Сёння — чытач, заўтра — лідар

- 14:07Апошнія запісы, Культура

27 лютага ў сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны адбылося ўрачыстае адкрыццё бібліятэкі імя класіка дзіцячай літаратуры Сяргея Міхалкова. Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле і падтрымцы прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску і некамерцыйнай арганізацыі “Расійскі фонд культуры” ў рамках літаратурнага праекта фонду “Сёння — дзеці, заўтра — народ”. Бібліятэка ў беларускай гімназіі стала 13-й па ліку ў Міжнароднай садружнасці бібліятэк імя Сяргея Міхалкова.

З нагоды гэтай знакавай падзеі ў 1-й мінскай гімназіі была зладжана маштабная святочная акцыя, пачэснымі гасцямі якой сталі многія вядомыя ў сферы адукацыі і культуры людзі як з Беларусі, так і з Расіі. Раздзяліць радасць кіраўніцтва, педагагоў і навучэнцаў гімназіі ад цудоўнага падарунка прыйшлі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі, прарэктар па навуковай і метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч і інш. Не менш прадстаўнічай была і дэлегацыя расіян: выконваючы абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь першы сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Львовіч Мічурын, кіраўнік праекта “Сёння — дзеці, заўтра — народ” Вольга Іванаўна Буцкая, заслужаны артыст Расіі Сяргей Валянцінавіч Калеснікаў, прадстаўнікі Міхалкоўскіх бібліятэк расійскіх гарадоў і, безумоўна, асоба, вакол якой найбольш канцэнтравалася ўвага прысутных, унук Сяргея Уладзіміравіча Міхалкова, рэжысёр, акцёр, сцэнарыст Ягор Андрэевіч Канчалоўскі. Дарэчы, за дзень да гэтага ў Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Мінску адбыўся яго творчы вечар, у рамках якога быў паказаны адзін з апошніх яго фільмаў “Вяртанне ў А.”, прысвечаны балючай афганскай тэме.
Вітаючы ўдзельнікаў свята, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка прызналася, што адкрыццё першай бібліятэкі імя Сяргея Міхалкова ў Беларусі для яе асабіста стала вельмі важнай і прыемнай падзеяй. “Якая цудоўная ў нас сёння тэма, якая хвалюючая сустрэча! Мы сёння гаворым пра сувязь пакаленняў. Я сама памятаю з дзяцінства вершы Сяргея Міхалкова. На гэтых жа вершах выгадавала і ўласных дачок. А як прадстаўнік Міністэрства адукацыі, як чалавек, які доўгі час курыраваў у міністэрстве выкладанне рускай літаратуры ў школе, хачу сказаць, што ў нашым ведамстве ніколі і ні ў якіх сітуацыях нават не абмяркоўвалася, уводзіць ці выводзіць імя Сяргея Міхалкова са школьнай праграмы. Самае дарагое, самае святое, самае важнае ў нашым жыцці — у кнігах, якія мы перадаём з рук у рукі, з пакалення ў пакаленне. І менавіта такімі кнігамі будзе радаваць нашых дзяцей новая бібліятэка, якую мы адкрываем сёння”, — адзначыла Раіса Станіславаўна.
У сваю чаргу кіраўнік праекта “Сёння — дзеці, заўтра — народ” Вольга Іванаўна Буцкая падкрэсліла важнасць гэтых слоў Сяргея Міхалкова, якія сталі назвай і дэвізам праекта. А яшчэ яна ўзгадала цудоўныя словы, якія давялося ўбачыць расійскай дэлегацыі ў адной з ірландскіх школ, у якой нядаўна таксама была адкрыта бібліятэка імя Сяргея Уладзіміравіча (дарэчы, апошняя перад Мінскам). “Там мы прачыталі такое: “Today a reader, tomorrow a leader”. Гэта значыць, сёння — чытач, заўтра — лідар. У гэтых словах таксама глыбокі сэнс. Калі ты хочаш быць паспяховым у заўтрашнім дарослым жыцці, чытай сёння кніжкі. Дык вось чытайце! Мы прывезлі вам толькі добрыя кніжкі!” — звярнулася да беларускіх гімназістаў госця з Расіі.
Падчас урачыстасці прысутныя мелі магчымасць убачыць і пачуць відэапрывітанні з бібліятэк імя Сяргея Міхалкова розных расійскіх гарадоў, Славакіі і Ірландыі. Яркім момантам свята стаў паказ інсцэніровак па творах паэта ў выкананні навучэнцаў гімназіі, дзе напярэдадні быў нават праведзены адпаведны конкурс.
Выйшаўшы на сцэну, Ягор Андрэевіч Канчалоўскі не стрымліваў шчаслівых эмоцый: “Сёння я вельмі рад, я крануты проста да слёз вашым прыёмам, вашымі цудоўнымі дзецьмі, якія сапраўды заўтра ператворацца ў цудоўны народ… А як унуку Сяргея Уладзіміравіча мне ўдвая радасней адкрываць тут, у Мінску, бібліятэку, якая будзе насіць яго імя, бо я вельмі яго любіў і люблю, мы сябравалі з ім да апошніх дзён яго жыцця. Ён заўсёды заставаўся дзіцем. І размаўляў з дзецьмі не як класік, не як аўтар трох дзяржаўных гімнаў, ён размаўляў з імі на роўных. І мае адносіны з ім таксама былі не вертыкальнымі, а гарызантальнымі. Ведаеце, такія мерапрыемствы, як сёння, як бы прадаўжаюць Сяргею Уладзіміравічу жыццё. У 2009 годзе ён пайшоў ад нас, але такое адчуванне, што ён па-ранейшаму з намі. Гэта вельмі важна асабліва ў наш перапоўнены інфармацыяй час, калі праз нас ляціць столькі гігабайтаў тэкстаў і выяў, што вельмі лёгка ва ўсім гэтым згубіцца, вельмі лёгка забыць добрага паэта, яго творчасць… Я вас вельмі прашу: чытайце Міхалкова, чытайце добрыя кнігі! І ні ў якім выпадку не пазбаўляйцеся кніг, не выкідайце іх! Кніжкі павінны заставацца ў сям’і, перадавацца ад дзяцей, якія вырастаюць, іх дзецям і далей, унукам. Паверце, “жывая” і “цёплая” надрукаваная на паперы кніга праз нейкіх 50, ну, можа быць, 100 гадоў будзе раскошай, творам мастацтва. Беражыце кнігі!”
Пасля цырымоніі пераразання чырвонай стужкі пачэсныя госці і журналісты азнаёміліся з новай бібліятэкай. Расійскі фонд культуры перадаў гімназіі калекцыю з больш чым тысячы кніг — выданні з серыі “Школьная бібліятэка”, самыя розныя энцыклапедыі для школьнікаў, хрэстаматыі, шыкоўныя альбомы, безумоўна, кнігі самога Сяргея Міхалкова і выданні, прысвечаныя яму і ўсёй дынастыі Міхалковых. Вялікую каштоўнасць уяўляюць томікі з серыі “Бібліятэка лаўрэатаў міжнароднага конкурсу імя Сяргея Міхалкова на лепшы твор для падлеткаў”. Акрамя ўласна кніжак, гімназіі былі падораны адметныя сувеніры: статуэтка Дзядзькі Сцёпы, памятная талерка і інш.
Дырэктар гімназіі Наталля Уладзіміраўна Бушная выказала цёплыя словы ўдзячнасці расійскім гасцям і сваім беларускім калегам. Удзельнікі свята шмат жартавалі з нагоды лічбы “13” , паколькі Міхалкоўская бібліятэка ў Мінску стала 13-й па ліку ў свеце. Пры гэтым успаміналі, што для самога Сяргея Уладзіміравіча гэтая лічба была самай шчаслівай: ён нарадзіўся 13 сакавіка 1913 года і пражыў 96 гадоў…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.