Стаць чэмпіёнам за 18 секунд

- 9:00Спартыўныя падзеі

У Мінску прайшоў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На “Чыжоўка-Арэне” сустрэліся спартсмены старэйшай узроставай групы (2006—2007 г.н.) з дывізіёна А. У ім выступаюць прадстаўнікі гарадоў і раёнаў, дзе ёсць крытыя лядовыя арэны.

З 91 каманды ў фінальны этап прайшлі 8: “Атлант” (Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці), “Паўночныя Рысі” (Віцебск), “Металург Жлобін” (Жлобінскі раён Гомельскай вобласці), “Прынёманскія Ястрабы” (Кастрычніцкі раён Гродна), “Шахцёр” (Салігорскі раён Мінскай вобласці), “Тарнада” (Заводскі раён Мінска), “Партызан” (Партызанскі раён Мінска) і “Міраж” (Горкі Магілёўскай вобласці).

“Тарнада” і “Партызан” з першага дня спаборніцтваў паказалі, што будуць змагацца за залатыя медалі. На групавым этапе каманда Заводскага раёна Мінска разграміла “Прынёманскіх Ястрабаў” з лікам 7:2, “Атлант” — 9:1 і “Міраж” — 9:2. “Партызан” выступіў не менш феерычна: абыграў “Паўночных Рысей” — 10:5, “Металург” — 9:4 і “Шахцёр” — 8:1.

Сустрэча каманд за 1-е месца яшчэ да яе пачатку была цікавай. Па-першае, “Тарнада” і “Партызан” гулялі некалькі тыдняў назад у фінале гарадскога этапу спаборніцтваў. Каманда Партызанскага раёна абышла сапернікаў на адну шайбу (4:3) і хацела паўтарыць вынік. Па-другое, “Тарнада” ў мінулым годзе стаў чэмпіёнам рэспубліканскага турніру і хацеў абараніць тытул.

Фінал атрымаўся напружаным. Ужо на першай хвіліне хакеісты “Партызана” адкрылі лік, а ў канцы перыяду сапернікі адказалі закінутай шайбай. У другім перыядзе “Партызан” зноў выйшаў наперад, але ў трэцім не змог у­трымаць перавагу. За 2 мінуты да канца матча лік зраўняўся — 2:2, за 18 секунд да канца “Тарнада” выбіў перамогу — 3:2.

“Каманды па ўзроўні і сіле цалкам аднолькавыя. Адназначна сказаць перад гульнёй, хто выйграе, было немагчыма. Нам у фінале крыху больш пашанцавала: сапернікі не забілі, а мы ўдала закінулі. Быў момант, калі ў трэцім перыядзе мы біліся як у сценку, нічога не атрымлівалася, але хлопцы праявілі характар, волю, сэканомілі сілы, каб у канцы штурмаваць саперніка, — гаворыць трэнер “Тарнада” Іван Начаўны. — Пасля такіх гульняў адчуваеш эмацыянальнае спусташэнне, таму што кідаеш на іх усе сілы і пачуцці. Дзеці былі задаволены перамогай, мы яе адсвяткавалі з бацькамі. Зараз спартсмены адпачываюць, аднаўляюцца, пару дзён я іх не турбую”.

Лепшым варатаром турніру прызналі Георгія Селюна (“Партызан”), лепшым абаронцам — Мікіту Меха (“Тарнада”), лепшым нападаючым — Станіслава Баброва (“Партызан”), лепшым бамбардзірам — Станіслава Жыляніна (“Тарнада”, 14 галоў і 4 галявыя перадачы).

“Гэта велізарная радасць для дзяцей і трэнерскага штаба, — гаворыць галоўны трэнер “Тарнада” Іван Начаўны. — Думалі, што ў фінале можам зноў згуляць з “Партызанам”, і вельмі хацелі ўзяць рэванш. Гульня атрымалася ўпартай, нервовай. Хлопцы ў канцоўцы выцягнулі перамогу, хоць мы ўжо ў думках рыхтаваліся да авертайма. Але наш бамбардзір Станіслаў Жылянін дасягнуў поспеху. Малайчына, Стас! Малайцы і астатнія гульцы!”

“Бронзу” спаборніцтваў павёз “Металург Жлобін”, 4-е месца занялі “Прынёманскія Ястрабы”, 5-е месца —“Шахцёр”, 6-е — “Атлант”, за ім размясціліся “Міраж” і “Паўночныя Рысі”. У сімвалічную пяцёрку турніру трапілі Арцём Давічэўскі (“Атлант”), Кірыл Бялько (“Шахцёр”), Ілья Сядлецкі (“Прынёманскія Ястрабы”), Кірыл Боўтраль (“Металург Жлобін”) і Аляксандр Сінякоў (“Паўночныя Рысі”).

“Спаборніцтвы вельмі хуткія. Здаецца, толькі пачаліся, а ўжо канец. Гэта хутчэй мінус, чым плюс, — разважае Іван Сяргеевіч. — Дзеці павінны часцей атрымліваць гульнявую практыку, а ў нас раз на год яны на гарадскім этапе гуляюць 4—5 матчаў. Калі прахо­дзяць у фінал, то яшчэ прыкладна столькі ж. 8—10 афіцыйных гульняў за цэлы год — гэта мала. Хацелася б, каб “Залатая шайба” праводзілася як рэгулярны чэмпіянат, каб быў плэй-оф, таму што дзеці вельмі прагныя да гульняў”.

На гэтым хакейны турнір не заканчваецца, наперадзе спартсменаў і балельшчыкаў чакаюць яшчэ тры фіналы. Спартсмены малодшай узроставай групы дывізіёна А сустракаюцца 10—13 сакавіка ў Бабруйску, старэйшай і малодшай узроставых катэгорый дывізіёна Б (каманды з гарадоў і раёнаў, дзе няма крытых лядовых арэн) — 18—20 і 25—27 сакавіка ў Мінску.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Марыі КОЖДАН.