Сур’ёзная навука пачынаецца ва ўніверсітэце

- 11:04Вышэйшая школа

Учора ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XXIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. У мерапрыемстве прыняў удзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

“Найперш дазвольце павіншаваць вас ад імя ўсяго міністэрства, — звярнуўся да прысутных Вадзім Анатольевіч. — Мне вельмі прыемна бачыць у зале столькі матываванай і мэтанакіраванай моладзі. Мы разумеем значнасць першых крокаў у навуцы. Многае залежыць ад старту, ад умоў, створаных ва ўніверсітэце. Сучасны ўніверсітэт — гэта сплаў адукацыйнай і навуковай дзейнасці, таму ў кожнага ёсць шанс рэалізаваць самыя смелыя навуковыя даследаванні і задумы. Хацеў бы падзякаваць усім выкладчыкам, навуковым кіраўнікам, без якіх поспех на конкурсе быў бы нерэальным”.

Да віншаванняў далучыліся старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь Генадзь Пальчык, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін, якія не раз падкрэслівалі, што пераможныя навуковыя даследаванні студэнтаў вартыя працягу як мінімум у кандыдацкіх работах. Сур’ёзная навука пачынаецца ва ўніверсітэце. Лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу — яркае пацвярджэнне гэтага.

У XXIII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў прынялі ўдзел студэнты і выпускнікі 58 устаноў вышэйшай адукацыі і філіялаў. Усяго на рэспубліканскім этапе конкурсу ўдзельнічала амаль 4 тысячы работ, калі быць дакладным — 3768.

Найбольш актыўны ўдзел у конкурсе прынялі студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (344 работы), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (252 работы), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (240), Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (227).

Варта адзначыць, што сярод аўтараў работ ёсць студэнты ўсіх курсаў (ад першага да магістратуры). Больш за трэць аўтараў (38%) — выпускнікі УВА (1548 чалавек), магістрантаў — 585, студэнтаў і курсантаў — 1965. Радуе, што студэнты 1 курса таксама ўдзельнічаюць у конкурсе. На гэты раз іх было 19, 11 з іх — студэнты БНТУ.

Па выніках конкурсу званне лаўрэата атрымалі 70 навуковых прац. 64 навуковыя працы падрыхтаваны індывідуальна, 6 — у суаўтарстве. У выніку лаўрэатамі сталі 76 чалавек. Першую катэгорыю атрымалі 647 навуковых прац; другую — 1343 навуковыя працы, трэцюю — 934 навуковыя працы.

Вынікі ўсіх конкурсных работ ужо апублікаваны, яны прадстаўлены на міжнародных канферэнцыях, укаранёны ў вучэбны працэс і вытворчасць. Усяго ўдзельнікамі конкурсу апублікавана больш за 7,5 тысячы артыкулаў (з іх лаўрэатамі конкурсу сталі 464) і больш за 5,5 тысячы тэзісаў дакладаў (з іх лаўрэатамі конкурсу сталі 255).

Укаранёны ў вытворчасць і вучэбны працэс больш за 5000 распрацовак (з іх лаўрэатамі конкурсу з’яўляюцца 159), атрымана 122 дакументы інтэлектуальнай уласнасці — патэнты, рацыяналізатарскія прапановы, заяўкі на выдачу патэнта (з іх лаўрэатамі конкурсу з’яўляюцца 9).

Якасць конкурсных работ студэнтаў у значнай ступені вызначаецца прафесіяналізмам іх навуковых кіраўнікоў. У гэтым годзе іх было амаль 3 тысячы. Былі адзначаны студэнты і навуковыя кіраўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія падрыхтавалі 10 работ (іх аўтары ўдастоены звання лаўрэата конкурсу), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якія падрыхтавалі 5 такіх работ, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якія падрыхтавалі па 4 такія работы. Па 3 пераможныя працы са сваімі студэнтамі падрыхтавалі выкладчыкі БДТУ, БДУІР, ГДУ імя Францыска Скарыны, ГрДМУ.

Асобна хочацца спыніцца на гаспадарах урачыстай цырымоніі — Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Як заўважыў рэктар Ігар Войтаў, на сёння БДТУ — буйны навуковы цэнтр. Толькі ў 2016 годзе агульны аб’ём фінансавых сродкаў на развіццё навуковых даследаванняў склаў больш за 3 млн рублёў. Вынікі 71 навуковай распрацоўкі былі ўкаранёны на прадпрыемствах, 131 — у вучэбны працэс.

Ва ўніверсітэце дзейнічае 18 навукова-педагагічных школ, існуе 5 саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, дзейнічае 95 студэнцкіх навуковых лабараторый. Ад універсітэта пададзена 6 заявак на вынаходствы. На рахунку навучальнай установы — 50 узнагарод па выніках удзелу ў міжнародных конкурсах.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.