Толькі прафесіянал можа выхаваць паспяховага вучня

- 12:17Планёрка ў рэгіёне

Адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Гомельскай вобласці і метадычнай службы раёна — работа з адоранымі навучэнцамі, якая не спыняецца і летам. У чэрвені для 7—8- класнікаў раёна працуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем для высокаматываваных навучэнцаў “Эрудыт”. Пра гэта расказаў начальнік аддзела Аляксандр Мікалаевіч САЛАЎЁЎ.

— Ужо ў пачатку навучальнага года ў раёне арганізоўваюцца вучэбна-трэніровачныя зборы, у якіх удзельнічаюць вучні, уключаныя ў банк адораных — наш рэзерв, дыпламанты ўсіх этапаў рэспубліканскай алімпіяды папярэдняга года, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. — Заняткі з імі праводзяць самыя вопытныя педагогі раёна. Работа працягваецца і пасля раённага этапу алімпіяд, толькі ўжо непасрэдна з камандай, якая будзе прадстаўляць раён на вобласці. Да навучання далучаюцца і вучні, якія не ўвайшлі ў склад каманды, але маюць высокія вынікі.

Упэўнены, што толькі прафесіянал можа выхаваць паспяховага вучня. Для настаўнікаў, якія займаюцца з алімпіяднікамі, спецыялісты вучэбна-метадычнага кабінета раёна арганізоўваюць майстар-класы, трэнінгі, практычныя заняткі па напісанні водзыву і складанні вуснага выказвання, практыкумы па рашэнні задач павышанай складанасці для настаўнікаў хіміі, біялогіі, фізікі, матэматыкі, рускай, беларускай мовы і літаратуры і іншых вучэбных прадметаў. Заняткі для іх праводзяць самыя вопытныя педагогі раёна. Раённыя творчыя групы настаўнікаў рыхтуюць дыдактычны матэрыял па найбольш складаных тэмах, якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі каманд да рэспубліканскіх алімпіяд. Нашы настаўнікі заўсёды актыўныя ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх вучэбных семінараў, курсаў на платнай аснове.

Работа з навучэнцамі працягваецца і пасля таго, як завяршаюцца ўсе этапы рэспубліканскай алімпіяды. Каласальныя нагрузкі выклікаюць у алімпіяднікаў стомленасць, часам расчараванне, нежаданне рушыць далей, асабліва ў тых, хто не стаў прызёрам. У гэты перыяд вялікую дапамогу дзецям аказваюць педагогі-псіхолагі.

Добра развіта і сістэма заахвочвання навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў. Старшыня райвыканкама ва ўрачыстай абстаноўцы ўручае вучням і педагогам каштоўныя падарункі, грашовыя прэміі, а таксама падзячныя лісты бацькам. Лісты рассылаюцца на прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі нашых алімпіяднікаў з удзячнасцю за добрае выхаванне дзяцей і прапановай заахвоціць мам і татаў.

— Што спрыяе паспяховай рабоце педагогаў? Якія сучасныя адукацыйныя тэхналогіі яны выкарыстоўваюць?

— Разумнае спалучэнне тэхналогій, прыёмаў, метадаў і прафесійнай падтрымкі дапамагае вырасціць прафесійнага настаўніка. Трывала ўкараніліся ў практыку педагогаў Жлобінскага раёна тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, праблемнае навучанне, ІКТ, праектныя і даследчыя метады, тэхналогія інтэнсіфікацыі навучання на аснове схемных і знакавых мадэлей вучэбнага матэрыялу (В.Ф.Шаталаў), гульнявыя метады, актыўныя формы работы, актыўная ацэнка, перавернутае навучанне і інш. Рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” (гімназія № 1), “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння” (гімназія № 8), “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання” (сярэдняя школа № 11).

Для распаўсюджвання эфектыўнага вопыту прымянення сучасных тэхналогій на восеньскіх канікулах праводзіцца раённы фестываль педагагічнай творчасці, дзе педагогі раёна даюць майстар-класы, арганізоўваюць работу ў педагагічных майстэрнях, творчых лабараторыях. Добра ўкаранілася такая форма работы, як пастаянна дзеючы семінар, якая можа паспяхова прымяняцца і на ўзроўні раёна, і на ўзроўні ўстаноў адукацыі. У 2018/2019 навучальным годзе працавала 7 пастаянна дзеючых семінараў: “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання”, “Падрыхтоўка да кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, “Эфектыўныя формы і прыёмы работы з навучэнцамі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання” і інш.

У Жлобінскім раёне — тры лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Гэта дырэктар настаўнік фізікі сярэдняй школы № 10 Алег Анатольевіч Купрацэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца фізікі сярэдняй школы № 13 Алена Аляксандраўна Ананчыкава, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Дзмітрый Барысавіч Доўнар. Лаўрэаты абласнога этапу — настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 8 Таццяна Віктараўна Котава, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 10 Мікалай Гардзеевіч Тарасеня.

Якія адукацыйныя паслугі на платнай аснове прапаноўваюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі?

— Адукацыйнымі паслугамі на платнай аснове сёння ахоплена амаль дзве тысячы дашкольнікаў раёна. У дашкольных установах зараз ёсць наступныя адукацыйныя паслугі: майстэрня тэхнічнага канструявання, творчая майстэрня, дзіцячы фітнес, падрыхтоўка юных турыстаў. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца заняткі па харэаграфіі і замежнай мове. З 2015 года выхаванцы старшых груп далучаюцца да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва — ручнога ткацтва з прымяненнем тэхналогіі габеленапляцення. Гэта адукацыйная паслуга аказваецца таксама на платнай аснове. Радуе, што актыўна ў гэтым кірунку працуюць сельскія ўстановы. Акрамя таго, установы дашкольнай адукацыі ствараюць групы кароткачасовага знаходжання (адаптацыйныя, гульнявыя пляцоўкі, вячэрнія групы, групы выхаднога дня, матчыны школы).

Наколькі ахвотна выпускнікі раёна выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці?

— Узровень паступлення нашых выпускнікоў у педагагічныя навучальныя ўстановы стабільны. Так, у 2017 годзе 92 выпускнікі выбралі педагагічныя спецыяльнасці, у 2018 годзе — 86 чалавек. Штогадовая заяўка на паступленне па мэтавых дагаворах ад раёна ў сярэднім на 18 выпускнікоў. У Жлобінскім раёне зараз, у прыватнасці, не хапае настаўнікаў тэхнічнай працы.

У канцы навучальнага года ў сярэдніх школах №№ 11 і 12 Жлобіна прайшоў кірмаш прафесій для выпускнікоў устаноў. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў адукацыі не толькі Гомельскай вобласці, але і Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей і Мінска.

Метадычная служба раёна аналізуе найбольш тыповыя цяжкасці, што адчуваюць студэнты і выпускнікі педагагічных устаноў, маладыя спецыялісты, якія прыступаюць да работы, і садзейнічае вырашэнню гэтых праблем.

Надзея ЦЕРАХАВА.