Трафарэтамі для галасавання людзей са слабым зрокам забяспечаны ўсе ўчасткі

- 15:01Выбары 2015

Цэнтрвыбаркам Беларусі абнародаваў правілы запаўнення бюлетэняў для галасавання з дапамогай трафарэтаў, прызначаных для самастойнага галасавання выбаршчыкаў са слабым зрокам.

У ЦВК растлумачылі, што трафарэт уяўляе сабой папку-вугалок з тонкага кардону прамавугольнай формы памерам А4 з адкрытымі правым і верхнім краямі. На правым баку трафарэта знаходзяцца адтуліны круглай, квадратнай і адна прамавугольнай формы. Бюлетэнь для галасавання ўкладваецца правым бокам уверх у трафарэт, пры гэтым прозвішчы кандыдатаў і іншыя пазіцыі бюлетэня супадуць з адпаведнымі адтулінамі на трафарэце. Круглымі адтулінамі на трафарэце абазначаны прозвішчы кандыдатаў у прэзідэнты ў тым парадку, у якім яны размешчаны ў бюлетэні: адным кругам у першым радку – Гайдукевіч Сяргей Васільевіч; двума кругамі ў другім радку – Караткевіч Таццяна Мікалаеіна; трыма кругамі ў трэцім радку – Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч; чатырма кругамі ў чацвёртым радку – Улаховіч Мікалай Дзмітрыевіч.
У кожным радку справа ад круглых адтулін маюцца адтуліны ў выглядзе квадратаў, якія супадаюць з такімі ж квадратамі на бюлетэні. Выбаршчыку неабходна выбраць радок, што абазначае прозвішча кандыдата, за якога ён хоча аддаць свой голас, і ў квадраце справа ад патрэбнага круга (кругоў) паставіць любы знак (птушачку, крыжык, кропку і г.д).
Для галасавання “супраць усіх кандыдатаў” унізе на трафарэце ёсць адтуліна ў выглядзе прамавугольніка, размешчанага гарызантальна, і адтуліна ў выглядзе квадрата справа ад яго. Пры галасаванні супраць усіх кандыдатаў трэба паставіць любы знак у квадратнай адтуліне справа ад прамавугольніка.
Бюлетэнь, у якім знак пастаўлены больш як у адным квадраце або не пастаўлены ні ў адным з іх, прызнаецца несапраўдным.
Укласці бюлетэнь у трафарэт можа сам выбаршчык з парушэннямі зроку з дапамогай члена ўчастковай камісіі або (па яго просьбе) гэта можа зрабіць суправаджальнік. “Калі краі бюлетэня і трафарэта супадаюць, а ў прамавугольнай адтуліне поўнасцю бачны словы “Супраць усіх кандыдатаў”, бюлетэнь укладзены ў трафарэт правільна”, – растлумачылі ў ЦВК.
Як паведамляла раней старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, на гэтых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі на агульных участках плануецца па два трафарэты для галасавання інвалідаў па зроку.