Сям’я любой цаной?

Больш не заўсёды значыць лепш. Гэтым, па сутнасці, банальным тэзісам здзівіў пачатак размовы з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталляй Паспелавай. У справе сямейнага ўладкавання дзяцей, дзе мы па звычцы так часта мераем усё колькасцю “зноў выяўленых”ці “ўладкаваных у сям’ю”, насамрэч, больш важныя іншыя рэчы: як адчувае сябе гэтае ўладкаванае дзіця. Гэта якраз той выпадак, калі за кожнай лічбай — цэлае жыццё.
Пра жыццяздольнасць меркавання “сям’я любой цаной”, прафесійную неабароненасць і неразуменне сутнасці работы спецыялістаў па сямейным уладкаванні — у інтэрв’ю аб выніках работы па ўсынаўленні з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.

— Наталля Станіславаўна, давайце традыцыйна пачнём з лічбаў: колькі дзяцей за мінулы год знайшлі пастаянную новую сям’ю? Ці радуюць вас вынікі работы?
— Па выніках мінулага года адзначаецца пэўнае павелічэнне колькасці ўсыноўленых дзяцей. Так, усяго за год было ўсыноўлена 561 дзіця, годам раней — 551. Але пры гэтым варта разумець, што невялікае ў абсалютным выражэнні павелічэнне колькасці ўсынаўленняў, насамрэч, дарагога каштуе: колькасць дзяцей-сірот, якія могуць быць усыноўлены, з кожным годам памяншаецца. Асабліва гэта тычыцца дзяцей ва ўзросце да 5—6 гадоў, якія найбольш часта ідуць на ўсынаўленне.

— У апошнія гады колькасць дзяцей-адмоўнікаў зменшылася ў разы…
— У мінулым годзе сітуацыя была крыху іншай. Усяго за 2014 год зарэгістравана 126 адмоўнікаў. У 2013 годзе было 98 такіх немаўлят. Такім чынам, амаль на 30 дзяцей больш, але гэта не крытычная маса для сістэмы ўсынаўлення. Змянілася структура адмоў: калі раней пакідалі ў тым ліку і здаровых дзяцей проста з прычыны негатоўнасці маладой жанчыны да мацярынства, то зараз у абсалютнай большасці выпадкаў адмова ад дзіцяці адбываецца, калі яно нараджаецца з вельмі складанымі асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — яго дома ўтрымліваць проста немагчыма. І сям’я ідзе на тое, каб напісаць адмову. Я не апраўдваю гэтыя выпадкі, лічу, што родная сям’я павінна быць у кожнага, але разам з тым разумею, наколькі складанае аказанне сур’ёзнай медыцынскай дапамогі ў дамашніх умовах. На жаль, у гэтым сэнсе нашы бацькі амаль пазбаўлены магчымасці быць разам з дзіцем, у той час як у многіх замежных краінах можна адносна нядорага арганізаваць догляд дома нават дзіцяці, якое мае патрэбу ў штучнай вентыляцыі лёгкіх. У нашых умовах гэта вельмі дорага і складана, таму часта ў сем’яў проста няма іншага выйсця. І быць усыноўленымі ў такіх дзяцей шансаў практычна няма.

— Тым не менш усынавіцелі, як і раней, у большасці выпадкаў шукаюць дзяцей найменшага ўзросту?
— Варта прызнаць, што ўзрост дзяцей, якія ідуць на ўсынаўленне, з часам усё ж павялічваецца: калі раней гаворка ішла аб мяжы ў 3—4 гады, то сёння часта ўсынаўленне адбываецца ў адносінах да дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў, хоць, безумоўна, першапачаткова вельмі многія нашы кліенты прыходзяць з устаноўкай “усынавіць немаўля”.
Тут, дарэчы, трэба адзначыць пэўную няўзгодненасць паміж дзеяннямі спецыялістаў мясцовага і нацыянальнага ўзроўню. Хацелася б запытаць у спецыялістаў па ахове дзяцінства з рэгіёнаў: у вашым раёне шмат здаровых нованароджаных дзяўчынак, ад якіх адмовіліся бацькі? Няма? І 15 гадоў такіх не было? Дык адкуль яны возьмуцца ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення? Часта да нас з рэгіёнаў накіроўваюць людзей менавіта з такімі неапраўданымі надзеямі, ілюзіямі — у выніку ў нас людзі проста адчуваюць шок. Бо да нас прыходзяць толькі дзеці, якіх не ўдалося ўладкаваць на раённым узроўні, дзе амаль заўсёды ёсць кандыдат ва ўсынавіцелі.
У цэлым у нас зараз на ўліку больш за 100 сем’яў так званага нерэалізаванага попыту: яны сталі на ўлік яшчэ ў мінулым годзе, і мы зыходзячы з іх запытаў не маем магчымасці ім кагосьці прапанаваць. Іншая справа, што ў гэтай групе таксама ідуць нейкія зрухі. Людзі паступова разумеюць, што не толькі сваю ілюзію неабходна задавальняць ва ўсынаўленні, і бачаць, што ёсць дзеці 2—5 гадоў, пра якіх таксама неабходна паклапаціцца.
Адзначу яшчэ адзін момант: колькасць усыноўленых — гэта не адзіны паказчык, па якім варта ацэньваць работу спецыялістаў. Не меншае значэнне мае, так бы мовіць, і якасць сямейнага ўладкавання дзіцяці.

— А як жа тэзіс у адносінах да дзяцей-сірот наконт таго, што “ў сям’і ім у любым выпадку будзе лепш”?
— Мы сапраўды не адышлі сёння ад такога разумення праблемы сямейнага ўладкавання дзіцяці — гэта тычыцца і грамадскасці, і спецыялістаў, і кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Аднак гэта няправільна. Спецыфіка нашай работы такая, што мы не шукаем найлепшы шлях — яго проста няма. Найлепшы шлях — гэта родная сям’я дзіцяці, а гэты шлях для тых, хто ідзе на ўсынаўленне, ужо незваротна згублены. Мы з дзвюх бед выбіраем меншую. Усынавіцелі гэтага не ўсведамляюць, таму і не разумеюць, чаму часам спецыялісты выносяць адмоўнае заключэнне наконт магчымасці таго ці іншага ўсынаўлення. Сапраўды, у інтэрнаце ці прафесійнай замяшчальнай сям’і дзіцяці будзе лепш, чым у сям’і ўсынавіцеляў, якая не гатова да гэтага, мае шэраг ілюзій.
І гэта не тэарэтычныя разважанні. Мы штогод працуем з адменамі ўсынаўлення — як правіла, вынікам якраз такой негатоўнасці сям’і. У мінулым годзе такіх выпадкаў было 17. Вельмі складаныя і балючыя — у першую чаргу для дзяцей — гэтыя выпадкі.
Вось адзін з іх. У сакавіку сям’я, якая мела сваіх траіх дзяцей ва ўзросце адзін месяц, тры гады і пяць гадоў, усынавіла 7-гадовую (!) дзяўчынку, тым самым парушыўшы сямейную іерархію, якая закладзена самой прыродай: кожны, хто прыходзіць у сям’ю, павінен быць меншага ўзросту. Мы стаміліся тлумачыць такую простую ісціну бацькам на ўваходзе ва ўсынаўленне, гаварыць пра тое, што магчымы вельмі сур’ёзныя праблемы — і з боку родных дзяцей, і з боку ўсыноўленай, і з боку саміх бацькоў. Але нас не слухалі. “Мы маем права — значыць, будзем усынаўляць”, — нязменна гучала ў адказ. Гэтае ўсынаўленне праіснавала да кастрычніка, калі бацька звярнуўся ў сектар аховы дзяцінства з прэтэнзіяй аб праблемах у выхаванні ўсыноўленай дзяўчынкі. Прычым праблемы ў паводзінах узніклі не адразу, а праз тры месяцы пасля знаходжання дзяўчынкі ў сям’і, калі яна проста не атрымала таго, што ёй было неабходна — увагі, клопату, цеплыні. Прымаць дапамогу спецыялістаў па наладжванні паводзін дзяўчынкі, адносін у сям’і бацькі не пажадалі. Адзіным іх жаданнем было адмяніць усынаўленне. Дзіця аказалася “дрэнным”. Гэта якраз той выпадак, калі “у сильного всегда бессильный виноват”. Тым самым бацькі нібыта знялі з сябе адказнасць за гэтае няўдалае ўсынаўленне. Але ж спецыялісты папярэджвалі сям’ю з самага пачатку. Сям’я не паслухала — заложнікам стала дзіця.

— Магчыма, довады спецыялістаў былі не зусім пераканаўчымі?
— У адносінах да гэтай сям’і спецыялісты зрабілі ўсё, што было ў іх сілах. Мы дакладна прааналізавалі гэты выпадак. Справа ў іншым. Сёння спецыяліст па ахове дзяцінства бяссільны перад такімі грамадзянамі. Ён не абаронены нічым. Я маю на ўвазе і спецыяліста Цэнтра ўсынаўлення, і спецыяліста мясцовага органа апекі. Калі грамадзянін, упэўнены ў сабе, ідзе скардзіцца на псіхолага, які выдаў не тое заключэнне, як яму хацелася, кіраўнікі ад адукацыі рэдка прымаюць бок спецыяліста. Адказ на разгляд такіх скаргаў стандартны: па законе маюць фармальнае права — няхай рэалізоўваюць. Даць таму, хто скардзіцца, тое, на што ён нібыта мае права, прасцей, чым адстойваць прафесійны пункт гледжання спецыяліста. Але ж у нашай рабоце неабходна думаць найперш пра дзіця, таму немагчыма кіравацца толькі фармальнымі падыходамі, фармальнай адпаведнасцю прапісаным у законе нормам.
На жаль, сёння вырасла пакаленне людзей, нашых маладых саіскальнікаў-усынавіцеляў, якія не любяць чытаць, слухаць іншае меркаванне. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што і сярод спецыялістаў у раёнах ёсць тыя, хто заняў месца ў органе апекі, але пры гэтым нават не пачытаў навукова-папулярную кнігу пра ўсынаўленне, не кажучы ўжо пра спецыяльную літаратуру. Ёсць спецыялісты, якія вельмі мала ведаюць аб глыбінных праблемах сваёй прафесіі, аб тым, з чым прыходзіцца працаваць. Ёсць тыя, хто выгараў ці не навучыўся, і яны таксама вырашаюць пытанні аб усынаўленні зыходзячы выключна з фармальных падыходаў: адпавядаюць кандыдаты прапісаным у законе нормам ці не.
Адсюль і неразуменне — з боку грамадскасці, кіраўніцтва — таго, што робяць нашы спецыялісты. Нібыта гэтая работа такая простая, што ёй можа займацца кожны. У людзей узнікае прымітыўнае ўяўленне, што спецыялісты па сямейным уладкаванні павінны адобрыць любое памкненне кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Гэта не так. Насамрэч, мы ацэншчыкі. У нас у кожнага вагі: з аднаго боку — рызыка (а яна ёсць у нашай справе заўсёды), з другога — рэсурсы. Калі бакі ўраўнаважваюцца, мы даём згоду. Калі рызыка перацягвае, неабходна размаўляць, выпраўляць, адпрацоўваць сітуацыю. Магчыма, мы не заўсёды прымаем правільныя і, галоўнае, зразумелыя для публікі рашэнні. Але гэта тое самае, што патрабаваць ад сасудзістага хірурга патлумачыць, чаму ён прышыў гэты сасуд да таго, а не да іншага.

— Часта даводзіцца сутыкацца з неразуменнем гэтых падыходаў з боку кандыдатаў ва ўсынавіцелі?
— Можна ўмоўна падзяліць нашых кліентаў на тры групы. Ёсць людзі, у якіх добрая адукацыя, выхаванне, ярка выражанае пачуццё эмпатыі, даволі вялікі жыццёвы вопыт, — усё гэта дазваляе ім быць цярплівымі ў працэсе падрыхтоўкі да ўсынаўлення. Прыслухоўвацца, думаць, разам разважаць. Гэтыя кліенты застаюцца з намі ў вельмі доўгіх прафесійных кантактах. Мы для іх як сямейны доктар, які пра іх усё ведае. Яшчэ адна трэць — дыяметральна процілеглыя кліенты: яны наогул не хочуць слухаць спецыялістаў. Прыходзяць з дзіўнай устаноўкай: “людзі супраць сістэмы”. Яшчэ трэць абыякава слухае тое, што імкнуцца данесці да іх спецыялісты.
Такім чынам, каля 60% нашых кліентаў — гэта людзі, якія нематывавана адносяцца да нашых паслуг і разглядаюць нас як перашкоду.
Між тым у працэсе ўсынаўлення, які не заканчваецца з прыняццем рашэння суддзёй, а доўжыцца ўсё жыццё, вельмі важныя доўгатэрміновыя кантакты спецыяліста з сям’ёй. Такую схему адносін з кліентамі падтрымліваюць сёння, на жаль, толькі спецыялісты Цэнтра ўсынаўлення, якія працуюць па 15—17 гадоў. Ёсць выпадкі, калі яны падбіраюць сем’ям па 3-м дзіцяці.

— А для раённых органаў аховы дзяцінства па-ранейшаму актуальная праблема цякучасці кадраў?
— Сёння ўсё больш становіцца спецыялістаў, якія затрымліваюцца ў органах апекі, ёсць тэрыторыі, дзе цякучасць кадраў значна меншая, чым раней. Гэта радуе. Вельмі радуе і тое, што нават навічкі падыходзяць да сямейнага ўладкавання з вельмі правільнай пазіцыі. Значыць, пачыталі, паглядзелі, маюць добрую педагагічную інтуіцыю.
Лепш сталі органы апекі ў кожным канкрэтным выпадку прапрацоўваць маршруты жыццеўладкавання малых дзяцей. Гэта дапамагае паступова вырашаць пытанні перадачы дзяцей з прыёмных сем’яў на ўсынаўленне, што яшчэ зусім нядаўна было вельмі істотнай праблемай.
Сёння 80% дзяцей-сірот выхоўваюцца ў сем’ях, таму кожнае трэцяе ўсынаўленне адбываецца з прыёмнай сям’і. Радуе, што ўжо прайшлі тыя часы, калі кожнае такое ўсынаўленне было “бітвай гарадоў”, калі прафесійныя замяшчальныя бацькі выступалі супраць усынаўлення іх выхаванцаў, матывуючы гэта тым, што ўжо прывыклі да дзіцяці.

— А ці спрыяюць наладжванню дыялогу з усынавіцелямі, прафесійнымі замяшчальнымі бацькамі, грамадскасцю ў цэлым пачынанні цэнтра мінулых гадоў — партал Dadomu.by, газета “Домой!”?
— Сказаць, што стварэнне партала спрасціла работу спецыялістаў ці нейкім чынам зрабіла магчымым выключэнне іх з ланцужка ўсынаўлення, немагчыма. Як і раней, гэта ілюстрацыйная пляцоўка — не больш. Тым не менш партал сваю функцыю выконвае — дае пярвічную інфармацыю аб магчымасці прыняцця дзіцяці з асаблівым лёсам у сям’ю.
Што да выдання газеты, то інфармацыя, якая там змяшчаецца, сапраўды запатрабавана замяшчальнымі бацькамі — найперш на іх і разлічаны гэты прадукт. Не раз даводзілася чуць нараканні замяшчальных бацькоў на тое, што ім не хапае метадычнай дапамогі, практычных парад, як паводзіць сябе з дзецьмі ў тых ці іншых выпадках, прычым не тэарэтычных разваг, а рэальнага вопыту вырашэння жыццёвых праблем. Менавіта такога кшталту інфармацыю і імкнёмся размяшчаць на старонках газеты.
Зрэшты, толькі на гэтых праектах мы спыняцца не збіраемся. У нас на пастаяннай аснове праходзяць пасяджэнні псіхалагічнай гасцёўні, дзе мы з запрошанымі спецыялістамі абмяркоўваем самыя розныя праблемы сем’яў з дзецьмі. У планах яшчэ адзін праект — арганізацыя турыстычнага злёту ўсынавіцеляў, каб у нефармальных зносінах яны маглі падзяліцца адно з адным цікавым вопытам, з дапамогай запрошаных спецыялістаў вырашыць актуальныя пытанні і, урэшце, яшчэ раз упэўніцца ў правільнасці выбранага шляху.

Гутарыла Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.