Ствараючы ўмовы для самарэалізацыі вучняў і педагогаў

- 11:45Планёрка ў рэгіёне

Адукацыйная прастора Віцебскага раёна пабудавана на дзейснай аснове і арыентавана на стварэнне ўмоў для самарэалізацыі навучэнцаў і педагогаў, фарміраванне патрэбы ў развіцці і самаразвіцці. У сувязі з гэтым пільная ўвага ўдзяляецца выпрацоўцы агульных вучэбных уменняў, якія дапамогуць выпускніку адаптавацца да любых жыццёвых сітуацый. Пра гэта расказала госць “Суботняй планёркі” начальнік аддзела па адукацыі Віцебскага райвыканкама Вольга Іванаўна РАЗАНАВА.

— Новыя задачы адукацыі знахо­дзяць сваё  вырашэнне ў творчых праектах навучальных устаноў, — расказвае Вольга Іванаўна. — Так, на базе Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы рэалізоўваецца раённы праект “Музей хлеба”. Ідэя стварыць такі праект узнікла два гады назад з невялікай экспазіцыі пад назвай “Ад зярнятка да каравая”. Улічваючы спецыфіку Віцебскага раёна як сельскагаспадарчага і перадавога па вырошчванні збожжавых культур, быў адкрыты музей. Усё ў ім створана сіламі педагогаў раёна. На экспазіцыі прадстаўлена багацце хлябоў, караваяў, пернікаў, булачак і арт-аб’екты. Распрацаваны інтэрактыўныя гульні для дзяцей, квест-экскурсіі для дарослых, сезонныя абрадавыя мерапрыемствы, арганізоўваюцца майстар-класы па выпечцы хлеба, вырабе лялек-абярэгаў Крупенічак і снапоў Дзідухоў.

Цікавы і яшчэ адзін праект, які рэалізоўвае Ноўкінская сярэдняя школа, — гэта музей космасу, што быў урачыс­та адкрыты 30 сакавіка 2019 года да 85-год­дзя Юрыя Гагарына. У выніку супра­цоўніцтва гэтай установы з Земгальскай сярэдняй школай самакіравання Даўгаўпілскага краю Латвіі быў распрацаваны праект “Пашырэнне патэнцыяльных магчымасцей шляхам стварэння двухбаковай сеткі супрацоўніцтва “Земгале — Ноўка”. На рэалізацыю гэтага праекта быў атрыманы грант Еўрапейскага саюза. Па выніках работы ў Ноўкінскай школе пабудаваны лічбавы планетарый, астранамічная пляцоўка для тэлескопа, камп’ютарны клас абсталяваны манаблокамі.

Цікава, што пры музеі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Астрэй”. Юныя астранаўты вывучаюць астраномію, астрафізіку, наведваюць лекцыі аб найноўшых тэхналогіях касмічнай галіны, супрацоўнічаюць з клубам “Геліяс” Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Ноўкінская школа лічыцца адным з лідараў праекта “На шляху да ўстойлівага развіцця”. Ноу-хау ноўкінскіх школьнікаў заключаецца ў сумяшчэнні практычнай экалогіі і краязнаўства. Школа прымала ўдзел у экалагічным форуме, па выніках якога атрымала грант у памеры 3000 еўра, што дазволіла адкрыць у ёй фітабар.

Раённы праект “Квітней, Янавіччына!” па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы адукацыі і гарадскога пасёлка Янавічы праз рэалізацыю ландшафтных праектаў школьнага эколага-края­знаўчага даследчага цэнтра “Янавічане” прымеркаваны да Года малой радзімы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца тут дзейнасці школьнага экалагічнага атрада пры ЭКДЦ і  фларыстычнага тэатра мод “Спадчына”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 57, 25 мая 2019 года.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.