Свята для мамы

- 15:23Нам пішуць

З 9 па 14 кастрычніка ў Навадворскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна праходзіў тыдзень маці. У пачатку тыдня была аформлена выстава “Усё на Зямлі пачынаецца з мамы”. На працягу шасці дзён ладзіліся інфармацыйныя і класныя гадзіны: “Дзень маці” з гісторыі свята, “Прафесіі нашых мам”, “Беражыце бабуль і матуль”, “Летапіс маёй сям’і”, экскурсіі на працоўныя месцы матуль. Вучні і педагогі школы выпусцілі газету “Са святам!”, у якой напісалі пяшчотныя і ласкавыя словы сваім матулям.

У пятніцу быў праведзены ўрок “Здаровая нацыя — здаровая сям’я”. У святочны суботні дзень у рамках праекта “Шосты дзень не лішні — шосты дзень карысны” і тыдня маці ў школе прайшоў круглы стол “Быць маці — вялікае шчасце, але і вялікая адказнасць”. На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнік спраў сельскага выканаўчага камітэта В.Ч.Лісоўская, урач Навадворскай амбулаторыі Д.Ф.Чмак, загадчык Навадворскай бібліятэкі — цэнтра краязнаўства С.М.Ганчарэвіч, загадчык сельскага філіяла-клуба аграгарадка Новы Двор Я.І.Штоп і мамы вучняў. Удзельнікам сустрэчы былі прапанаваны пытанні для абмеркаваня. Госці адказвалі на іх, дзяліліся сваім вопытам і давалі парады. На мерапрыемстве прысутнічала таксама Т.С.Пажарыцкая, якая нядаўна стала мнагадзетнай маці. Закончылася мерапрыества за кубкам чаю. Пасля ўсе госці былі запрошаны на святочны канцэрт “Са святам, нашы мамы!”, які падрыхтавалі школьнікі.

Паважаныя матулі! Няхай на вашым твары не знікае ўсмешка, рукі баляць толькі ад букетаў кветак, дзеці будуць паслухмянымі, а мужчыны ўважлівымі! Няхай сямейны ачаг заўсёды ўпрыгожваюць утульнасць, дастатак і любоў!

Таццяна САЎКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.