Стыпендыі — лепшым студэнтам

- 10:28Вышэйшая школа

Сучасная эканамічная і сацыякультурная сітуацыя ў краіне патрабуе ад сістэмы вышэйшай адукацыі падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія змогуць браць ініцыятыву ў свае рукі. Менавіта такімі спецыялістамі-пачаткоўцамі можна назваць пяцярых студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, якія атрымалі стыпендыі Пріорбанка.

Стыпендыі Пріорбанка ўжо на працягу некалькіх гадоў прызначаюцца лепшым студэнтам старшых курсаў дзённай формы навучання і выплачваюцца ім на працягу вучэбнага семестра. Галоўнымі крытэрыямі адбору маладых людзей, па словах намесніка старшыні праўлення Пріорбанка Сяргея Шышова, з’яўляюцца высокая паспяховасць і актыўны ўдзел у навукова-даследчай працы.

— Мы разумеем, што асоба настаўніка ў наш час з’яўляецца ключавой фігурай, бо ён працуе з будучыняй краіны — дзецьмі, выхоўвае іх, — звярнуўся да маладых людзей рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Спадзяёмся, што стыпендыя падтрымае вас, натхніць на прафесійны рост і самаўдасканаленне і што ўсе вы станеце кваліфікаванымі педагогамі. Беларусь — гэта ІТ-краіна. Каб будаваць яе далей, трэба шмат працаваць. Вялікае месца тут адводзіцца настаўнікам матэматыкі, фізікі і інфарматыкі, бо менавіта ў школе закладваецца цікавасць вучняў да дакладных навук.

Сярод узнагароджаных — студэнткі 3 курса фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Аксана Куркузава, Ганна Сокал, Вольга Лявонава і чацвёртакурсніца Любоў Меснік. А Кірыл Сафранчук атрымаў стыпендыю ўжо другі раз.

— Нам проста падабаецца тое, што мы робім, таму і атрымліваюцца такія высокія вынікі ў вучобе, — падзяліліся ўзнагароджаныя. Любоў Меснік пераканана, што галоўная ўмова поспеху — уласная матываванасць, а для Кірыла Сафранчука гэта граматна спланаваны час і правільна расстаўленыя прыярытэты на карысць дакладных навук.

Студэнты, імклівы поспех якіх адзначаны стыпендыяй Пріорбанка, упэўнены, што для мэтанакіраваных людзей няма таго, чаго нельга дасягнуць.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.