Свята на генетычнай вуліцы

- 12:01Навука і інавацыі

У Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій. Па словах старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Гусакова, падраздзяленне стане ключавым не толькі для НАН, але і для краіны. Заглянем у яго лабараторыі.

Надзея Рабаконь.

— Цэнтр стварае прынцыпова новыя магчымасці. Мы і дагэтуль паспяхова дапамагалі медыкам, спартсменам, селекцыянерам, крыміналістам і эколагам, але цяпер гэтая дзей­насць выходзіць на якасна новы ўзровень. Лабараторыі адпавядаюць найвышэйшым сусветным стандартам, што дазволіць нам павялічыць аб’ём работ удвая, — адзначыў намеснік старшыні Прызідыума НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Кільчэўскі. — Сёння генетыка ўсюдыісная, патрэбная літаральна ўсім. Я думаю, што пройдзе 10­15 гадоў і без генетычнага пашпарта будзе немагчыма ўявіць сябе. Таму сённяшняя падзея — свята на генетычнай вуліцы. Спадзяёмся, цэнтр геномных біятэхналогій стане ядром, цэнтрам прыцяжэння для нашых калег-медыкаў, аграрыяў, крыміналістаў і дазволіць выйсці на перадавыя рубяжы су­светнай навукі.

Аляксандр Уладзіміравіч расказаў аб праграме Саюзнай дзяржавы “ДНК-­ідэнтыфікацыя”, якая выконваецца ўжо на працягу чатырох гадоў. Яна скла­даецца з двух на­прамкаў — крыміналістыкі (пошук злачынца на аснове даных малекулярнай генетыкі, вывучэнне знешнасці, узросту, псіхічных асаблівасцей чалавека) і медыцыны (ацэнка схільнасці да спадчынных захворванняў). У планах спецыялістаў — старт яшчэ адной праграмы “ДНК­-ідэнтыфікацыя — 2”. Па словах акадэміка, яна дазволіць не толькі вывучаць чалавека, але і весці даследаванні біялагічных аб’ектаў, што прадухіліць эканамічныя злачынствы (фальсіфікацыю мясных ці рыбных прадуктаў, кра­дзеж драўніны і да т.п.).

Аляксандр Кільчэўскі адзначыў, што на сёння ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН зроблена каля 17 тысяч генетычных пашпартоў. Напрамак запатрабаваны сярод урачоў, бо генетычныя веды спрыяюць па­станоўцы дыягназу і стварэнню персаніфікаванай медыцыны.

Любоў Кундас.

Дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі, член-­карэспандэнт НАН Руслан Шэйко заўважыў, што самы вялікі пашпарт налічвае даныя аб больш як 20 генах. Па словах вучонага, падобныя даследаванні лепш праводзіць да 35 гадоў. Пасля займацца генетычнымі пашпартамі не мае сэнсу, паколькі большасць сур’ёзных хвароб ужо праяў­ляюць сябе і магчымасць прадухілення новых зніжаецца.

Для работы з новым абсталяваннем спецыялісты цэнтра выяз­джалі на стажыроўкі ў Германію, Вялікабрытанію і ЗША. Адным з самых цікавых і рэдкіх апаратаў з’яўляецца рабатызаваная станцыя па вы­дзяленні ДНК. Па словах навуковага супрацоўніка лабараторыі генетыкі чалавека Мікіты Седляра, на этапе выдзялення важна выключыць любую памылку. Станцыя выключае чалавечы фактар, паколькі працуе па спецыяльна напісаных праграмах. Перавага робата — у высокай дакладнасці, аператыўнасці. Для апрацоўкі 24 узораў крыві чалавеку спатрэбіцца 8 га­дзін, робату — 1,5 га­дзіны. Максімальная колькасць, якую можа адначасова змясціць станцыя, — 96 узораў (на вы­дзяленне ДНК машыне спатрэбіцца 2,5 га­дзіны). Таксама абсталяванне можна выкарыстоўваць у іншай рабоце, якая патрабуе дакладнасці ці прапарцыянальнага змешвання рэчываў.

Мікіта Седляр працуе над дысертацыяй, прысвечанай прычынам невыношвальнасці цяжарнасці ў жанчын. Многія навуковыя напрацоўкі ста­нуць асновай для рэкамендацый медыкам. Урачы атрымаюць інструкцыі, выпрацаваныя пад канкрэтны выпадак, у тым ліку дзякуючы станцыі па выдзяленні ДНК.

Знаёмімся з рэспубліканскім банкам ДНК, які мае статус нацыянальнага здабытку. У яго базе — больш за 14 тысяч узораў (з 2013 года яны могуць захоўвацца неабмежаваны час).

Банк мае 4 секцыі: “ДНК чалавека”, “ДНК раслін”, “ДНК жывёл” і “ДНК мікраарганізмаў”. Кожны тэматычны аддзел прадстаўлены калекцыяй узораў ДНК для працяг­лага захоўвання, для навуковых мэт (міжнароднага ці ўнутрырэспубліканскага абмену) і для камерцыйнага захоўвання (тут размяшчаецца біялагічны матэрыял ад фізічных асоб і ўстаноў).

Далей спыняемся ля спецыялістаў Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгад. Падраздзяленне створана ў 2014 годзе пасля далучэння Беларусі да Нагойскага пратакола (дадатак да Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці).

Мікіта Седляр.

— У 1993 годзе была прынята Канвенцыя аб біялагічнай разнастайнасці, якая абвясціла, што расліннасць — не агульнасусветны здабытак, а ўласнасць дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца пэўныя расліны. Такая неабход­насць востра паўстала пасля здарэння ў Эфіопіі, дзе з­-за звышзацікаўленасці касметалагічных кампаній пад пагрозай знікнення апынулася алоэ вера, — расказвае кіраўнік цэнтра Алена Макеева. — Цяпер за захава­насць канкрэтных відаў флоры і фаўны адказвае канкрэтная краіна. І калі суседнія дзяржавы зацікаўлены ў абмене біялагічнымі рэсурсамі, яны заключаюць спецыяльныя пагадненні для таго, каб атрыманыя вынікі (даследаванняў ці іншай дзейнасці) размяркоўваліся пароўну для абодвух бакоў. Мы займаемся прававым рэгуляваннем такіх пытанняў. 

У нашай краіне таксама ёсць расліны, якія вывозяць для даследаванняў (ягады, грыбы і інш.). Так, нядаўна французская касметычная кампанія звярнулася да спецыялістаў для вывучэння карысных уласцівасцей беларускіх чарніц для далейшага ўкаранення ў вытворчасць іх прадукцыі.

Па словах Алены Мікалаеўны, у пачатку гэтай дзейнасці супрацоўнікам патрэбна было вывучыць заканадаўства, якое датычыцца падобных пытанняў, каб выпраца­ваць алгарытм перадачы ці доступу да раслін ў адпаведнасці з нацыянальнымі законамі. Таксама яны змаглі ўнесці прапановы для змянення ці дапаўнення пэўных палажэнняў — так нарадзіўся закон “Аб абыхо­джанні з генетычнымі рэсурсамі”, які знаходзіцца на стадыі разгляду.

Кіраўнік лабараторыі генетычнай і клетачнай інжынерыі Валянціна Лемеш спыніла ўвагу на асаблівасцях правядзення экспертызы рыб сямейства асятровых і прадукцыі з іх. Падраздзяленне ў скла­дзе Рэспуб­ліканскага цэнтра геномных біятэхналогій акрэдытавана на выкананне генетычнай экспертызы рыб і жывёл-­кампаньёнаў.

Ірэна Гілеўская.

Згодна з Канвенцыяй SITES (аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення), пры вывазе і ўвозе ўзораў (на­прыклад, ікры) патрэбен сертыфікат, які пацвердзіць яе прыналежнасць да пэўнай рыбы. Для таго каб правесці аналіз, дастаткова мець ікру і невялікую частку плаўніка для вывя­дзення ДНК.

Дзякуючы дзейнасці лабараторыі, перакрываюцца шляхі браканьерства і фальсіфікацыі (нядобрасумленныя прадпрымальнікі могуць разбаўляць ікру прадуктамі бялковага паходжання). Для таго каб вызначыць сапраўднасць ікры на смак, яе неабходна есці кожны дзень. А паколькі прадукт не самы даступны для спажыўца, падробкі з’яўляюцца ўсё часцей. Лабараторыя — адзіная ўстанова Саюзнай дзяржавы, дзе праводзяцца падобныя экспертызы. Таксама ў планах супрацоўнікаў — праходжанне акрэдытацыі на відавую ідэнтыфікацыю вугра.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.