Траса для скі-кросу ў Сьера-Невадзе дазваляе беларусам пайсці ва-банк

- 13:09Спартыўныя падзеі

Адной з замыкаючых дысцыплін на Сусветнай зімняй універсіядзе ў іспанскай Гранадзе для беларускай каманды стане скі-крос. Фрыстайлісты і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Аляксандр Наканечны і Сяргей Мазалеўскі прыступілі да афіцыйных трэніровак. Думаецца, на момант выхаду матэрыялу ўжо будуць вядомы вынікі іх першых выступленняў, пакуль жа мы размаўляем з трэнерам каманды Вадзімам Аляксандравічам Кучыным аб перспектывах беларускіх спартсменаў і нюансах гарналыжнай падрыхтоўкі.

— Мы спадзяёмся на лепшае, бо маем вопыт выступлення на ўніверсіядах. Для Аляксандра Наканечнага гэта трэція міжнародныя студэнцкія спаборніцтвы, ён ужо выступаў у італьянскім Трэнта і турэцкім Урзуруме. Для Сяргея Мазалеўскага — другія. На ўніверсіядзе ў Італіі ў яго былі ўсе шансы трапіць у лік лепшых, аднак Сяргей падчас выступлення ўступіў у жорсткую кантактную барацьбу з польскім фрыстайлістам, у выніку чаго проста вылецеў з трасы. Шкада, бо былі ўсе шансы на годны вынік.

— Спадзяёмся на лепшае, значыць, на прызавыя месцы?
— Калі мы хочам, каб наш від спорту развіваўся ў Беларусі, то павінны паказаць ад 1 да 6 месца, у крайнім выпадку 8 месца.

— Вы прыехалі сюды крыху раней за іншыя каманды, якія выступяць у скі-кросе. Гэта дае пэўную перавагу?
— Не думаю, што перавагу, для нас гэта проста магчымасць дадатковай падрыхтоўкі. Напярэдадні ўніверсіяды каманда фрыстайлістаў прымала ўдзел у этапе Кубка Еўропы ў Францыі. Там мы адкрывалі спаборніцтвы і выступалі па-за конкурсам. Паказалі вынік недзе ў сярэдзіне спіса. Улічваючы, што да гэтага ў нас было толькі 4 дні падрыхтоўкі, вынік вельмі нядрэнны. З Францыі прыехалі прама сюды. Па-першае, гэта блізка, па-другое, маем час крыху асвоіцца ў новых умовах і абкатаць трасу.

— Здаецца, беларускіх спартсменаў, якія спецыялізуюцца ў скі-кросе, можна пералічыць на пальцах?
— Так, сёння ў Беларусі іх усяго тры: Наканечны, Мазалеўскі і Кучын (малодшы). Для таго каб падрыхтаваць сур’ёзных фрыстайлістаў, патрэбна цэлая плеяда 15—16 гадовых гарналыжнікаў. Да гэтага ўзросту няма асаблівай розніцы ў падрыхтоўцы, бо толькі ў пятнаццаць можна бачыць, наколькі падыходзіць спартсмен да нашага віду спорту: у яго ўжо вызначаны шкілет, мышачная маса. А пачынаць станавіцца на лыжы, канечне, трэба не пазней за 5 гадоў. Гэта якраз той узрост, калі косці акрэплі. Я сам родам з Сібіры, і ў нас набіраюць дзетак на гарналыжную падрыхтоўку ўжо ў 3—4 гады. У Еўропе іншы падыход, іншы метад.

— Ну, напрыклад, тут у гарналыжным цэнтры Сьера-Невада нямала трохгадовых дзяцей, якія пад кіраўніцтвам інструктараў асвойваюць горныя лыжы. Што вы маеце на ўвазе пад іншым, асаблівым падыходам?
— Не ведаю, як у Іспаніі, але ў Францыі існуе нешта накшталт спецыяльных дзіцячых лагераў, дзе вядзецца гарналыжная падрыхтоўка. Нярэдка такая праграма разлічана на выхадныя дні. З раніцы бацькі прыводзяць дзетак у гарналыжны цэнтр, і пачынаецца першая трэніроўка. Потым дзеці абедаюць і адпачываюць, для іх прадугледжаны сон. У другой палове дня — другая трэніроўка. Простая і вельмі эфектыўная сістэма аздараўлення! У дзіцячай зоне прадумана ўсё для поўнага камфорту: спецыяльныя горкі, макеты, бэбі-ліфты, на бягучую стужку якіх проста становішся лыжамі і яны падымаюць цябе ўгару. У такой дзіцячай зоне некалькі схілаў.

— Зусім нядаўна ў Гранадзе мы разважалі на гэтую тэму з гарналыжнікам Юрыем Данілачкіным, які ўпэўнены, што нешта падобнае можна арганізаваць і ў Беларусі.
— Поўнасцю згодны з ім, аднак, на мой погляд, такія цэнтры, як Сілічы і Лагойск, для гэтага не вельмі прыдатныя, паколькі знаходзяцца за горадам. Падвоз дзяцей будзе каштаваць немалых сродкаў. Значна больш камфортны ў гэтым плане комплекс “Сонечная даліна”. Ідэя выдатная. Па-першае, гэта аздараўленне, а па другое, менавіта так і нараджаюцца зоркі. Чаму б не развіваць далей тых, у каго ёсць талент.

— Комплекс “Сонечная даліна” знаходзіцца ў Мінску, а сталічныя дзеці і так маюць вялікі выбар заняткаў па інтрэсах. Многія трэнеры адзначаюць, што ім прыходзіцца рабіць не адбор, а набор.
— Сапраўды так. Аднак у нас не той від спорту, дзе ўжо на пачатковым этапе патрэбен талент. Вельмі многае вырашае зацікаўленасць і здаровая ўпартасць бацькоў, якім прыйдзецца мірыцца не толькі з тым, што трэба вазіць дзяцей на трэніроўкі за горад, але і з элементарнай адсутнасцю памяшканняў, дзе можна пераапрануцца і адпачыць. Напрыклад, у Сілічах нам нават няма дзе пакінуць інвентар.

— Нягледзячы на ўсё гэта, у нас на ўніверсіядзе два, па вашых словах, перспектыўныя спартсмены.
— Так, і нам тут страчваць няма чаго, мы пойдзем ва-банк. Траса ў Сьера-Невадзе не вельмі складаная, а значыць, трэба гнаць так, каб кашуля заварочвалася. Адзінае, чаго я не хачу, гэта рабіць нешта неўсвядомлена, бо так можна траўміраваць спартсменаў.
Усё, што мог, я ўжо зрабіў, цяпер застаецца не перашкаджаць, бо ў кожнага са спартсменаў перад стартам свае патрабаванні.

— Якія, калі не сакрэт?
— Сяргей Мазалеўскі рыхтуецца да выступлення сам, яму трэба пабыць у адзіноце, прааналізаваць кожны элемент выступлення да дробязей. Аляксандру Наканечнаму дастаткова таго, што я проста стаю на трасе.

З Гранады Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.