Тыя, хто стварае дабрабыт

- 10:34Навіны рэгіёнаў

Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў па праве можна назваць кузняй будаўнічых кадраў. Ён бярэ свой пачатак з адкрыцця ў сакавіку 1947 года школы фабрычна-заводскага навучання і ўваходзіць у дзясятку найстарэйшых прафесійных навучальных устаноў на Гомельшчыне. За час свайго існавання прафтэхустанова падрыхтавала больш як 20 тысяч спецыялістаў па розных будаўнічых спецыяльнасцях.

Будаўнік — чалавек асаблівай загартоўкі. Ён працуе ў любое надвор’е, узводзячы новыя аб’екты. Ён здольны зрабіць гарады і вёскі прыгажэйшымі і палепшыць тым самым умовы жыцця людзей. Праца будаўніка заўсёды на вачах. Многія заводы, фабрыкі, будынкі сацыяльнага прызначэння, жылыя дамы ўзводзілі выпускнікі гомельскага будаўнічага ліцэя. Гэта і ёсць лепшы паказчык таго, чаму іх навучылі выкладчыкі і майстры вытворчага навучання.

Сёння ў прафтэхустанове рыхтуюць муляраў, тынкоўшчыкаў-муляраў, электрагазазваршчыкаў, бетоншчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання і іншых спецыялістаў. Падрыхтоўка кадраў вядзецца згодна з запатрабаваннямі рынку працы.

Ужо 20 гадоў, як на базе ліцэя адкрыты цэнтр па прафесійнай падрыхтоўцы асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта вялікая справа, якая патрабуе пэўных намаганняў і асаблівага прафесіяналізму педагагічнага калектыву.

— Такія навучэнцы ў нашым калектыве не звяртаюць увагі на свае асаблівасці, яны адчуваюць сябе яго раўнапраўнымі членамі, — адзначае загадчыца цэнтра Валянціна Радабольская. — Усе педагогі і навучэнцы ліцэя падтрымліваюць атмасферу добразычлівасці, разумення, спакою ў адносінах да такіх людзей.

Шмат выдатных выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, кіраўнікоў і проста добрых людзей памятае гісторыя ліцэя. Ёсць тут і свае працоўныя дынастыі. Так, агульны стаж сям’і Гардуноўскіх налічвае 75 гадоў. Ва ўстанове працавалі заснавальнік дынастыі і яго жонка, вучыліся і працавалі абодва іх сыны, вучыўся таксама ўнук Ягор.

Годна працягваюць лепшыя традыцыі навучальнай установы сённяшнія працаўнікі. Так склалася, што ўпісацца ў калектыў ліцэя будаўнікоў можна толькі чалавеку чуламу і сумленнаму. Кажуць, што так павялося амаль 30 гадоў назад, калі ўстанову ўзначальваў Іван Сямёнавіч Самусеў. Ён не толькі ўмела згуртаваў калектыў, але і даваў магчымасць кожнаму знайсці свой творчы шлях, развівацца ў прафесіі. Іван Сямёнавіч і зараз, хаця і на заслужаным адпачынку, застаецца ў любімым калектыве, працягвае ўносіць свой уклад у выхаваўчую і патрыятычную работу з навучэнцамі. За шматгадовую плённую працу ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі І.С.Самусеў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”, нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” і “За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі”, а таксама шматлікімі граматамі.

Сёння педагагічны калектыў гомельскага ліцэя будаўнікоў укараняе новыя перадавыя тэхналогіі, дзеліцца вопытам на абласных і рэспубліканскіх семінарах. Самыя старанныя юнакі і дзяўчаты атрымліваюць дыпломы з адзнакай, становяцца стыпендыятамі абкама прафсаюза будаўнічай галіны. Сталі ўжо своеасаблівай традыцыяй сустрэчы з шатландскімі скаўтамі, а таксама абмен дэлегацыямі з вучэбным цэнтрам шатландскага Абердзіна.

У ліцэі сфарміраваліся свае традыцыі, якія педагогі і навучэнцы захоўваюць, развіваюць і прымнажаюць. Ён шэфствуе над манументам воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, над магілай М.Ф.Малайчука, чыім імем названа вуліца ў Гомелі, на якой размешчана ўстанова. У ліцэі адкрыты музейны пакой, прысвечаны яго памяці, у мінулым годзе з’явілася сцяна памяці ў гонар воінаў-лётчыкаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і двойчы Героя Савецкага Саюза П.Я.Галавачова.

З верасня 2014 года ліцэй узначальвае Сяргей Канапліцкі, які надаў новы імпульс мадэрнізацыі навучальнай установы.

— Залаты фонд ліцэя — яго людзі, — гаворыць Сяргей Георгіевіч. — У гэтых сценах сфарміравался сапраўднае братэрства з людзей, ахопленых духам творчасці, жаданнем новых адкрыццяў, новых дасягненняў. Гады будуць няўмольна адлічваць час, а ліцэй усё роўна будзе заставацца маладым, таму што яго сцены будуць напаўняцца новымі звонкімі галасамі навучэнцаў. Выхаваць з іх сапраўдных патрыётаў і прафесіяналаў сваёй справы — наша галоўная задача.

Наталля ЛУТЧАНКА.