Сумо для робатаў — перамога для юных тэхнікаў

- 14:22Навіны рэгіёнаў

З узнагародамі вярнуліся юныя жодзінцы з IV Міжнароднага фестывалю па робататэхніцы FERREXPO ROBOT FEST, які прайшоў у горадзе Гарышніе Плаўні ва Украіне.

Павел Гваздоў, Іван Герасімовіч, Аляксей Меляшкевіч і Мікіта Касцянка займаюцца робататэхнікай у філіяле “ТэхнаАрт” Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і мола-дзі Жодзіна. Спасцігаць свет робатаў ім дапамагае трэнер Вольга Ягораўна Герасімовіч, якая і стала кіраўніком каманды, што адправілася на міжнародны турнір.

Фестываль FERREXPO ROBOT FEST штогод запрашае творчых і таленавітых дзяцей і дае ім магчымасць праявіць сябе, знайсці новы напрамак развіцця, пазнаёміцца з аднадумцамі. На фестывалі можна было ўбачыць спаборніцтвы па сумо, слаламе, робафутболе. Таксама ўдзельнікам прапаноўвалася выстава-конкурс LEGO-творчасці, разнастайныя майстар-класы і экскурсіі.

Жодзінская каманда са сваімі робатамі ўзяла ўдзел у спаборніцтвах “Кіруемае робасумо”. Супрацьстаялі ім 23 каманды. Сутнасць спаборніцтва — з дапамогай робата-сумаіста выпхнуць робата-саперніка за межы рынга.

У асабістым заліку юныя жодзінцы ўвайшлі ў дзясятку лепшых. А ў камандным заліку ў намінацыі “Канструюем будучыню разам” атрымалі “Дыплом за перамогу” і шлем віртуальнай рэальнасці ў якасці прыза.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі з архіва ўдзельнікаў мерапрыемства.