Вучні 1—4 класаў Малабераставіцкай сярэдняй школы падчас канікул адправіліся на экскурсію ў Гродна.
Дзеці пабывалі ў Гродзенскім абласным тэатры лялек. Гэта найстарэйшы дзеючы тэатр Беларусі. Ля ўвахода нас сустрэла Пэпі Доўгаяпанчоха. Яна запрасіла ўсіх у музей тэатра і расказала гісторыю яго стварэння, паказала, як ажываюць лялькі на сцэне. Потым пачаўся спектакль па беларускай народнай казцы “Піліпка і Ведзьма”. Дзеці былі ў захапленні ад убачанага: ім спадабаліся лялькі, дэкарацыі, майстэрства акцёраў. Многія ўпершыню былі ў тэатры, удыхнулі яго атмасферу.
Потым вучні пабывалі ў парку імя Ж.Э.Жылібера і даведаліся пра гісторыю яго ўзнікнення. Таксама дзеці ўбачылі дом-музей, у якім жыла вядомая польская пісьменніца Эліза Ажэшка.
Ад паездкі ў дзяцей склаліся незабыўныя ўражанні. На памяць засталіся і прыгожыя фатаграфіі. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі шмат новых ведаў і выдатна адпачылі.
Наталля СЯВЕЦ,
настаўніца пачатковых класаў
Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.