Свята прыгажосці, маладосці, творчасці

- 11:17Нам пішуць

Ужо стала традыцыяй напярэдадні Старога Новага года праводзіць свята прыгажосці, маладосці і творчасці “Міс зіма — 2018”. Нішто так не яднае, як агульная справа. У суботні вечар у актавай зале сярэдняй школы № 3 Ашмян сабраліся вучні, настаўнікі і бацькі. Сем дзяўчат прэтэндавалі на тытул “Міс зіма”, але толькі адна была вартая гэтага звання.

Любы конкурс выклікае цікавасць, а калі на сцэне збіраюцца самыя цікавыя, таленавітыя, смелыя, з тонкім пачуццём прыгожага дзяўчаты, то ўсе ў школе становяцца актыўнымі гледачамі. Першым этапам конкурсу была “Візітоўка”. На суд гледачоў былі вынесены відэаролікі-прэзентацыі канкурсантак. Мяркуючы па рэакцыі прысутных у зале, з пачуццём гумару ў канкурсантак усё ў парадку!

Пасля яркага прадстаўлення дзяўчатам было прапанавана прадэманстраваць свае таленты. Удзельніцы паказалі харэаграфічныя, вакальныя і мастацкія здольнасці, кожная раскрылася з нечаканага боку. Вельмі эмацыянальна і відовішчна прайшоў конкурс для аматараў караоке. Усе справіліся з заданнямі годна. Гледачы падтрымлівалі ўсіх удзельніц гучнымі апладысментамі, некаторыя асабліва падрыхтаваныя прынеслі з сабой паветраныя шары, скандзіравалі імёны сваіх герояў.

Галоўны тытул “Міс зіма — 2018” прысвоены Ілоне Гілаш, вучаніцы 9 “А” класа, за крэатыўнасць, чароўнасць, жаноцкасць. Тытул “Першая віцэ-міс” атрымала вучаніца 9 “В” класа Ксенія Патрэпка, тытул “Другая віцэ-міс” — Караліна Трот з 9 “В” класа. Дзякуючы вам, дарагія дзяўчынкі, у школе стала на адно свята больш, а колькасць шчаслівых усмешак павялічылася за адзін вечар на тысячу. Дзякуй усім удзельніцам за свята, якое будзе з намі цэлы год.

Данута ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.