаданні здароўя і дабрабыту ўваходзілі пячэнне, пернікі, бліны, каўбаса, сала, семкі, арэхі, дробныя грошы. Зачыніць перад спяваючай працэсіяй дзверы азначала наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку.
Параўнанне традыцыйнага і сучаснага падыходу да свята паказвае, што многае перайначылася. У канцы ХХ стагоддзя адбылося змяшанне святкавання Каляд і Шчодрага вечара. Гэта прасочваецца ў першую чаргу па датах: калядавалі з 6 на 7 студзеня, пад Каляды, а шчадравалі з 13 на 14 студзеня. Зараз у калядную ноч у нашай мясцовасці калядоўшчыкі не ходзяць, але ў песні, якую спяваюць пад стары Новы год перасяленцы з вёскі Бярозкі Добрушскага раёна, згадваецца Нараджэнне Хрыстова. Адзначым, што ў вёсцы Дударава менавіта калядуюць.
Адбылася страта эстэтычнага складніка: вялікая рэдкасць убачыць пераадзетых у коз, мядзведзяў, коней, якія разыгрывалі б паміранне і адраджэнне казы, скокі мядзведзя. Пры гэтым сустракаюцца загрыміраваныя шчадроўшчыкі ў бліскучых парыках, масках, шапках Санта Клауса, гэта значыць адбылося асучасніванне традыцыі. Страчана бытавая функцыя, звязаная з пажаданнем у новым годзе добрага ўраджаю і прыплоду. Калі раней, па традыцыі, пачастункі збіраў механоша, то зараз кожны шчадроўшчык у групе ходзіць са сваім пакетам і не абавязаны дзяліцца. Даўней для свята і пачастунку пяклі спецыяльныя піражкі. Зараз гаспадары ў асноўным раздаюць цукеркі і грошы.
Большасць успрымае свята як гулянне, магчымасць бясплатнага пачастунку, не ўкладваючы асаблівага сэнсу ў спевы і пажаданні. Прычым песні ўжо не спяваюцца, а часцей выкрыкваюцца, перапыняюцца, як толькі гаспадар адчыняе дзверы. Традыцыйна абавязкова трэба спець у доме, а не за парогам, інакш пажаданне не будзе мець сілы. Адбыліся змены ў сутнасці і эстэтычным характары святкавання Старога Новага года, тэксце і змесце песень, адносінах да свята. Неабходна адрадзіць у сэрцах людзей павагу да народных традыцый, і мы спадзяёмся, што тыя, хто пазнаёміцца з нашым даследаваннем, больш абдумана паставіцца да гуляння ў Шчодры вечар. Вясёлых вам свят!

Людміла АТРОШЧАНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Жгунскай сярэдняй школы
Добрушскага раёна.