Спецыялістаў для сельскай гаспадаркі рыхтуюць у Буда-Кашалёўскім аграрна-тэхнічным каледжы

- 11:06Абитуриент, Образование

У Буда­-Кашалёўскім дзяржаўным аграрна­-тэхнічным каледжы моладзь на ўзроўні ССА асвойвае дзве спецыяльнасці: “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” і “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Запатрабаваныя часам

Манументальны трохпавярховы будынак аграрна-тэхнічнага каледжа ўзвышаецца на ўскраіне Буда-Кашалёва, прыцягваючы ўвагу велічнай прыгажосцю сталінскага ампіру. Гэта найстарэйшая на Гомельшчыне ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе больш за 110 гадоў рыхтуюць кадры для сельскай гаспадаркі. Апошнія 10 гадоў профіль установы адукацыі не мяняецца. Асвоіўшы сакрэты тэхнічнага абслугоўвання і рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, тэхнікі-электрыкі, акрамя дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць некалькі рабочых прафесій: слесар, трактарыст-машыніст катэгорыі С і D, вадзіцель катэгорыі В і С. А тэхнікі-механікі за гады вучобы набываюць дадатковыя навыкі электраманцёра і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі В.

Граніт навук навучэнцы грызуць як на дзённай форме навучання (437 чалавек), так і на завочнай (172 навучэнцы). Тыя, хто паступае пасля 9 класа, вучацца 3 гады і 6 месяцаў, а абітурыенты-адзінаццацікласнікі — на год менш. Тэрмін навучання завочнікаў — тры з паловай гады. Боль­шасць абітурыентаў паступаюць пасля 9 класа. Дарэчы, тэндэнцыя апошніх гадоў — павелічэнне колькасці дзяўчат, якія вырашаюць асвоіць, здавалася б, зусім не жаночыя спецыяльнасці. Сёння іх тут вучыцца 15.

Працэс навучання

Адукацыйны працэс забяспечваюць 36 педагогаў і 9 майстроў вытворчага навучання. У выкладчыкаў установы адукацыі як мінімум дзве вышэйшыя адукацыі: інжынерная і педагагічная. Палова з іх — выпускнікі каледжа.

Будучыя тэхнікі-механікі раз у год адпраўляюцца на сеткавае навучанне ў цэнтры кампетэнцый сельскагаспадарчых тэхналогій Калінкавіцкага дзяржаўнага каледжа меліярацыі і Жлобінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, дзе на сучасным абсталяванні і макетах можна азнаёміцца з новымі сістэмамі дыягностыкі паліўнай, гідраўлічнай сістэм і г.д.

— Мы рыхтуем кіраўнікоў сярэдняга звяна. Тэхнікі-электрыкі ў будучыні працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах у якасці спецыялістаў і выканаўцаў тэхналагічных аперацый па наладцы, мантажы, тэхнічным абслугоўванні і рамонце электраўстановак і сродкаў аўтаматызацыі. А тэхнікі-механікі адпраўляюцца праца­ваць спецыялістамі па эксплуатацыі, бягучым рамонце і тэхнічным абслугоўванні трактароў, сельскагаспадарчых машын, аўтамабіляў, абсталявання і машын у жывёлагадоўлі і корманарыхтоўцы, — расказвае дырэктар каледжа Мікалай Яшчук. — Але перш чым кіраваць, яны павінны пака­заць свой прафесіяналізм у працы, у рамонце сельгастэхнікі і г.д.

Гэтыя прамудрасці студэнты асвойва­юць у працэсе вучобы на 20 га зямлі, замацаванай за ўстановай. Тут яны адпрацоўваюць асноўныя спосабы апрацоўкі глебы і зямлі: узворванне, культываванне, дыскаванне. Аўтапарк каледжа ўключае 5 легкавых аўтамабіляў, 4 трактары рознай магутнасці, у тым ліку энерганасычаныя.

Калі ў першы год навучання першакурснікі, якія скончылі 9 класаў, вывуча­юць агульнаадукацыйныя прадметы, то на другім курсе ўжо знаёмяцца са спецдысцыплінамі, такімі як “Матэрыялазнаўс­тва”, “Тэхнічная механіка”, “Будова і эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Інжынерная графіка”, “Асновы аўтаматыкі”. Практычныя заняткі праходзяць у шматлікіх лабараторыях.

Напрыклад, у лабараторыі “Аўтаматызаваны электрапрывад” будучыя электрыкі вывучаюць ключавыя схемы падключэння, рамонту, абслугоўвання электратэхнікі, без якіх немагчымы тэхналагічныя працэсы сельскагаспадарчай вытворчасці. Так, хлопцы і дзяўчаты разбіраюцца, як функцыянуе халадзільная ўстаноўка прамысловага тыпу: уключаецца кампрэсар, вентылятар, вадзяная помпа і пачынаецца астуджэнне малака ў танках-ахаладжальніках. А яшчэ даведваюцца, як працуе струменевая лінія па перапрацоўцы кармоў, як уладкоўваюцца помпавыя ўстаноўкі для падачы вады спажыўцам на вадакачцы, які прынцып дзеяння электракаларыфернай устаноўкі, якая падагравае паветра ў розных вытворчых памяшканнях, як цеплагенерыруючыя ўстаноўкі ўдзельнічаюць у працэсе сушкі збожжа, як усталёўваюцца мабільныя кормараздатчыкі, якія развозяць і выгружаюць корм, як задаецца пэўная вільготнасць у бункеры актыўнага вентыліравання збожжа…

Людміла Хандакова з навучэнцамі

У лабараторыі “Электразабеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” трэцякурснікі вывучаюць прынцып работы электрасетак, электрычных станцый і падстанцый, займаюцца курсавым праектаваннем.

Ад тэорыі да практыкі

Першую вытворчую практыку на другім годзе навучання маладыя людзі прахо­дзяць на базе ўстановы адукацыі. Практыканты асвойваюць слясарную справу, мантаж электраабсталявання, будову трактароў.

На трэцім курсе будучыя спецыялісты адпраўляюцца практыкавацца на прадпрыемствы да заказчыкаў кадраў. Дарэчы, у асноўным гэта арганізацыі і прадпрыемствы сельгаспрофілю Гомельскай вобласці. Паколькі практыка на старшых курсах доўжыцца некалькі месяцаў, для зручнасці навучэнцы адпрацоўваюць яе на прад­прыемстве, якое бліжэй да дому.

Для мэтавікаў з добрай і выдатнай паспяховасцю прадугледжаны даплаты да стыпендыі ад заказчыкаў кадраў у памеры 3—6 базавых велічынь не толькі падчас практыкі, але і на працягу ўсяго навучальнага года. Так, рублём будучыя работадаўцы матывуюць і заахвочваюць тых, хто цягнецца да ведаў.

У пазаўрочны час у лабараторыях каледжа захопленыя прафесіяй юнакі могуць асвоіць зварку, кавальскую справу, такарныя работы, якія ў апошнія гады не ўвахо­дзяць у вучэбны план.

Навучэнцы каледжа — актыўныя ўдзель­нікі такіх рэспубліканскіх конкурсаў прафмайстэрства, як “Лепшы араты”, “Аграмайстэрства”, “Залаты колас”, ProfSkills, WorldSkills Belarus.

Ёсць сярод старшакурснікаў-выдатнікаў тыя, хто мае намер застацца працаваць у каледжы майстрам вытворчага навучання.

— Прызнацца, пра тое, каб застацца выкладаць у каледжы, я думаў з самага пачатку, — расказвае будучы выпускнік Уладзіслаў Лабаноўскі, які паступіў у каледж пасля 11 класа з сярэднім балам атэстата 9,4. — Мой дзядуля некалі выкладаў тут, і мне хацелася прадоўжыць сямейную дынастыю. Паколькі мне падабаецца тэхніка, выбраў спецыяльнасць “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”. Тэхнічныя дысцыпліны, вядома, найбольш цяжкія, але і цікавыя. Даво­дзіцца запамінаць вялікі аб’ём інфармацыі, але, калі наведваць заняткі і ва ўсё ўні­каць, складанага нічога няма, выкладчыкі вельмі даступна і зразумела тлумачаць. У будучыні, пасля праходжання тэрміновай службы, планую працягнуць адукацыю ў БДАТУ.

У каледжы арганізавана працоўнае навучанне школьнікаў. Старшакласнікі атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку па дзвюх прафесіях: аператар электронна-вылічальных машын (персанальных электронна-вылічальных машын) з прысваеннем 4-га кваліфікацыйнага разраду і слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання з прысваеннем 1-га кваліфікацыйнага разраду. З 1 верасня ў рамках дадатковай адукацыі дарослых на базе каледжа будуць рыхтаваць спецыялістаў па такіх рабочых прафесіях, як аператар машыннага даення, слесар, машыніст-трактарыст.

Спорт. Творчасць. Выхаванне

Спартыўна-масавая работа ў каледжы накіравана на фарміраванне здаровага ладу жыцця, адмаўленне ад шкодных звычак. Навучэнцы рэгулярна займаюцца фізкультурай, наведваюць трэнажорную залу, укамплектаваную абсталяваннем для кардыятрэніровак, універсальным сілавым комплексам для ўсіх груп мышцаў са штангай і гантэлямі, бегавымі трэнажорамі, лавай-стойкай для жыму, наведваюць секцыі па гульнявых відах спорту: футболе, валейболе, баскетболе. А яшчэ займаюцца цяжкай атлетыкай, настольным тэнісам, стральбой.

За год юнакі і дзяўчаты прымаюць удзел прыблізна ў 50 спартыўных конкурсах, мерапрыемствах, святах. Адно з самых значных спаборніцтваў — абласны турнір па міні-футболе сярод каледжаў Гомельшчыны памяці В.П.Кручкова (кіраваў установай адукацыі ў 1976—1998 гг.).

Традыцыйна ва ўстанове праводзяцца спартакіяды сярод навучэнцаў па 6 і 8 відах спорту. Летась у абласной спартакіядзе каманда каледжа ўвайшла ў тройку прызёраў. Першакурснікі спаборнічаюць у конкурсе “Вас выклікае спартландыя”. А зімой навучэнцы дружна ўдзельнічаюць у лыжных гонках.

У пазаўрочны час юнакі і дзяўчаты актыўна наведваюць аб’яднанні па інтарэсах мастацкай самадзейнасці, дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці. У інтэрнатах дзейнічаюць аматарскія клубныя аб’яднанні навучэнцаў “Здароўе”, “Этыкет”, “Прырода і фантазія”, КВЗ.

Творчыя асобы займаюцца ў ансамблі народных інструментаў, вакальна-інструментальным аб’яднанні, удзельнічаюць у творчай самадзейнасці.

У каледжы рэалізуецца праект “Валанцёры, наперад!”. Юныя добраахвотнікі аказ­ваюць дапамогу ў добраўпарадкаванні кветнікаў і азеляненні дваровых тэрыторый горада і каледжа, удзельнічаюць у самых розных акцыях і конкурсах: “Выратуем! Захаваем! Створым!”, “Чысты лес”, “Мой падарунак ветэрану”, “Клопат”, “Цуды на Раство”, “Мяняем цыгарэту на цукерку”, “Стоп, СНІД”.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і прадастаўлена каледжам