Ці мела рацыю Скарлет О’Хара?

- 14:50Культура

У Крупскім раёне апошнія 14 гадоў большасць культурна-масавых мерапрыемстваў і тэатральных пастановак ладзіць далікатная абаяльная дзяўчына Наталля Дадзіверына. У народзе такіх спецыялістаў часта называюць масавік-забаўнік, але ў сучасным свеце даўно ўжываюць іншы адпаведнік — івентар. Вось пра яго дзейнасць у невялікім горадзе зараз і даведаемся.

“Творчая, адкрытая, доб­рая, прыем­ная, усмеш­лівая, камуні­кабельная, прыгожая. Крэатыўны педагог, якога вельмі любяць дзеці, і сапраўдны прафесіянал, здольны зрабіць любое мерапрыемства незабыўным. Яна ўсю сябе аддае любімай працы, такіх зараз мала”, — так калегі гавораць пра культарганізатара Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці. Хоць у Крупкі Наталля Дадзіверына трапіла, можна сказаць, выпадкова. Яе дзяцінства прайшло на расійскім паўвостраве Таймыр Краснаярскага краю ў горадзе Нарыльск. У старшых класах у яе з’явілася мара стаць журналістам. Пасля пераезду бабулі з Казахстана ў Беларусь яна вырашыла прыехаць да яе ў Мінск і паспраба­ваць паступіць на журфак. У 2005 годзе атрымала журна­лісцкі дыплом у Інстытуце сучасных ведаў імя А.І.Шырокава, выйшла замуж і пераехала ў Крупкі.

“У 2006 годзе мяне накіравалі ў Цэнтр дзіцячай творчасці весці гурток журналістыкі. Аднак аказалася, што мне больш цікава займацца тэатральнай творчасцю. Паступова журналістыка адышла ўбок, а я набрала дзетак у тэатр эстрадных мініяцюр “Дэбют”.
У той жа час у цэнтры з’явілася пасада арганізатара культурна-масавых мерапрыемстваў і тэатральных паказаў. І вырашылі, што кіраўнік тэатральнага гуртка як ніхто іншы зможа справіцца з такой дзейнасцю, — расказала Наталля Сяргееўна. — Я арганізую, прыдумляю, пішу сцэнарыі і праводжу самыя разнастайныя раённыя святы і конкурсы, працую з установамі адукацыі ўсяго горада. Так, мы ладзілі сацыяльны праект “Чырвоны бераг. Мёртвы клас”: мае юныя тэатралы ставілі спектакль, а ў раёне быў аб’яўлены конкурс малюнкаў на тэму Чырвонага берага і конкурс вершаў. Такім чынам мы пастараліся задзейнічаць як горад, так і ўвесь Крупскі раён. І калі падлічылі, то атрымалася, што ўдзельнікамі праекта сталі каля 600 дзяцей і дарослых”.

Тэатр эстрадных мініяцюр “Дэбют” добра ведаюць у Крупках, бо без іх выступленняў не абыходзіцца ні адно буйное мерапрыемства. І хоць першапачаткова выхаванцы Наталлі Дадзіверынай паказвалі мініяцюры, то зараз штогод ста­вяць 4—5 паўнавартасных драматычных спектакля. Так, з былым складам паставілі “Алісу ў Краіне цудаў”, “Блакадныя навелы”, “А золкі тут ціхія” і інш. У мінулым годзе яны сталі ўладальнікамі гран-пры міжнароднага конкурсу “Новыя вяршыні” і лаўрэатамі І ступені міжнароднага конкурсу “Сябры”.

“Да мяне ў тэатр прыхо­дзяць дзеткі ў 5—6 класе і застаюцца да заканчэння школу. Зараз у мяне ўжо чацвёрты набор — 20 вучняў 5—7 класаў, з якімі мы рыхтуем “А заўтра была вайна”. Прычым і гэты спектакль пакажам на чарговым конкурсе “Новыя вяршыні” ў Мінску”, — расказала кіраўнік тэатра.

Наталля Сяргееўна вучыц­ь сваіх выхаванцаў сябра­ваць, падтрымліваць адно аднаго, працаваць разам, суперажы­ваць і быць сапраўднымі, прычым на асабістым прыкла­дзе, таму і нядзіўна, што яны часта са сваімі радасцямі, сакрэтамі і праблемамі прыхо­дзяць менавіта да яе. “У першую чаргу я вучу іх не баяцца сцэны і верыць у свае сілы. Але самае галоўнае — трэба сябраваць з дзецьмі, і тады ўсё атрымаецца. Стараюся навучыць іх быць самастойнымі, люблю, калі яны самі прыходзяць і выбіраюць гурток па інтарэсах без прымусу бацькоў, — падкрэслівае яна. — Я вельмі стараюся быць са сваімі выхаванцамі на адной хвалі, таму кантактую з імі і ў сацыяльных сетках, і ў месенджарах. Бо пераканана, што сучасны педагог павінен ісці ў нагу з часам”.

Дарэчы, калі Наталля Сяргееўна прыйшла працаваць у цэнтр, ёй было 22 гады, а першым яе выхаванкам — па 17 гадоў. Зараз гэтыя дзяўчаты сталі дарослымі жанчынамі, у якіх ужо ёсць свае дзеткі. Відавочна, што і яны хутка прывядуць іх да яе.

Усе святы “дэбютаўцы” адзначаюць разам, і вельмі сумуюць, калі іх любімы кіраўнік адсутнічае. Так, аднойчы Наталля Сяргееўна паехала на сесію, а вучні настолькі моцна сумавалі па ёй, што падрыхтавалі для яе невялічкі канцэрт і салодкія пачастункі. “Самым прыемным і нечаканым падарункам стаў плакат, на якім я была паказана ў розных ролях: спявачкі, вядучай, педагога, мамы. І надпіс быў “Во всех ты, душенька, нарядах хороша”, — усміхаючыся, узгадала педагог. — Мне вельмі падабаюцца творчыя падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Часта дзеткі дораць і кветкі з памяранца, і малюнкі, і нават дамашняе печыва”.

Так Наталля Дадзіверына атрымлівае мноства станоўчых эмоцый, а жыццё напаўняецца радасцю і асалодай. “Мой самы галоўны сакрэт прыгажосці — гэта тое, што я пастаянна зараджаюся энергіяй маладых, — дзеліцца яна. — Калі працуеш з дзецьмі, застаешся заўсёды малады душой”. А вось прафесійнае задавальненне яна адчувае толькі тады, калі яе праца ацэньваецца калегамі і членамі журы, калі тэатр становіцца пераможцам на розных конкурсах, а яе ўласныя распрацоўкі як культарганізатара на метадычных выставах займаюць прызавыя месцы.

“Раней я думала, як Скарлет О’Хара: “Я падумаю пра гэта заў­тра”. А цяпер жыву сённяшнім днём, стараюся мінулае пакінуць у мінулым, бо яго не зменіш, а будучыня — прывідная і невядома якой атрымаецца. Таму варта жыць тут і зараз і пастарацца быць шчаслівай. А шчасце — гэта дзеці, каханы і любячы мужчына побач, утульнасць і цеплыня ў доме, у якім цябе заўсёды чакаюць, — прызнаецца педагог. — Таму, віншуючы ўсіх з надыходзячым святам, жадаю быць прыгожымі, напаўняць сябе толькі добрымі думкамі і марамі, адчу­ваць любоў блізкіх і павагу калег. І няхай усе творчыя планы ажыццяўляюцца!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з асабістага архіва Наталлі Дадзіверынай.