Так нараджаюцца традыцыі

- 14:47Магілёўшчына

Наведваць школы з багатай гісторыяй і традыцыямі карысна не толькі педагогам. Журналісты ў такіх установах таксама змогуць азнаёміцца з цікавым вопытам, збяруць эксклюзіўную інфармацыю для сваіх будучых матэрыялаў. Сярэдняя школа № 34 Бабруйска пакуль не можа пахваліцца багатай гісторыяй, бо функцыянуе ўсяго паўтара года, затое традыцыі (яшчэ невялікія, але ўжо трывалыя), педагагічны вопыт і дасягненні — усё тут на высокім узроўні.

Шматлікія поспехі маладой, прыгожай і ўтульнай школы яе дырэктар Ірына Мікалаеўна Матузава растлумачыла проста: “І настаўнікі, і вучні — усе мы шчырыя бабруйчане, любім родны горад, таму працай і вучобай намагаемся праславіць і яго, і сваю школу”. Пераканацца ў гэтых словах можна ўжо ў школьным фае, сцены якога ўпрыгожваюць маляўнічыя краявіды Бабруйска гістарычнага і Бабруйска сучаснага. Такім горадам, сапраўды, нельга не ганарыцца! Калі прыгажосць знешняя (яркі, сучасны будынак 34-й школы з’яўляецца дамінантай маладога мікрараёна) сумяшчаецца з прыгажосцю ўнутранай (прафесіяналізмам педагогаў, іх імкненнем вучыць і выхоўваць), тады і праца будзе весціся плённа, і вынікі будуць годныя, прычым, у розных напрамках.

Напрыклад, калектыў LUCKY CHARM DANCE быў створаны літаральна праз месяц пасля адкрыцця школы і ўжо з’яўляецца пераможцам і прызёрам шматлікіх гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Сярод іх — “Прывітанне, свет!”, “Калядныя сустрэчы”, “У святле сафітаў”, RosкvitBY, “Белавежская зорка”, танцавальны турнір Step by step. Ёсць перамогі і ў спартыўным турызме. Навучэнцы ўзнагароджаны дыпломам II ступені ў гарадскіх спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, дыпломам I ступені ў гарадскіх спаборніцтвах па спартыўным скалалажанні ў агульным заліку. Канечне, гэтыя дасягненні былі б немагчымы без выдатнай матэрыяльнай базы. Аднак, пага­дзіцеся, вынік нараджаецца толькі тады, калі матэрыяльнае сумяшчаецца з духоўным — багатым унутраным светам настаўнікаў.

“З мэтай павышэння матывацыі вучняў наш педагагічны калектыў паставіў перад сабой задачу — інавацыйны пошук сучасных, запатрабаваных у грамадстве тэхналогій адукацыі. Так, у школе функцыяну­юць два LEGO-класы. Матэматычныя заканамернасці, новыя правілы першакласнікам лягчэй вывучаць, калі ў іх руках яркія цаглінкі-лега. Гульня з’яўляецца выдатным шляхам да поспеху на першай ступені навучання. Для вучняў 2 класа арганізаваны факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”. Таксама арганізаваны факультатыўныя заняткі па робататэхніцы для навучэнцаў 4—5 класаў. Для старшакласнікаў функцыянуе аб’яднанне па інтарэсах “Спаборніцкая робататэхніка”. Нашы вучні дасягнулі вынікаў у конкурсах і турнірах па робататэхніцы, праграмаванні ў асяроддзі Scratch. У RoBoTehGames заваявалі дыплом ІІ ступені, у First РОБАТ — дыпломы ІІ і ІІІ ступені, на конкурсе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі Hi-Tech — дыплом ІІІ ступені”, — падзялілася дырэктар школы.

У цяперашні час, дзякуючы Парку высокіх тэхнологій, а таксама зацікаўленасці і актыўнасці настаўніцы інфарматыкі і матэматыкі Юліі Антонаўны Кухто (фіналіста рэспубліканскага конкурсу “Мая Scratch-гісторыя”, лаўрэата дыплома ІІ ступені), сярэдняя школа № 34 Бабруйска ўдзельнічае ў пілотным праекце Scratch + Micro: bit. На занятках школьнікі вывучаюць праграмаванне ў асяроддзі Scratch з дапамогай мікракантролераў, што дазваляе ствараць уласныя электронныя прылады. Вектар развіцця “lego — scratch — робататэхніка”, які выбрала 34-я школа, садзейнічае ўкараненню STEAM-падыходу ў адукацыйную прастору ўстановы. З гэтага навучальнага года педагагічны калектыў працуе ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў”. Галоўны акцэнт робіцца на фарміраванне здароўезберагальнай адукацыйнай прасторы, заснаванай на сучасных падыходах да аздараўлення навучэнцаў. “Здароўе — не ўсё, але ўсё без здароўя — нішто”, — лічаць бабруйскія педагогі.

У 34-й школе прыгожа ўсё: і знешні выгляд, і працэсы навучання, выхавання. На базе ўстановы адукацыі дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах “Футбол”, “Баскетбол”, “Атлет”, “Навучанне плаванню”, “Турызм”, “Скалалажанне”, “Харэаграфія”. На занятках вучні развіваюць асноўныя фізічныя якасці, якія спрыяюць паспяховай падрыхтоўцы да спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню, да алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. “У нашай школе яшчэ толькі фарміруецца сістэма работы. Аднак калектыў імкнецца ісці ў нагу з часам, тым самым вызначаючы свой вектар развіцця і фарміруючы традыцыі ўстановы. Вельмі важна, што ўсе ініцыятывы падтрымліваюць нашы вучні, іх бацькі”, — адзначыла Ірына Мікалаеўна.

Працаваць у маладой, сучаснай школе — не толькі прыемна, але і адказна. Кожны рубель, укладзены дзяржавай у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, бабруйскія настаўнікі імкнуцца апраўдаць спаўна. Знешнюю прыгажосць школьнага будынка выдатна дапаўняе прыгажосць унутраная — прафесіяналізм і неабыякавасць педагогаў, зацікаўленасць вучняў і бацькоў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.