“Сябрынка” — творчасці сцяжынка

- 11:00Культура

У Палацы культуры Мінскага аўтамабільнага завода шосты год працуе заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр эстраднай песні “Сябрынка”, які ўжо двойчы пацвердзіў сваё званне і паспеў зарэкамендаваць сябе як адзін з лепшых дзіцячых калектываў не толькі ў Мінску, а і далёка за яго межамі. У чым сакрэт такога поспеху, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак сябруе ў калектыве, дзе іх можна пабачыць і пачуць, а таксама што дапамагае маладому кіраўніку Таццяне Трухан рэалізоўваць як свой творчы патэнцыял, так і сваіх выхаванцаў, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Паўтары сотні талентаў

У верасні 2015 года ў ПК МАЗ узнік новы калектыў — “Сябрынка”, мастацкім кіраўніком якога стала вакалістка Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Таццяна Аляксандраўна Трухан, а харэографам — салістка Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Святлана Пятроўна Даўжэнка. “На тэлеканале “АНТ” быў такі праект — “Я спяваю!”, у двух з пяці сезонаў я працавала педагогам па вакале разам са Святланай Стацэнка — мастацкім кіраўніком Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г.Мулявіна. І яна пасля завяршэння гэтага тэлепраекта прапанавала ўзначаліць дзіцячы эстрадны калектыў, — узгадвае Т.Трухан. — Пасля знаёмства з дырэктарам ПК МАЗ, тады ім была Ганна Валянцінаўна Грамовіч, я з радасцю пагадзілася стаць кіраўніком дзіцячага ансамбля. Праўда, пасля таго як першая эйфарыя прайшла, узнікла пытанне, дзе браць дзяцей. Нехта з маіх вучняў прыйшоў услед за мной, хтосьці вырашыў перайсці да нас з іншых музычных калектываў палаца і прыватных школ, а некаторыя вытрымалі кастынг, які мы праводзілі на пачатку верасня”.

“Сябрынка” пачыналася з зусім маленькай групы: у асноўным канцэртным скла­дзе было ўсяго 17 вакалістаў і танцораў, і ў падрыхтоўчай групе каля 10 дзяцей. Але ў кожнага было вялізнае жаданне стаць артыстам, прычым паказаць сябе і свае здольнасці прыйшлося вельмі хутка: літаральна праз тры месяцы давялося пацвярджаць ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, для чаго была з нуля падрыхтавана цэлая канцэртная праграма. Мастацкі кіраўнік тэатра, верачы ў сілы калектыву і адчуваючы велізарны патэнцыял сваіх выхаванцаў, змагла арганізаваць работу так, што ім удалося паспяхова выступіць перад камісіяй. “Тады мы былі яшчэ зусім “сырыя”, але тым не менш камісія ўбачыла наш патэнцыял і дала нам шанс, паверыла ў мяне як кіраўніка і ў маіх выхаванцаў, дзякуючы гэтаму, у нас расправіліся крылы за спінай і мы пайшлі наперад”, — расказала педагог.

Таццяна ТРУХАН: “У Мінскім гарадскім педагагічным каледжы ў нас быў шматгалосы акапэльны калектыў “Натхненне” на чале з Аксанай Хайнацкай. І ўжо тады пачаў замацоўвацца мой калектывізм: я зразумела, што мне вельмі падабаецца спяваць у калектыве і адчуваць яго энергію. Сёння я добра ведаю, як зрабіць мікраклімат нашай “Сябрынкі” спрыяльным для развіцця здольнасцей, як арганізаваць калектыўнае здароўе. Да таго ж і сама працягваю выступаць як вакалістка ў калектыве Mix Five, які працуе а капэла, выконваючы сусветныя хіты ў новым аўтарскім прачытанні”.

Дарэчы, менавіта для гэтага канцэрта спецыяльна быў напісаны гімн тэатра Маргарытай Петуховай, якая і прапанавала назву для калектыву. “Маргарыта Вячаславаўна — беларусазнаўца, яна напісала цікавы тэкст, унізе якога дала зноску наконт слова “сябрынка”, дзе гаварылася, што гэта група дзяцей, якія займаюцца агульнай любімай творчай справай. А мне хацелася, каб назва была непаўторнай і ў той жа час выказвала сутнасць таго, што мы робім у калектыве. Да таго ж назвы “Сябрынка” ніхто не мае, мы такія адны, — усміхаючыся, патлумачыла кіраўнік тэатра. — А музыку да нашага вясёлага дынамічнага беларускамоўнага гімна напісаў Аляксей Куляшоў”.

Сёння ў “Сябрынцы” ўжо больш за 150 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў. У асноўным складзе 27 вакалістаў і 18 танцораў, у малодшым канцэртным складзе 30 выканаўцаў і 6 харэографаў, а астатнія дзеці займаюцца ў падрыхтоўчых групах. “Наш калектыў — гэта творчая сям’я, якая складаецца з дзяцей, апантаных творчасцю і гатовых суткамі працаваць на вынік. Мы разам радуемся як агульным поспехам, так і індывідуальным, бо нашы вакалісты выступаюць і асобна. Напрыклад, Саша Мінёнак, які ў 2016 годзе прадставіў Беларусь на міжнародным песенным конкурсе “Дзіцячае Еўрабачанне”. Зараз яму 18 гадоў, ён жыве ў Кіеве і піша ўжо другі сольны альбом, — з гонарам адзначыла Таццяна Аляксандраўна. — Многія нашы юныя артысты — лаўрэаты і ўладальнікі гран-пры розных музычных конкурсаў, а таму неаднаразова станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Зараз рыхтуем Елісея Касіча да фіналу нацыянальнага адбору міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2021”.

Таццяна Трухан з’яўляецца педагогам з вялікім і паспяховым вопытам падрыхтоўкі вакалістаў да розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, удзельніцай вакальнай групы Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Музыкай яна пачала займацца ў 6 гадоў. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Профільную музычную адукацыю атрымала ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы. Пасля скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Педагагічная псіхалогія”, а затым факультэт мастацтваў Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава. Доўгі час працавала педагогам па вакале і кіраўніком эстраднай студыі адной з агульнаадукацыйных школ Мінска.

Акрамя таго, у 2014 годзе Таццяна Аляксандраўна ў складзе групы бэк-вакалістаў сусветна вядомай групы Scorpions гастралявала ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў рамках тура ў падтрымку альбома Comblack. У якасці бэк-вакаліста неаднаразова ўдзельнічала ў нацыянальных адборах на міжнародны конкурс песні “Еўрабачанне”. Маючы такую грунтоўную адукацыю і вопыт, яна імкнецца перадаць усе свае веды выхаванцам тэатра.

“Мне вельмі хочацца, каб дзеці, якія прайшлі творчы шлях пад назвай “Сябрынка”, памяталі яго і цанілі. Будзе вельмі радасна, калі хтосьці з іх звяжа свой лёс з музыкай. Мару, каб было шмат пераемнікаў маёй справы, а “Сябрынка” заўсёды была са знакам якасці!”

“Сябрынка” выступае з іскрынкай

У тэатра эстраднай песні вельмі яркае і насычанае творчае жыццё: амаль што­дзённыя выступленні, удзел у тэлепраектах, міжнародных фестывалях і конкурсах. Так, “Сябрынка” — пастаянны ўдзельнік шматлікіх рэспубліканскіх мерапрыемстваў і канцэртаў, штогод выступае на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, актыўна супрацоўнічае з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусі і яе часта можна пабачыць на сцэне Палаца Рэспублікі.

Акрамя таго, выхаванцы калектыву ўдзель­нічаюць і ў спектаклях. “Мы не проста эстрадны калектыў, а тэатр эстраднай песні, таму кожны наш нумар — міні-пастаноўка, у якой не толькі спяваюць, але і іграюць, — падкрэсліла кіраўнік тэатра. — Крыху больш за год назад нам пашчасціла пасупрацоўнічаць з праектам MusicLand, і разам мы паставілі мюзікл-казку для дзяцей і дарослых “Дзінь-дон, я ваша мама!”. У пастаноўцы задзейнічаны як нашы юныя артысты, так і сталыя, вядомыя ў нашай краіне — Сяргей Чэкерэс і Вераніка Пляшкевіч з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Яны нашым дзецям з рэпетыцыі ў рэпетыцыю давалі вялікі пласт акцёрскіх ведаў, і ў выніку мае выхаванцы пачалі па-іншаму падыходзіць да разумення і падачы песні, ахопу гледачоў. Для іх такое супрацоўніцтва стала значным крокам у творчасці”.

Напрыканцы мінулага года тэатр другі раз пацвердзіў сваё ганаровае званне, даказаўшы, што “Сябрынка” — адзін з лепшых калектываў дзіцячай творчасці. А пасля з годнасцю вытрымаў “выпрабаванне на трываласць” у час навагодніх свят. “У нас быў 3-дзённы святочны марафон з “Навагоднім мюзіклам” на Кастрычніцкай плошчы. Нашы дзеці ўдзельнічалі ў 10 нумарах, таму можна сказаць, што атрымаўся міні-канцэрт “Сябрынкі”, — патлумачыла педагог. — За 6 гадоў мы вельмі актыўна папоўнілі нашы запасы аўтарскім матэрыялам, і зараз выконваем песні, якія з’яўляюцца нашай візітоўкай”.

Дарэчы, пабачыць выступленне тэат­ра эстраднай песні “Сябрынка” можна ў най­бліжэйшыя дні: 5 сакавіка адбудзецца канцэрт “Песні добрага настрою” ў Цэнтральным доме афіцэраў з удзелам як юных артыстаў, так і дарослых з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, а 26 сакавіка ў Палацы Рэспублікі запланаваны канцэрт, прысвечаны творчасці Ганны Герман.

Па словах Таццяны Трухан, у яе нічога не атрымалася б без каманды прафесіяналаў-аднадумцаў, якія гараць сваёй працай і імкнуцца да выніку. Зараз разам з ёй развіваюць і выхоўваюць юных артыстаў педагогі па вакале Вольга Аляксандраўна Булай і Ксенія Мікалаеўна Мігуцкая і харэографы Любоў Антоньеўна Казак, Таццяна Паўлаўна Бравіна, Марыя Віктараўна Садоўская і Кацярына Ігараўна Каваленка. І разам у іх вялікія планы. “Вельмі хочацца сёлета пабываць на якім-небудзь міжнародным фестывалі, працягваць займаць прызавыя месцы на конкурсах, шмат канцэртаваць, радаваць гледачоў, і каб нас станавілася ўсё больш і больш”, — падзялілася планамі кіраўнік тэатра.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва “Сябрынкі”.