Журналісты “Настаўніцкай газеты” прынялі ўдзел у адукацыйнай праграме прафесійнай мабільнасці “Сучасныя мадэлі прафарыентацыйнай дзейнасці са школьнікамі на прыкладзе краін Балтыі” па маршруце Талін — Стакгольм — Рыга — Вільнюс, арганізаванай Цэнтрам міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі. Першым прыпынкам праграмы стала найбуйнейшая ў Балтыі спецыялізаваная выстава “Дні міжнароднай адукацыі”, што прайшла ў Таліне ў канферэнц-цэнтры атэля Radisson Blu Hotel Olümpia.
— Адукацыя за мяжой — гэта цэлая індустрыя, якая складаецца з многіх звёнаў. Каб разабрацца ў інфармацыі, звычайнаму чалавеку спатрэбіцца нямала сіл і сродкаў, — гаворыць дырэктар Балтыйскага савета па міжнароднай адукацыі Яўген Говар. — Наша выстава арганізоўваецца з 2005 года. Для наведвальнікаў гэта ідэальная магчымасць пазнаёміцца з сістэмамі адукацыі розных краін свету, даведацца аб уступных выпрабаваннях, сустрэць кіраўнікоў і вядучых спецыялістаў адукацыйных устаноў, задаць пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы на тэму будучай вучобы з першых крыніц, магчыма, выбраць вучэбныя праграмы і адправіцца вучыцца за мяжу на кароткі перыяд часу, падвучыць замежную мову або ў цэлым атрымаць сярэднюю ці вышэйшую адукацыю. Перакананы, вопыт, набыты ў замежных краінах, дазваляе развіваць эканоміку і той краіны, з якой прыязджае навучэнец.
Сёлета ў выставе прынялі ўдзел міжнародныя моўныя школы, прэстыжныя прыватныя школы, каледжы, універсітэты розных краін свету. Наведвальнікі маглі атрымаць інфармацыю аб праграмах вышэйшай адукацыі (Bachelor, Master, MBA) у Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Швейцарыі, ЗША, Канадзе, Расіі, аб праграмах падрыхтоўкі да паступлення ва ўніверсітэты, аб моўных курсах, аб бясплатнай адукацыі і магчымасцях атрымання стыпендый, грантаў, крэдытаў.
Сярод удзельнікаў выставы — адзін з лепшых універсітэтаў Вялікабрытаніі University of Glasgow, вядомы прыватны ўніверсітэт University of Law; бясспрэчны лідар кантынентальнай Еўропы ў галіне вышэйшай адукацыі — Нідэрланды, самы вядомы прыватны ўніверсітэт Італіі Bocconi University; адна з лепшых бізнес-школ Еўропы IE Business School (Мадрыд); University of Southern Denmark з Даніі і Häme University з Фінляндыі; лепшыя вышэйшыя школы гасцінічнага менеджменту і турызму Swiss Education Group; вядучы ўніверсітэт Чэхіі Charles University in Prague; універсітэты з Германіі, а таксама Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Вышэйшая школа эканомікі (Санкт-Пецярбург), Санкт-Пецярбургскі політэхнічны ўніверсітэт Пятра Вялікага, Southern University і Zhejiang University з Кітая і іншыя навучальныя ўстановы, дзе можна атрымаць ступень бакалаўра ці магістра, паступіць у дактарантуру ці прайсці сціслыя прафесійныя курсы.
Навучэнка Рускага ліцэя ў Таліне Ганна прыйшла на выставу разам з мамай. Дзяўчына хоча стаць урачом, паглыблена вывучае хімію і бялогію, аднак вучыцца жадае не ў Эстоніі, а за мяжой. Свой выбар Ганна спыніла на італьянскім універсітэце. Уся справа ў тым, што ў Італіі ёсць магчымасць уладкавацца па медыцынскай спецыяльнасці на работу. Дарэчы, гэта мяне больш за ўсё ўразіла, бо ў нас маладыя людзі спачатку атрымліваюць спецыяльнасць, а потым ужо шукаюць месца работы.
Праграмы асноўнай і сярэдняй школы, а таксама спецыяльныя падрыхтоўчыя курсы прадэманстравалі прадстаўнікі вядомых ва ўсім свеце прыватных і дзяржаўных школ. Напрыклад, прыватная школа Gordonstoun з Шатландыі, якую заканчвалі тры пакаленні каралеўскай сям’і, уключаючы прынца Філіпа, герцага Эдынбургскага (мужа каралевы Лізаветы ІІ), прынца Чарльза, прынца Эндру і прынца Эдварда. Праграма навучання, што дзейнічае ў школе, не проста падштурхоўвае кожнага вучня рэалізаваць свой акадэмічны патэнцыял — яна дапамагае яму знайсці сябе ў жыцці. Дэвіз школы — “Ты здольны на большае!”. Экспедыцыі на Паўночна-Шатландскае нагор’е і ўрокі мараходства на ўласным парусніку — неад’емны складнік штодзённага школьнага жыцця. Заняткі за межамі школьных кабінетаў даюць вучням бясцэнны вопыт лідарства і каманднай работы. Яшчэ адзін складнік рабочага тыдня ў Gordonstoun — актыўны ўдзел у грамадскіх работах, што развівае ў навучэнцаў пачуццё асабістай і сацыяльнай адказнасці. У грамадскіх работах прымаюць удзел усе навучэнцы. А пачынаючы з 11 класа кожны вучань выбірае адзін з дзевяці відаў работы ў якасці пастаяннага абавязку. Ён можа далучыцца да пажарнай брыгады, берагавой аховы, брыгады выратавальнікаў на байдарках ці стаць сацыяльным работнікам і дапамагаць мясцовым сем’ям, дзе ёсць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Навучанне ў школе вядзецца па брытанскіх праграмах GCSE (праграма атрымання сярэдняй адукацыі; навучэнцы вывучаюць 8—10 прадметаў) і A-Level (падрыхтоўка да паступлення ва УВА; паглыбленае вывучэнне 3—4 вучэбных прадметаў). На кожнага выкладчыка прыходзіцца не больш за 7 вучняў, так што педагогі маюць магчымасць дакладна кантраляваць працэс навучання кожнага.
Columbia International College — найбуйнейшая ў Канадзе прыватная школа-пансіён, у якой вучыцца больш за 1800 навучэнцаў з 70 краін свету. “Штогод мы выпускаем па 800—900 чалавек, і яны стапрацэнтна паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — расказвае прадстаўнік каледжа. — Акцэнт робіцца на акадэмічную падрыхтоўку. У той жа час вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю характару і лідарскіх якасцей студэнтаў. Каледж працуе па ўнікальнай сістэме, якая заключаецца ва ўсебаковай апецы навучэнцаў: мы клапоцімся пра акадэмічныя, сацыяльныя, фізічныя, эмацыянальныя патрэбы дзіцяці. Дзякуючы такому індывідуальнаму падыходу, у нас атрымліваюцца добрыя вынікі. У навучэнцаў ёсць магчымасць прыехаць на адзін год, каб прайсці даўніверсітэцкую падрыхтоўку. Мы рыхтуем да паступлення на розныя факультэты, рэалізуюцца дызайн-праграмы, бізнес-праграмы і інш. Мы заахвочваем студэнтаў да таго, каб яны ўсвядомлена падыходзілі да выбару прафесіі. Навучанне каштуе каля 26 тысяч долараў у год”.
У апошнія гады адным з самых папулярных відаў правядзення канікул ці адпачынку для моладзі сталі моўныя курсы за мяжой. У выставе прыняла ўдзел адна з лепшых школ англійскай мовы Вялікабрытаніі Wimbledon School of English. Дзясяткі прапаноў на лета для школьнікаў ад такіх школ, як Academic Summer, Eastbourne College і інш. Так, брытанская кампанія Academic Summer арганізоўвае летнія праграмы з вывучэннем англійскай мовы ў спалучэнні з акадэмічнымі прадметамі. Кошт праграм — каля 1500 еўра за тыдзень. Захапляльныя праграмы “Англійская + спорт і актыўны адпачынак” прадставілі Clifton College і Moreton Hall School з Англіі, Schule Schloss Salem з Германіі і іншыя навучальныя ўстановы.
Выстава пакінула прыемныя ўражанні і нагадала мне беларускую спецыялізаваную выставу “Адукацыя і кар’ера”, але ўсё ж падалося, што цікавых прапаноў і запрашэнняў на балтыйскай выставе было значна больш. Для навучэнцаў — а яны прыходзілі цэлымі групамі з педагогамі і бацькамі — гэта добрая магчымасць вызначыцца, дзе працягнуць вучобу далей, і зрабіць усвядомлены выбар прафесіі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.