Трэніруюцца як спартсмены, выступаюць як танцоры

- 11:40Спартыўныя падзеі

Амаль у кожнай установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуюць аб’яднанні па інтарэсах па брэйк-дансе. Хоць больш правільна называць такі танцавальна-спартыўны напрамак “брэйкінгам”. Дарэчы, брэйкінг прызнаны новым відам спорту летніх Алімпійскіх гульняў — 2024, што адбудуцца ў Парыжы. Плануецца, што брэйкінг пасадзейнічае амалажэнню Алімпійскіх гульняў, бо ім пераважна займаецца моладзь. Як брэйкінг развіваецца ў нашай краіне і ці гатовы айчынныя спартсмены годна выступіць на Алімпіядзе ў гэтым відзе спорту — абмяркуем са старшынёй Беларускай федэрацыі брэйкінга Паўлам Чорным.

— Павел, як і калі вы захапіліся брэйкінгам?

— Я пачаў танцаваць у 2003 годзе, паглядзеўшы фільм “Ямакасі”, героі якога рабілі неверагодныя сальта. Пачаў вучыцца рабіць сальта ў сакавіку, скачучы з лавачкі ў сумёт. (Смяецца.) А ў гэты час міма праходзілі мае аднакласнікі і, даведаўшыся, чым я займаюся, параілі стаць брэйк-дансерам, як тады гаварылі. Да таго ж высветлілася, што адзін з гэтых дарадчыкаў ужо дзесьці займаўся, меў невялікі вопыт і ўмеў рабіць некаторыя элементы. Таму на наступны дзень мы пайшлі да яго нашай бандай і пачалі займацца брэйкінгам. Дарэчы, трое юнакоў з маёй першай каманды Fox Kidz былі маімі аднакласнікамі, і, пасля рэарганізацыі каманды ў Fatality, разам мы шмат дзе перамагалі. Але пазней я перайшоў у Conquistador, з якім выступаю і зараз. Гэтай камандай мы займалі і займаем прызавыя месцы на буйных міжнародных спаборніцтвах. Так, у мяне больш за 50 прызавых месцаў як рэспубліканскіх, так і міжнародных.

Я заўсёды любіў актыўны лад жыцця, экстрым, рухавасц­ь, фізічныя нагрузкі, адрэналін, саперніцтва і музыку — гэта ўсё і ёсць у брэйкінгу. У іншых танцах няма такога спартыўнага складніка, як у нас. Да таго ж сёння брэйкінг стаў алімпійскім відам спорту, са сваёй структурай, іерархіяй рухаў і судзействам.

— Брэйкінг — не проста спорт, а цэлая культура, якая аб’ядноўвае тысячы людзей з пэўным ладам жыцця і мыслення…

— Так. На працягу паўстагоддзя брэйкінг з’яўляецца част­кай хіп-хоп-культуры. Бі-боі і бі-гёрлы (B-Boy/B-Girl) заў­сёды вылучаюцца тым, як яны апрануты, сваімі паводзінамі, паходкай, слэнгам і адназначна мысленнем. Канечне, зараз брэйкінг — гэта спорт, але задача ўсіх трэнераў — дадаць да яго сапраўдную культуру хіп-хопа.

Акрамя таго, брэйкінг — танец з вялізным патэнцыя­лам, бо ён відовішчны і моцны. У ім ёсць усё: саперніцтва, запал, танцавальны дыялог. Мы трэніруемся на максімуме, каб стац­ь лепшымі, каб стаць чэмпіёнамі, і гэта мара мільёнаў бі-бояў. Патэнцыял брэйкінга яшчэ і ў тым, што ён стаў алімпійскім відам спорту. Ужо цяпер ідзе вялікае ўкладанне фінансаў у гэты кірунак па ўсім свеце, ствараюцца федэрацыі, якія падтрымліваюць дзяржорганы і алімпійскія камітэты, вядомыя сусветныя кампаніі, становячыся спонсарамі і партнёрамі спаборніцтваў і чэмпіянатаў па брэйкінгу. І хоць нашай культуры ўжо 60 гадоў, але цяпер у кардынальна вектарным напрамку мы скіроўваемся ў бок спорту.

Павел Чорны (BBoy Pashker) — старшыня Беларускай федэрацыі брэйкінга, прызёр больш за 50 танцавальных рэспубліканскіх і міжнародных турніраў і чэмпіянатаў. У 2010 го­дзе скончыў БДУІР па спецыяльнасці “Інжынер-эканаміст”, а крыху пазней — БДУКМ па спецыяльнасці “Харэограф-педагог”. Зараз вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці “Фізічная культура і спорт” і распрацоўвае праграму для навучання ва УВА па спецыя­лізацыі “трэнер па брэйкінгу” на кафедры гімнастыкі БДУФК. Танцавальны стаж 18 гадоў, выкладчыцкі — 13.

— Пытанне, якім, напэўна, задаюцца многія: у брэйкінгу чаго больш — танца або спорту і як правільна вас называць — спартсменамі ці ўсё ж такі па-ранейшаму танцорамі?

— Цяпер часцей нас называюць спартсменамі дысцыпліны або віду “брэйкінг”. Калі займаюся з дзецьмі, то заўсёды гавару ім: “Вы ўсе — спартсмены, таму да кожнай трэніроўкі павінны падыходзіць як прафесійныя спартсмены, прытрымліваючыся рэжыму дня. Але на танцпляцоўцы або калі выступаеце на чэмпіянаце, павінны адчуваць сябе як дзеячы мастацтва. Таму атрымліваецца, што мы рыхтуемся і трэніруемся як спартсмены, а выступаем як танцоры, раскрываючы свой унутраны стан і спрабуючы зліцца з музыкай. Але калі няма правільных структур, пераходаў і вы проста танцуеце пад музыку, то атрымаецца сучасны танец з элементамі брэйкінга”. Каб раскрыцца пры дапамозе інструментаў брэйкінга, трэба быць вельмі добра фізічна развітым, а гэта дасягаецца толькі пры дапамозе прафесійных трэніровак.

— Давайце нагадаем, калі брэйкінг прыйшоў у Беларусь і як развіваўся.

— Развіваўся хвалепадобна, было некалькі этапаў. Адна з першых каманд Беларусі — D.D.Crew з Наваполацка яшчэ ў 90-х гадах ездзіла ў Рыгу на міжнародныя чэмпіянаты і нават заваёўвала прызавыя месцы. Тады нашы рэгіёны былі вельмі моцнымі. Затым у 2000-х быў вялікі паток у Мінску, з якога многія ў 2005—2010 гадах сталі паважанымі танцорамі. Мяняліся пакаленні і каманды, мае выхаванцы больш актыўна пачалі ездзіць па Еўропе з 2015 года. Сёння танцоры і суддзі розных краін ведаюць, што ў Беларусі ёсць брэйкеры дастаткова высокага ўзроўню, якія займаюць прызавыя месцы. На жаль, з-за пандэміі мы менш сталі выяз­джаць і паказваць свае здольнасці. Але брэйкінг працягвае развівацца, з’яўляюцца новыя школы, моцныя трэнеры і таленавітыя спартсмены. Прасоўванню нашай спартыўнай дысцыпліны спрыяе і Беларуская федэрацыя брэйкінга.

— Як даўно існуе Беларуская федэрацыя брэйкінга і чым яна займаецца?

— РМГА “Беларуская федэрацыя брэйк-данса” было створана 19 верасня 2017 года. Падставай для з’яўлення аб’яднання стаў той факт, што брэйкінг уключылі ў праграму летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2018 года. Зараз мы перарабілі структуру і назву федэрацыі, стаўшы РГА “Беларуская федэрацыя брэйкінга”. За 4 гады намі была праведзена даволі вялікая работа і з наменклатурай, і з дакументацыяй, і з арганізацыяй сумеснай дзейнасці з Міністэрствам спорту і турызму і Нацыянальным алімпійскім камітэтам, з партнёрамі і спонсарамі рэспубліканскіх спаборніцтваў, у тым ліку адпраўка танцораў за мяжу на спаборніцтвы. Напрыклад, паездку на чэмпіянат Еўропы аплачвае наша федэрацыя.

У БФБ уваходзяць трэнеры ўсіх абласцей. Дакладную колькасць бі-бояў пакуль не назаву, але прыкладна больш за тысячу, ёсць актыўныя і пасіўныя. Актыўных каля 600 чалавек, і ўсе яны ўваходзяць у нашу федэрацыю.

БФБ праводзіць штогадовы чэмпіянат рэспублікі з 14 адборачнымі турамі ў такіх гарадах, як Кобрын, Ліда, Орша, Мазыр, Бабруйск, Жодзіна, і ва ўсіх абласных цэнтрах. Адбор праходзіць на працягу паўгода, з мая па лістапад, удзел бясплатны, колькасць танцораў велізарная, а пераможцы і прызёры затым адпраўляюцца прадстаўляць нашу краіну на буйныя міжнародныя чэмпіянаты.

Дарэчы, беларуская школа брэйкінга — адна з самых моц­ных на планеце. На чэмпіянаце свету сярод юніёраў, які праходзіў усяго толькі 5 разоў, нашы спартсмены тройчы прабіваліся ў фінал і заўсёды займалі прызавыя месцы: адно 1-е і два 2-х. Беларусь — адзіная краіна, якая мае тры ўзнагароды ў гэтай катэгорыі. На жаль, мы не можам гаварыць пра такі ж узровень сярод прафесіяналаў з-за змены пакаленняў. Але юніёры — гэта наша аб’ектыўная патэнцыяльная надзея на алімпійскія медалі.

— Павел, а як будуць ацэньвацца спаборніцтвы па брэйкінгу на Алімпійскіх гульнях?

— Ёсць алімпійская сістэма trivium — аўтаматычная, даволі складаная і не для ўсіх пакуль адкрытая, яе дапрацоўваюць і перарабляюць, таму яе яшчэ не абкаталі. У trivium ляжыць мадэль судзейства, пры якой усе крытэрыі ўзаема­звязаны паміж сабой. Суддзям трэба будзе глядзець на карціну саперніцтва ў цэлым, сачыць за кожным аспектам, робячы гэта ў рэжыме рэальнага часу. Ацэньваць будуць тэхніку і разнастайнасць, выкананне і музыкальнасць, крэатыўнасць і індывідуальнасць, а таксама наколькі эфектна і экспрэсіўна выступіць удзельнік пад тую музыку, якую пачуе ўпершыню. Дзяўчаты будуць выступаць асобна ад юнакоў. Будуць сола і батлы.

— Хто з нашых спартсменаў можа трапіць у Нацыя­нальную зборную Беларусі па брэйкінгу і ці ёсць у нас шансы на медалі?

— У нас ёсць моцныя спартсмены, мы фарміруем нашу зборную ў асноўным з чэмпіёнаў краіны і Еўропы. Таксама ў яе могуц­ь трапіць спартсмены, якія ўваходзяць у міжнародны рэйтынг і займаюць прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах.

— А як праходзяць спаборніцтвы па брэйкінгу ў нашай краіне?

— У Беларусі не толькі наша федэрацыя праводзіць чэмпіянаты, але і прахо­дзяць прыватныя спаборніцтвы, да якіх, праўда, федэрацыя не мае дачынення. Хочацца акцэнтаваць увагу, што БФБ праводзіць чэмпіянаты з бясплатным уваходам і ўдзелам. Мы робім усё для развіцця брэйкінга, каб у нашых спартсменаў быў стымул трэніравацца і нарошчваць свой патэнцыял, быць канкурэнтназдольнымі.

— Калі глядзіш на брэйкераў, здаецца, што ў іх усё лёгка атрымліваецца, але ж для гэтага трэба трэніравацца гадамі…

— Так. І хоць каардынацыя ў дзяцей развіваецца хутка, але, каб стаць прафесійным танцорам, трэба ад 15 гадоў і больш вельмі старанных трэніровак. Каб пачаць паказваць вынікі сярод юніёраў, то дастаткова 7—8 гадоў заняткаў на добрым узроўні з прафесійным трэнерам, а калі ёсць яшчэ і талент, то адназначна можна стаць а­дным з лідараў у краіне і нават у свеце.

Я пачынаю займацца з дзецьмі з 4 гадоў, каб вывесці іх на пэўны ўзровень і вывезці на спаборніцтвы. Напрыклад, мае выхаванцы сталі віцэ-чэмпіёнамі ў 2019 годзе ў катэгорыі юніёры (да 15 гадоў), прычым двое з іх былі 10-гадовага ўзросту, але спаборнічалі з хлопцамі значна старэйшымі за сябе. І вось для таго каб паказваць вынікі ў такім юным узросце і доўгі час лідзіраваць, вядома, лепш пачынаць займацца ў 4 гады. Я з’яўляюся аўтарам праграм, дзе распісана сістэма падрыхтоўкі дзяцей, дзякуючы якой у 7-гадовым узросце яны стануць моцнымі танцорамі, а ў 10 гадоў выйдуць на міжнародны ўзровень.

Брэйкінг — не проста танец з трукамі, а неардынарны, складанакаардынацыйны і відовішчны від спорту, які патрабуе вялікай працы і неверагодна складаных трэніровак, бо мае шмат элементаў гімнастыкі і акрабатыкі плюс велізарную колькасць прыдуманых фізічна складаных рухаў.

— Якія адметнасці мае ваша брэйкінг-школа?

— Мая школа Fatality Dance Studio — прафесійная, у ёй пачынаюць займацца дзеці з 4 гадоў. У нас створана асобнае структурнае падраздзяленне — цэнтр падрыхтоўкі дзяцей і моладзі да рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і чэмпіянатаў, у тым ліку да Алімпійскіх гульняў. Намі была распрацавана новая метадычная праграма навучання і развіцця дзіцяці для павышэння яго выніковасці. План і праграма адукацыйнага працэсу адрозніваюцца па ўзроставых асаблівасцях дзіцяці і складзены аптымальна для прагрэсіўнага развіцця навучэнца. Да таго ж мы развіваем не толькі фізічныя навыкі танцора, але і працуем з акцёрскім майстэрствам, музыкальнасцю, яго індывідуальнасцю. Акрамя таго, наша праграма прадугледжвае работу з псіхолагам і асобны аналіз біяметрыі дзіцяці. Таму верагоднасць папасці ў асноўны склад цэнтра, а пасля і ў зборную краіны вельмі вялікая.

Дарэчы, нашы вучні за 2016—2021 гады заваявалі больш за 200 узнагарод на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях у 13 краінах. Так, у 2019 годзе нашы вучні выйгралі чэмпіянат Еўропы і занялі 2-е месца на чэмпіянаце свету Battle of the Year у Францыі. А зусім нядаўна, літаральна пару тыдняў назад, наш выхаванец Арсеній Салодкі з каманды KillJoys стаў пераможцам Кубка свету Outbreak у Славакіі ў юніёр­скай катэгорыі да 16 гадоў. Да нас прыходзяць за вынікамі і атрымліваюць іх!

— Куды ў найбліжэйшы час можна завітаць на, скажам, брэйк-батл?

— 28 жніўня ў Мінску на Нямізе адбудзецца адборачны этап IV Чэмпіянату краіны па брэйкінгу сярод дзяцей і дарослых у сола-намінацыях. Будзе вельмі цікава і відовішчна!

— Павел, пра што марыце?

— Каб мае вучні заваёўвалі як мага больш медалёў! А таксама вельмі хочацца ўнесці ўклад у прафесійную адукацыю, увёўшы спецыяльнасць “Трэнер па брэйкінгу” ў БДУФК, каб у нас пачалася падрыхтоўка спецыялізаваных кадраў, бо без добрага запасу ведаў немагчыма падрыхтаваць моцных спартс­менаў. Варта адзначыць, што гэтыя веды ёсць, але мы хацелі б іх развіць, каб працягваць быць лідарамі ў краіне і быць на галаву вышэй за іншых. Для нашай краіны гэта будзе вельмі ня­дрэнным паказчыкам, і мы да гэтага імкнёмся. Плануецца, што першы набор абітурыентаў адбудзецца ў 2022 годзе. А як федэрацыя бу­дзем старацца арганізоўваць як мага больш спаборніцтваў, чэмпіянатаў, выездаў, каб нашы спартсмены не гублялі сваю матывацыю і працягвалі развівацца.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.