Свята дзіцячай кнігі

- 17:20Нам пішуць

У Масалянскім яслях-садзе — пачатковай школе прайшоў тыдзень дзіцячай кнігі. Дзеці змаглі паўтарыць правілы карыстання кнігамі, прачытаць, як правільна іх выбіраць, азнаёміліся з цікавымі выказваннямі і прыказкамі пра кнігі.

Увазе юных чытачоў на працягу тыдня былі прапанаваны кніжныя выставы “Мая любімая кніга”, “Кнігі пра ўсё на свеце”. Пасля ўрокаў адбылася сустрэча з бібліятэкарам. Яна прайшла ў форме літаратурнай гасцёўні “Агнія Барто — дзецям”. Дзеці расказвалі любімыя вершы дзіцячай пісьменніцы, успаміналі вершы, якія чыталі ў падручніках.

Таксама была арганізавана выстава “Царкоўныя кнігі”, затым адбылася сустрэча з бацюшкам “Біблія — крыніца мудрасці і святла”. Дзеці ўбачылі прэзентацыю пра стваральнікаў славянскай пісьменнасці Кірыла і Мяфодзія, пачулі цікавы аповед аб праваслаўным свяце Радаўніцы.

Усе навучэнцы і педагогі прынялі ўдзел у арганізацыі кніжнай выставы “Самыя вясёлыя кнігі”. Была падрыхтавана віктарына “Дзяўчынкі і хлопчыкі, якія прыйшлі з кніг”. Падчас віктарыны дзеці здзейснілі займальнае падарожжа ў свет казак, сустрэліся з любімымі казачнымі героямі. Падарожнічаючы па кніжным сусвеце, юныя чытачы адгадвалі загадкі, крыжаванкі, рэбусы, шарады.

У суботу адбылося ўрачыстае закрыццё тыдня дзіцячай кнігі. Конкурс чытальнікаў “Мова родная мая ты” спрыяў выхаванню любові да Радзімы, развіццю вуснага маўлення. Усе дзеці актыўна ўдзельнічалі ў інсцэніраванні казак і вершаў “Кніга на сцэне”. Самыя актыўныя, цікаўныя і артыстычныя дзеці былі ўзнагароджаны кнігамі. Імі аказаліся вучні 2 класа Ганна Масько, Алена Ладыжанская і Максім Малчун, вучань 3 класа Арсень Карко і вучаніца 4 класа Ганна Матусевіч.

Свята дзіцячай кнігі ў школе не мае строгіх часавых рамак. Галоўнае, што кожны год яно праходзіць вясной і прыносіць радасць дзецям ад сустрэч з цікавымі кнігамі і іх героямі.

Ірына МАКСІМІК,
настаўніца пачатковых класаў Масалянскага ясляў-сада — пачатковай школы.