Свята працы і весялосці

У пачатку сакавіка ўся наша школа, дзеці і дарослыя ўдзельнічалі ў суботніку па ўборцы тэрыторыі. І вось зноў 1 красавіка навучэнцы 5—8 класаў падтрымалі кліч піянерыі раёна і яшчэ раз дружна выйшлі на генеральную ўборку.

У гэтым годзе суботнік для членаў піянерскай дружыны “Пунсовы ветразь” стаў ганаровай місіяй, бо, акрамя даручанай тэрыторыі, школьнікам дасталіся і вельмі адказныя ўчасткі: уборка цэнтра аграгарадка, навядзенне прыгажосці і чысціні ля сажалкі і, самае галоўнае, генеральная ўборка ля мемарыяла-помніка загінуўшым землякам.

Штогод напярэдадні Дня Перамогі мы праводзім работы па добраўпарадкаванні ля мемарыяла, у парку, дзе ў маі адбываецца ўшанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І, вядома, мы заўсёды рады, калі маладое пакаленне адгукаецца на заклікі старэйшых, праяўляе сваю ініцыятыву па ўборцы тэрыторыі, дружна выходзіць на суботнікі.

Дзеці пасля працы сабраліся ў школе і выдатна правялі час, паўдзельнічаўшы ў конкурсна-гульнявой праграме “Разам весела!” для 2—4 класаў. Для 5—8 класаў прайшла забаўляльная праграма “Адкуль прыйшоў смех?”. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі гумарыны.

Так Дзень смеху ператварыўся ў свята весялосці і працы. І, мабыць, болей бы такіх свят, бо “камп’ютарныя” розумы нашага падрастаючага пакалення часам маюць патрэбу і ў звычайнай працатэрапіі.

Святлана ШЧАРБІНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.