Сямейны савет — педагагічны

- 12:18Навіны рэгіёнаў

Чатары гады назад сям’я педагогаў Макарэцкіх пачала свой працоўны шлях у адзін дзень і ў адным месцы — сярэдняй школе № 11 Жлобіна Гомельскай вобласці. Муж і жонка прыжыліся ў горадзе, які яшчэ нядаўна быў для іх невядомым і чужым, і сталі сваімі ва ўстанове адукацыі. Ганна Канстанцінаўна выкладае біялогію, Сяргей Уладзіміравіч — інфарматыку, фізіку і астраномію.

Месцам сустрэчы і першых агульных успамінаў для іх стаў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя  І.П.Шамякіна. У 2012 годзе Ганна паступіла на біялагічны факультэт на спецыяльнасць “Біялогія. Ахова прыроды”, Сяргей — на фізіка-матэматычны факультэт на спецыяльнасць “Фізіка. Інфарматыка”. Яны пазнаёміліся на 1 курсе і адразу адчулі сімпатыю адно да аднаго, якая з часам перарасла ў глыбокія пачуцці. Абоім у школьныя гады падабалася бавіць час з дзецьмі, хацелася глыбей вывучаць любімыя прадметы, атрымаць прафесію. Відаць, гэта важныя агульныя пункты сутыкнення, дзякуючы якім зараз у сям’і пануюць гармонія, паразуменне і павага.

— Я родам з Любані Мінскай вобласці, а муж — з Петрыкава, што на Гомельшчыне. Мы вучыліся разам у Мазыры, а зараз жывём і працуем у Жлобіне — абсалютна новым для нас горадзе, — расказвае Г.К.Макарэцкая. — Нашу першую сустрэчу з Сярожам я да дробязей памятаю і зараз. Для мяне гэта было каханне з першага позірку. З часам стала зразумела, што нам цікава і камфортна разам, а развітвацца пасля атрымання дыпломаў не хочацца. Мы ажаніліся на 4 курсе, хацелі быць сям’ёй, разам адправіцца па размеркаванні ў адзін населены пункт і пачынаць там працоўную дзейнасць.

Распісацца маладыя людзі хацелі ціха, без урачыстасцей, бо ў студэнтаў магчымасці сціплыя, а дастаўляць клопаты родным не хацелася. Аднак усё атрымалася па-іншаму. Баць­кі маладых загадзя дамовіліся, прыехалі ў Мазыр і падрыхтавалі ім прыемны сюрпрыз. У выніку ціха распісацца не атрымалася, аб дні вяселля засталіся вельмі яркія ўспаміны.

Пасля набыцця новага сацыяльнага статусу трэба было вяртацца да вучэбных абавязкаў: здаваць дзяржаўныя экзамены, абараняць дып­ломы. Муж і жонка падтрымлівалі адно аднаго, а летам 2017 года, як і хацелі, разам па размеркаванні адправіліся ў адзін горад. Прыйшлі ў Жлобінскі раённы аддзел адукацыі і даведаліся, што будуць працаваць яшчэ і ў адной установе — гарадской школе № 11. Спачатку вырашылі азнаёміцца з новым населеным пунктам, дзе ніколі не даводзілася бываць. Пасля экскурсіі Жлобін літаральна зачараваў маладую пару, і новы перыяд жыцця пачаўся для іх са станоўчых эмоцый і прыемных сюрпрызаў.

У школе маладую пару суст­рэлі вельмі добразычліва і цёпла. У абоіх адразу склалася ўражанне, што яны апынуліся на сваім месцы, дзе ўтульна і камфортна побач з цікавымі, вопытнымі і неабыякавымі людзьмі. Маладым спецыялістам было прыемна, што іх не пакіда­юць  сам-насам са сваімі праблемамі. Так, дырэктар Галіна Іванаўна Саўкова адразу ж пацікавілася, як  яны ўладкаваліся, якія ў іх ёсць праблемы, расказала аб магчымай дапамозе. Спачатку Макарэцкія наймалі кватэру, аднак, дзякуючы кіраўніцтву школы і аддзела адукацыі, праз 4 месяцы былі падрыхтаваны неабходныя дакументы і ім прадаставілі арэнднае жыллё. Сям’я вельмі ўдзячна за хуткае вырашэнне такога важнага для іх пытання і істотную дапамогу ім як маладым спецыялістам. У арэнднай кватэры Макарэцкія пражываюць і сёння. Гэта дапамагло замацавацца на новым месцы і істотна зменшыць штомесячныя траты.

— Мы з самага пачатку адчувалі, што ў нас зацікаўлены як у маладых перспектыўных педагогах, бачылі падтрымку і паразуменне з боку кіраўніцтва, — адзначае Сяргей Ула­дзіміравіч. — Усё гэта вельмі каштоўна для нас, тым больш што мы трапілі ў новае месца, дзе побач няма родных ці знаёмых. Каб прыжыцца, варта адчуваць, што ты тут не лішні, а запатрабаваны, што ў рабоце і жыцці ёсць магчымасці для развіцця і перспектывы. На нашай першай школьнай лінейцы мяне і жонку ўрачыста прадставілі вучням і калегам. Гэта было, безумоўна, вельмі прыемна, усе былі пазітыўна настроены. Мы адразу адчулі сябе часткай калектыву.

І ўсё ж, нягледзячы на цёплы прыём, пачатак работы быў звязаны з многімі хваляваннямі. Муж і жонка неаднаразова абмяркоўвалі адны і тыя ж пытанні: ці ўдасца знайсці агульную мову з вучнямі і іх бацькамі? З дзецьмі якога ўзросту прыйдзецца працаваць? Як запомніць усіх па імёнах? Якія цяжкасці могуць узнікнуць? Куды звяртацца па дапамогу?

— Калі я даведалася, у якіх класах буду выкладаць, то не стала адкладваць падрыхтоўку да ўрокаў на пачатак навучальнага года, — дзеліцца сваім вопытам Ганна Канстанцінаўна. — Адразу ж пачала распрацоў­ваць планы-канспекты, прэзентацыі для вераснёвых урокаў. Шукала цікавыя матэрыялы па тэмах, падбірала розныя формы работы. Каб адчу­ваць сябе больш упэўнена, мне хацелася быць падрыхтаванай да новай сітуацыі.

Маладой настаўніцы давялося старта­ваць у 6 і 8 класах. Першыя ўрокі прайшлі добра, ніякіх праблем і непрыемных нечаканасцей не ўзнікла. Гэта супакойвала. Галоўнае ж — Ганна Канстанцінаўна адчула, што атрымлівае задавальненне ад вучэбнага працэсу, ад работы з дзецьмі. Яна ўважліва прыглядалася да кожнага вучня, старалася ацаніць узровень ведаў, тып мыслення. Намеснікі дырэктара і вопытныя калегі наведвалі ўрокі і тактоўна накіроўвалі, давалі парады па арганізацыі заняткаў, а таксама дапамагалі ў запаўненні класнага журнала, падрыхтоўцы дакументацыі, правя­дзенні факультатываў.

Ганна Канстанцінаўна даволі хутка прывык­ла да ролі настаўніцы. Яна вельмі ініцыятыўная, актыўная. Ва ўніверсітэце была лідарам ва ўсім: з’яўлялася старастай інтэрната, валанцёрам, сакратаром БРСМ свайго факультэта. А яшчэ паспявала быць адной з лепшых студэнтаў ва ўніверсітэце, знаходзілася ў перспектыўным кадравым рэзерве Гомельскага аблвыканкама і Мазырскага райвыканкама. На рабоце яе актыўнасць па заслугах ацанілі калегі. Маладая настаўніца хутка знайшла падыход да вучняў, якія з цікавасцю наведвалі не толькі яе ўрокі, але і факультатывы, гурткі. Стаўку яна робіць на наглядныя (плакаты, табліцы, схемы, муляжы, прэзентацыі, відэа, мікраскоп, макеты) і практычныя (доследы і эксперыменты, лабараторныя і практычныя работы) метады навучання. На ўроках любіць выкарыстоўваць крыжаванкі, загадкі, віктарыны па пэўнай тэме.

Для Ганны Канстанцінаўны было важна з самага пачатку заваяваць давер дзяцей, каб яны маглі смела звярнуцца да яе і з любым  пытаннем па тэме ўрока, і з нейкай жыццёвай праблемай. Яна пераканана: настаўнікам і бацькам варта ў першую чаргу паказваць дзецям асабісты прыклад, любыя свае словы і парады пацвярджаць уласнымі дзеяннямі.

У лютым 2018 года важнай падзеяй для маладой сям’і стала нараджэнне сына Цімафея. У жніўні мінулага года Ганна Канстанцінаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску. Зараз ужо працуе на поўную стаўку, паспяхова сумяшчаючы настаўніцкія і сямейныя абавязкі.  Яна выкладае біялогію і з’яўляецца класным кіраўніком 5 класа.

— Я вельмі хвалявалася, калі стала класным кіраўніком, для мяне гэта абсалютна новы кірунак дзейнасці, — расказвае Г.К.Макарэцкая. — Многія калегі гаварылі, што будзе даволі складана. Цяжкасцей я не баюся, але адразу было разуменне: быць класным кіраўніком — вялікая адказнасць. Больш за ўсё перажывала, як мяне будуць успрымаць у гэтай ролі вучні. За першы год работы ў новым фармаце я ­паспела адчуць, наколькі гэта няпростая місія. За гэты час дзеці ўжо сталі мне як родныя. Самае складанае для мяне — разбіраць нейкія праблемы, канфлікты вучняў, калі трэба знайсці аптымальнае рашэнне. Разумею, што я не маю права памыліцца, павінна быць прыкладам для сваіх пяцікласнікаў, весці іх за сабой. Дома на сямейным савеце мы з мужам часта абмяркоўваем праблемныя сітуацыі. Я заўсёды адчуваю падтрымку Сяргея, атрымліваю ад яго каштоўныя парады — гэта вялікая дапамога для мяне.

Сяргей Уладзіміравіч даволі строгі нас­таўнік. Наладзіць кантакт з вучнямі яму дапамаглі ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах, адкрытасць і камунікабельнасць. Ён любіць, каб на  ўроках была дысцыпліна, і ў той жа час у любых пытаннях, вучэбных і нават жыццёвых, заўсёды дапамагае вучням.

— Нярэдка мне даводзіцца чуць ад дзяцей: “Вы гаворыце, як Сяргей Уладзіміравіч” ці “Сяргей Уладзіміравіч нам таксама такое казаў”, — усміхаецца Г.К.Макарэцкая. — Мне прыемна, што ў нашых педагагічных падыходах няма супярэчнасцей.

Макарэцкім падабаецца, што не толькі дома, але і на рабоце яны разам, глядзяць у адным кірунку, разам пераадольваюць усе цяжкасці, радуюцца дасягненням адно аднаго. Пасля працоўнага дня часам адчуваецца стомленасць. Як правіла, з работы пазней вяртаецца муж. Ганна Канстанцінаўна стараецца  спачатку даць яму час адпачыць, бо па сабе ведае, як гэта важна. Пасля муж і жонка разам займаюцца хатнімі справамі. У цэнтры ўвагі, безумоўна, трохгадовы сын Цімафей. А яшчэ ім абодвум неабходна падрыхтавацца да заўтрашніх урокаў,  яны гэта робяць па чар­зе ці разам — позна вечарам, калі спіць сын. Удзяляць увагу рабоце прыходзіцца, вядома ж, і па выхадных. Муж і жонка адносяцца да гэтага з разуменнем: настаўніцкая дзей­насць не можа заканчвацца за сценамі школы, бо каб набрацца вопыту, працаваць паспяхова, трэба прыкладаць максімум намаганняў.

Сумаваць сям’і не даводзіцца, і такое жыццё ім даспадобы. Да штодзённых абавязкаў адносіцца і клопат пра хатніх гадаванцаў — кошку і дзвюх вавёрак дэгу. Па традыцыі на выхадных жонка і муж займаюцца гатаваннем ежы на новы тыдзень. Паколькі па буднях часу катастрафічна не хапае, пельмені, катлеты, выпечка гатуюцца на некалькі дзён. Такая звычка дапамагае эканоміць час і больш паспяваць.

Таццяна ШЫМКО.