Сучасны свет адкрыты перад маладымі

- 15:22Навука і інавацыі

Сківічна-тварны хірург вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Арына Аляксандраўна Кабанава ўзначальвае калектыў кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту і сківічна-тварнай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Абавязкі загадчыка кафедры, штодзённыя заняткі са студэнтамі, аперацыі, вядзенне палаты, пацыенты, кансультацыі — рабочы графік змяшчае столькі падзей, што, здаецца, хвіліны вольнай няма. Тым не менш Арына Аляксандраўна знаходзіць час і на навуку — не толькі займаецца даследаваннямі, але і кіруе Саветам маладых вучоных універсітэта.

— Вельмі люблю сваю спецыяльнасць, — прызнаецца віцяблянка. — Пасля заканчэння стаматалагічнага факультэта і клінічнай ардынатуры ў Віцебску вучылася ў аспірантуры БДМУ, абараніла кандыдацкую дысертацыю, цяпер працую над доктарскай. Сваю танцавальную і трэнерскую кар’еру завяршыла адразу пасля ўніверсітэта. Спорт прывучыў мяне імкнуцца да высокіх дасягненняў, і я прыняла гэтае нялёгкае рашэнне, таму што немагчыма рухацца адначасова ў двух напрамках, паўмер быць не можа. Хаця назусім са спортам не развіталася — займаюся ёгай, бегаю, падарожнічаю.

Расказваючы аб сваёй прафесіі, Арына Кабанава акцэнтуе ўвагу: сківічна-тварная хірургія, безумоўна, звязана з пэўнай рызыкай, верагоднасцю ўзнікнення розных ускладненняў — а значыць, з магчымасцю рэалізаваць сябе як асобу, здольную пераадольваць ваганні і страх, у стрэсавай сітуацыі хутка знаходзіць аптымальнае рашэнне. Да таго ж сківічна-тварная хірургія — эстэтычная галіна, дзе трэба быць не толькі дасведчаным спецыялістам і віртуозным маніпулятарам-хірургам, але і творцам, у пэўнай ступені мастаком.

— Медыцына звязана з пастаянным развіццём, — гаворыць Арына Аляксандраўна. — Хто хоча развівацца, даведвацца пра нешта новае і спрабуе ўкараніць, так ці інакш прыходзіць да навукі: новае паасобку ад навукі быць не можа, гэтая сувязь непарыўная. Я не ўяўляю сябе па-за навукай у прафесіі, бо атрыманне новых ведаў, а тым больш вынаходніцтва, адкрыццё — надзвычай моцная эмоцыя, захапленне, якое ніколі не адпускае і не дазваляе патануць у руціне.

Навуковыя інтарэсы Арыны Кабанавай рознабаковыя. Асноўны кірунак тэматычна звязаны з кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі: лячэнне гнойна-запаленчых захворванняў сківічна-тварнай вобласці, распрацоўка рацыянальных схем тэрапіі антыбіётыкамі, хірургічнай тактыкі, патагенетычных метадаў лячэння. Акрамя таго, цікавіць усё звязанае з удасканальваннем існуючых метадаў хірургічнага лячэння дзяцей з прыроджанай паталогіяй сківічна-тварнай вобласці. На думку Арыны Кабанавай, гэта вельмі цікавы напрамак, у якім можна развівацца ўсё жыццё.

— Магчымасці для развіцця ёсць у кожнага маладога вучонага, — лічыць Алена Аляксандраўна. — На жаль, не ўсе мы ўмеем імі карыстацца. Мая прыярытэтная задача як старшыні Савета маладых вучоных ВДМУ — паказаць моладзі гэтыя магчымасці. Мы прывыклі апраўдваць сваю бяздзейнасць тым, што нам нібыта мала дапамагаюць у фінансавым плане, нешта не дадалі ці кудысьці не накіравалі. Думаю, мы пераходзім ужо ад гэтага мыслення да разумення, што ўсё ў нашых руках. Марыш аб грантавай падтрымцы і стажыроўках за мяжой — удзельнічай у міжнародных праектах і праграмах. Сёння маладому вучонаму даступна супрацоўніцтва з калегамі з усяго свету. Адзіная складанасць — трэба ведаць мовы, у прыватнасці англійскую. Калі гаварыць пра наш універсітэт, то кіраўніцтва заўсёды гатова зрабіць крок насустрач. Толькі за апошні год атрымала падтрымку наша ініцыятыва аб правядзенні двух конкурсаў — на ўніверсітэцкі навуковы стартап-грант і на атрыманне трэвэл-гранта (праходжанне стажыроўкі за мяжой па навуковым напрамку або клінічнай спецыяльнасці). Гэта паказальныя, але звычайныя прыклады. Магчымасці ёсць. Цяпер самае галоўнае — жаданне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.