Святочнае прывітанне школьнікам

- 10:39Навіны рэгіёнаў, Рознае

Пачатак новага навучальнага года павінен быць радасным і вясёлым. Так вырашылі ў Мядзеле і зрабілі навучэнцам раёна падарунак — свята “Прывітанне, школьная пара!”. Прывітанне атрымалася яркае і цёплае.

На цэнтральнай плошчы Мядзела сабраліся навучэнцы ўсіх 15 школ раёна, а таксама выхаванцы дзвюх дашкольных устаноў горада. Больш за 500 хлопчыкаў і дзяўчынак акунуліся ў свет забаў і весялосці.

Адкрывала свята канцэртная праграма “Сузор’е талентаў”. На працягу мінулага навучальнага года ў раёне праходзіў аднайменны творчы конкурс для навучэнцаў. Лепшыя конкурсныя нумары сталі ўпрыгажэннем свята ў Мядзеле. Выступоўцаў на сцэне змянілі мадэлі, якія дэманстравалі калекцыі школьнага адзення для заняткаў, спорту і вольнага часу.

На святочнай плошчы размясцілася некалькі выставачных пляцовак. На адной адбывалася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Бенефіс захопленых”, дзе дзеці дэманстравалі шматграннасць сваіх захапленняў. На другой пляцоўцы праходзіла выстава дзіцячых фотаработ, у якіх юныя таленты адлюстравалі яркія моманты свайго летняга адпачынку. На выставе-кірмашы “Junior-майстар” сваімі вырабамі гандлявалі школьныя бізнес-кампаніі. А для тых, хто пакуль не ўмее ствараць такія цудоўныя вырабы, як тыя, што экспанаваліся, але хоча навучыцца, праходзілі майстар-класы “Модны хэнд-мэйд, ці Арыгінальныя рэчы сваімі рукамі”, дзе педагогі вучылі ствараць пацеркі, брошкі, паштоўкі, календары і інш.
На свяце для школьнікаў мноства цікавых заняткаў. Так, для самых актыўных працавалі гульнявая, спартыўная і турыстычная пляцоўкі. На пляцоўцы “Гульнялэнд” дзеці выконвалі заданні квеста. На спартыўнай пляцоўцы прайшлі “Малыя Алімпійскія гульні”, дзе былі разыграны 4 камплекты медалёў, напрыклад, у скачках праз скакалку. Папулярнай стала пляцоўка “Вас запрашае Турландыя”, дзе навучэнцам прапаноўвалі пераадолець міні-паласу перашкод, паставіць палатку, сабраць паходны рукзак. Больш спакойны адпачынак прадугледжваў пленэр юных мастакоў “Феерверк фарбаў”, дзе можна было размясціцца з мальбертам і даць волю фантазіі і творчасці. Пры неабходнасці маляваць дапамагалі выкладчыкі выяўленчага мастацтва.

Самых маленькіх гасцей свята — дашкольнікаў — запрашаў LEGO-горад і чакаў лялечны спектакль у дзіцячай бібліятэцы. Для школьнікаў бібліятэка арганізавала літаратурную віктарыну, яе ўдзельнікі маглі зрабіць сэлфі з любімымі літаратурнымі героямі, якія з’яўляліся ўслед за правільнымі адказамі на пытанні віктарыны. Таксама ўсе жадаючыя маглі наведаць мультсеанс у Доме культуры. А яшчэ бодзі-арт, дабрачынныя акцыі, урокі бяспекі, фітачай, флэш-мобы і многае іншае. Абыякавым да мерапрыемства не застаўся ніхто.

— Гэтае свята — падарунак нашым любімым выхаванцам, па якіх настаўнікі паспелі засумаваць падчас канікул. Так мы віншуем іх з Днём ведаў і выказваем свае цёплыя пачуцці да іх, — расказвае Ларыса Віктараўна Севярын, метадыст раённага метадычнага кабінета. — Нам хочацца, каб у класы і групы дзеці прыйшлі з добрым настроем. Менавіта такі настрой стварыла для іх раённае свята “Прывітанне, школьная пара!”.

Дар’я РЭВА.
Фота Ніны ДАМЕЕНКІ.