Сумесная справа ідзе на карысць

- 10:33Навіны рэгіёнаў

У рэспубліканскім суботніку актыўны ўдзел прынялі непаўналетнія, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і патрабуе да сябе павышанай педагагічнай увагі.

Як паведамілі ў камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама, амаль 1,3 тысячы падлеткаў дапамагалі добраўпарадкоўваць месцы воінскіх пахаванняў у Брагінскім, Веткаўскім, Добрушскім, Ельскім (на фота), Жлобінскім і іншых раёнах Гомельшчыны.

У Жыткавіцкім раёне падлеткі ўдзельнічалі ў пасадцы дрэў у мікрараёне Азёрны, дзе закладзены парк сямейных дрэў. Акцыя “Зробім школьны двор чысцейшым” аб’яднала непаўналетніх у Калінкавіцкім раёне. У г.п.Карма падлеткі ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі храма. У Лельчыцкім і Мазырскім раёнах выкананы работы па навядзенні парадку ў скверах. Працавалі таксама ў парку “Фестывальны” і на тэрыторыі вакол мемарыяла воінам-інтэрнацыяналі­стам у Савецкім раёне Гомеля.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.