Сяргей Пішчоў расказаў, якія спецыяльнасці найбольш папулярныя ў сёлетніх абітурыентаў-мэтавікаў

- 9:02Абитуриент, Главная, Образование, Приложение

Каля 3,8 тысячы абітурыентаў ужо змянілі свой статус на студэнцкі. Гэта 369 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд і 3,4 тысячы мэтавікаў. Якія высновы можна зрабіць пасля першага этапу прыёмнай кампаніі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея Пішчова.

— У гэтым годзе план мэтавага набору па краіне выкананы на 74%. Першакурснікамі-мэтавікамі ўжо сталі каля 3,4 тысячы чалавек, хоць усяго планавалася прыняць каля 4,5 тысячы абітурыентаў. Дванаццаць устаноў вышэйшай адукацыі набралі столькі мэтавікаў, колькі і планавалі, выканаўшы план мэтавага набору на 100%.

Магчымасць мэтавага набору ёсць ва ўсіх УВА, але ў фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ключавую ролю адыгрываюць заказчыкі кадраў, якія адпраўляюць заяўкі на неабходных ім спецыялістаў. Затым на аснове гэтых заявак фарміруюцца лічбы прыёму мэтавікаў, якія даводзяцца да ўстановы адукацыі і абітурыентаў.

Ва ўсіх рэгіёнах мэтавы набор прайшоў на належным узроўні. Сёлета былі зняты абмежаванні па тэрытарыяльнай прыналежнасці заказчыкаў кадраў, таму заказ­ваць мэтавікаў пачалі і прадпрыемствы буйных гарадоў.

— Якія спецыяльнасці найбольш папулярныя ў сёлетніх абітурыентаў-мэтавікаў?

— Па шэрагу спецыяльнасцей конкурс быў дастаткова высокі. Напрыклад, на спецыяльнасць “Дзяржаўны аўдыт” у БДУ конкурс склаўся больш за 2 чалавекі на месца. Каля двух абітурыентаў змагаліся за месца на спецыяльнасцях БДУІР “Праграмная інжынерыя” і “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”, а ў БНТУ на адно месца “Маркетынгу” конкурс быў звыш 2,5 чалавека.

Да педагагічных спецыяльнасцей таксама сёлета назіралася павышаная цікавасць. Так, у ВДУ імя П.М.Машэрава на “Пачатковую адукацыю” конкурс быў больш за 4 чалавекі на месца, а на “Псіхалогію” прэтэндавала 2,6 абіту­рыен­та. Як і ў мінулыя гады, спецыяльнасці медыцынскага профілю карыстаюцца вялікім попытам. Так, у БДМУ і ВДМУ па шэрагу спецыяльнасцей склаўся значны конкурс, які дазволіў адабраць найбольш матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў.

— Як думаеце, чаму на некаторыя спецыяльнасці конкурс не склаўся?

— Больш за ўсё недавыканалі план мэтавага набору сельскагаспадарчыя УВА. Гэтыя адукацыйныя ўстановы падначалены Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання. Ім неабходна ­ўзмацніць прафарыентацыйную работу з патэнцыяльнымі абітурыентамі і больш шчыльна працаваць з заказчыкамі кадраў, каб выправіць сітуацыю, бо кад­ры, якія рыхтуюць такія ўстановы, сёння вельмі запатрабаваны. АПК развіваецца, там з’яўляюцца новыя тэхналогіі і перспектыўныя напрамкі дзейнасці, якія даюць магчымасць у першую чаргу гарантаваць харчовую бяспеку нашай краіны. У сувязі з гэтым патрабаванні да кадраў павышаюцца, і ў перспектыве гэтыя ўстановы і прадпрыемствы, будучыя работадаўцы, павінны перагле­дзець свае падыходы да пошуку абітурыентаў. Упэўнены, што яны зменяць фармат правядзення прафарыентацыйнай работы, пачнуць больш і часцей паказ­ваць лепшыя практыкі сельскагас­падарчых арганізацый, дзе ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі.

Работа кадравых службаў арганізацый і прадпрыемстваў павінна быць накіравана на фарміраванне адзінай звязкі: абітурыент — заказчык кадраў — установа адукацыі.

Аналагічная сітуацыя назіраецца ва ўстановах вышэйшай адукацыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Тут таксама вялікія перспектывы, і заказчыкі кадраў павінны больш дэталёва, уважліва і адказна ставіцца да падбору спецыялістаў.

Конкурс на такія спецыяльнасці не адбыўся таму, што не было неабходнай колькасці абітурыентаў на выдзеленыя мэтавыя месцы. Усе гэтыя вакантныя месцы перайшлі на агульны конкурс, юнакі і дзяўчаты змогуць пасту­піць на іх ужо ў рамках асноўнага прыёму, які пачнецца 17 ліпеня па класічнай форме з прадастаўленнем сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ.

Увогуле, варта больш асэнсавана і адказна падыходзіць да фарміравання кантрольных лічбаў прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Установы адукацыі прымуць абітурыентаў, арганізуюць адукацыйны працэс і нават індывідуалізуюць яго з улікам патрабаванняў заказчыка кадраў. Але разам з тым заказчыкі самі павінны забяспечыць конкурсную сітуацыю, каб колькасць заключаных дагавораў па спецыяльнасці перавышала колькасць выдзеленых месцаў, тым больш што станоўчая практыка назіралася ў многіх прадпрыемстваў, калі на адно месца прэтэндавалі 2 і больш абітурыенты.

Прадпрыемствам варта на стадыі паступлення мець пул выпускнікоў школ, якія зацікаўлены, бачаць сябе ў гэтай прафесіі і гатовы прыйсці на канкрэтнае прадпрыемства. Такую работу павінны право­дзіць на сістэмнай аснове. Усім неабходна разумець, што работа кадравых службаў арганізацый і прадпрыемстваў павінна быць накіравана на фарміраванне адзі­най звязкі: абітурыент — заказчык кадраў — установа адукацыі. Гэта дапаможа, па-першае, знайсці матываванага абітурыента, па-другое, ацаніць узровень яго школьнай адукацыі, па-трэцяе, арганізаваць якасны адукацыйны працэс, каб малады спецыяліст, прыйшоўшы ў арганізацыю, змог адразу ўліцца ў працоўны працэс.

Гэта зна­чыць, абітурыент, які паступіў па мэтавай траекторыі, будзе ба­чыць практычнае прымяненне сваіх ведаў у галіне ўжо ў студэнцкія гады.

— А што рабіць тым работадаўцам, якія далі мэтавае накіраванне абітурыенту, аднак ён не прайшоў па конкурсе?

— У кожнага заказчыка кад­раў усё роўна ёсць магчы­масць атрымаць свайго спецыяліста. Нагадаем, што і тыя студэнты, якія паступяць на бюджэт на агульных умовах, праз 4 гады будуць размеркаваны на тыя прадпрыемствы, якія сёння з’яўляюцца заказчыкамі кадраў. Таму арганізацыям, якім патрэбны спецыя­лісты, ніхто не перашка­джае падаваць свае заяўкі ва УВА на размеркаванне, каб атры­маць кваліфікаваных спецыялістаў, прычым ужо сёння.

— Калі абітурыенты-мэтавікі паступалі на спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай, то іх залічвалі нават пры адсутнасці конкурсу?

— Так, сапраўды, на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці мэтавікі мелі магчымасць паступіць нават без конкурсу. Гэта спецыяльнасці сельскагаспадарчага і тэхнічнага профіляў, некаторыя педагагічныя і інш. Такія спецыялісты вельмі неабходны на прадпрыемствах, таму, у адпаведнасці з правіламі прыёму, патрабаванне абавязковага конкурсу больш за аднаго чалавека на месца адсутнічае. Але яшчэ раз пад­крэслю, гэта распаўсюджваецца толькі на вызначаны Мінадукацыі пералік востра дэфіцытных спецыяльнасцей, якіх усяго 53. Па астатніх спецыяльнасцях у абавязковым парадку павінен быць конкурс.

— З якімі сярэднімі баламі атэстатаў паступалі мэтавікі ў гэтым годзе?

— У цэлым прыйшлі пасту­паць падрыхтаваныя абітурыенты: большасць мае звыш 7—7,5 бала ў атэстаце, у сярэднім 8—9. Па ІТ-спецыяльнасцях, медыцынскіх і шэрагу педагагічных дакументы падавалі высокаадукаваныя абітурыенты.

— Як прайшлі ўнутраныя экзамены? Што паказала такая экзаменацыйная практыка?

— Мэтавікі сёлета здавалі адзін экзамен у вуснай ці практычнай форме па першым профільным прадмеце ва УВА, у які падавалі дакументы. У склад прадметных камісій уваходзілі і школьныя настаўнікі. Такім чынам, атрымалася сувязь агульнай сярэдняй адукацыі і вышэйшай школы, што дало магчымасць убачыць адораных і матываваных абітурыентаў, якія ўжо сёння ведаюць, па якім напрамку яны будуць працаваць праз 4—5 гадоў.

У цяперашні час рэкамендацыі і прапановы членаў экзаменацыйных камісій вывучаюцца, а пасля дэталёвага аналізу будзе пры неабходнасці прынята рашэнне аб дашліфоўцы такога выпрабавання.

— Разам з абітурыентамі-мэтавікамі былі залічаны і 369 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. На вашу думку, ці апраўданы такі крок?

— Сёлета 18 устаноў вышэйшай адукацыі праводзілі ўніверсітэцкія алімпіяды, 16 чэрвеня адбылося залічэнне іх пераможцаў. Найбольшая колькасць такіх абітурыентаў залічана ў ВДУ імя П.М.Машэрава — 75 чалавек. У ГрДУ імя Янкі Купалы прыняты 35 пераможцаў, а ВДМУ — больш за 40. Аналіз паказвае, што гэтая траекторыя для рэгіянальных УВА эфектыўная, абітурыенты імкнуцца паступаць па ёй. Сярэдні бал атэстатаў такіх абітурыентаў у асноўным 8 і вышэйшы. Што і нядзіўна, бо гэта адны з лепшых нашых выпускнікоў, якія скарысталіся такой магчымасцю паступлення ва ўніверсітэт. Гэтую форму работы таксама неабходна развіваць, бо яна дазваляе вызначаць першых студэнтаў яшчэ ў пачатку вясны.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА