Танец сяброўства

- 15:10Навіны рэгіёнаў

“Танец сяброўства” закружыў клецкіх юнакоў і дзяўчат. Прыгожыя танцавальныя кампазіцыі, атмасфера сяброўства і творчасці — усё гэта штогод дорыць раённае мерапрыемства, якое стала добрай традыцыяй.

Танцавальны вечар сабраў юнакоў і дзяўчат у Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці. Мерапрыемства ўпершыню прайшло восем гадоў назад і стала адным з любімых у старшакласнікаў і педагогаў.

Удзельнікі танцавальнага вечара — адзінаццацікласнікі, а праводзіцца ён напярэдадні Таццянінага дня (Дня студэнтаў). І гэта невыпадкова. У хуткім часе адзінаццацікласнікі стануць выпускнікамі і часткай студэнцкага жыцця. І танцавальныя сустрэчы — гэта магчымасць аб’яднацца, пасябраваць, каб у далейшым падтрымліваць адно аднаго падчас важных жыццёвых перамен. Таксама “Танец сяброўства” — гэта магчымасць прывіцця добрых манер пры знаходжанні ў грамадстве, а таксама культуры паводзін з прадстаўнікамі супрацьлеглага полу. Усё гэта, безумоўна, будзе карысным для тых, хто пераходзіць на новую прыступку самастойнасці.

Кожны год мерапрыемства прысвечана пэўнай тэматыцы. У адпаведнасці з ёй кожная ўстанова адукацыі рыхтуе некалькі танцавальных нумароў (звычайна адзін хуткі і адзін павольны танец). Адно з першых мерапрыемстваў было прысвечана старажытным танцам, якія танцавалі на балях. Клецкія школьнікі вывучалі польку, мазурку і паланэз. У мінулым годзе тэмай стаў Год малой радзімы. Падлеткі выконвалі народныя танцы і нумары пад сучасныя беларускія кампазіцыі. Мерапрыемства, зразумела, праводзілася на беларускай мове.

Сёлета ж тэмай была выбрана Англія, яе культура і традыцыі. Свае выступленні юнакі і дзяўчаты выконвалі пад англамоўныя кампазіцыі. Акрамя таго, па-англійску размаўлялі і вядучыя, якія прэзентавалі выступленні. Дарэчы, у гэтым годзе ўпершыню кожная ўстанова-ўдзельніца рыхтавала не проста нумары, а звязвала іх у свой міні-канцэрт. Юныя артысты, акрамя непасрэдна танцаў, як, напрыклад, традыцыйны шатландскі танец, чыталі вершы па-англійску, праспявалі гімн студэнтаў Gaudeamus і правялі цікавы флэшмоб для ўсіх удзельнікаў і гледачоў.

Да мерапрыемства старанна рыхтуюцца: падбіраюць музычны матэрыял, вывучаюць тэму, каб увасобіць яе ў танцы, ствараюць рэквізіт і шыюць касцюмы — словам, робяць усё, каб выступленне было шыкоўным. Таму што з вопыту папярэдніх гадоў усе ведаюць: “Танец сяброўства” застаецца ў памяці надоўга. І сённяшнія клецкія дзесяці-класнікі пачалі думаць аб сваім выступленні ў наступным годзе, тым больш што і тэма ўжо вядома — праз год на мерапрыемстве будуць гучаць вальсы.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены Клецкім ЦДТ.