Ці можна выкарыстоўваць датэрмінова сямейны капітал на навучанне дзіцяці на падрыхтоўчых курсах? Адказвае спецыяліст

- 12:12Образование, Школа управления

На актуальныя пытанні чытачоў адказала Любоў Мальковіч, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі.

У 2021 годзе я скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Народная творчасць (народныя абрады і святы)” з прысваеннем кваліфікацыі “арганізатар культурна-адпачынкавай дзейнасці. Рэжысёр народных абрадаў і свят”. Пасля заканчэння каледжа паступіла на работу ў Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж у якасці культарганізатара і педагога дадатковай адукацыі, без катэгорыі адпаведна. На гэты момант стаж складае 2 гады. Скажыце, калі ласка, ці магу прэтэндаваць на атрыманне другой катэгорыі, згодна са сваім дыпломам, па пасадзе і культарганізатара, і педагога дадатковай адукацыі?

Атэстацыя на прысваенне кваліфікацыйных катэгорый педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі праводзіцца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101 (далей — Інструкцыя). Згодна з пунктам 18 Інструкцыі, абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі з’яўляюцца:

адпаведнасць атрыманай адукацыі кваліфікацыйным патрабаванням;

наяў­насць стажу работы (за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткамі 3—5 і 7 пункта 19, пунктамі 20 і 201).

Пунктам 1 артыкула 51 Кодэкса Рэс­публікі Беларусь аб адукацыі вызначана, што асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да педагагічных работнікаў, вызначаюцца кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, якія зац­вярджаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад педагагічных работнікаў вызначаны Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зац­верджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2020 № 69 (далей — АКДП).

Згодна з АКДП, да пасады “Культарганізатар” прад’яўляюцца наступныя кваліфікацыйныя патрабаванні: вышэйшая (сярэдняя спецыяльная) адукацыя без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы; да пасады “Педагог дадатковай адукацыі” — вышэйшая (сярэдняя спецыяльная) адукацыя, якая адпавядае педагагічнай дзейнасці, або вышэйшая (сярэдняя спецыяльная) адукацыя па профілі адукацыі, адпаведным напрамку дзейнасці, або вышэйшая адукацыя і перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Педагогіка дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы.

Такім чынам, асоба, якая мае сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Народная творчасць (народныя абрады і святы)”, можа займаць пасады культарганізатара, педагога дадатковай адукацыі і прэтэнда­ваць на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі па гэтых пасадах у парадку, устаноўленым Інструкцыяй.

Ці можна выкарыстоўваць датэрмінова сямейны капітал на навучанне дзіцяці на падрыхтоўчых курсах вышэйшай навучальнай установы дзяржаўнай уласнасці?

Інструкцыяй аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.03.2015 № 13, прадугледжаны выпадкі датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне на платнай аснове агульнай вышэйшай адукацыі, спецыяльнай вышэйшай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі Рэс­публікі Беларусь, ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі спажывецкай кааперацыі Рэспуб­лікі Беларусь і ва ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Адукацыйная праграма падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь, згодна з падпунктам 1.15 пункта 1 артыкула 248 Кодэкса Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі, з’яўляецца адукацыйнай праграмай дадатковай адукацыі дарослых.

У сувязі з гэтым сямейны капітал не можа быць выкарыстаны датэрмінова на навучанне дзіцяці на падрыхтоўчых курсах установы вышэйшай адукацыі.

Разам з тым па больш падрабязную кансультацыю па вашай сітуацыі рэкамендуем звярнуцца ў выканкам ці адміністрацыю раёна (горада), дзе пражывае ваша сям’я.

Цi iснуе забарона на карыстанне дзённiкам на беларускай мове ў школе з рускай мовай навучання?

У 2023/2024 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, выкарыстоўваюцца дзённікі вучняў, выда­дзеныя паліграфічнымі прадпрыемс­твамі ў 2023 годзе ў адпаведнасці з Тыпавымі формамі дзённіка вучня, зацверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі ад 17 жніўня 2022 г. (у рэдакцыі ад 16 мая 2023 г. № 157), а таксама дзённікі вучняў, выдадзеныя ў 2022 годзе па ўзгадненні з галіновым міністэрствам. Такім чынам, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі незалежна ад мовы навучання можна карыстацца дзённікамі, выдадзенымі як на рускай, так і на беларускай мове, якія рэкамендаваны нашым міністэрс­твам.

Працую ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт” на пасадзе начальніка аддзела арганізацыі і кантролю адукацыйнага працэсу вучэбна-метадычнага аддзела, з 01.01.2023 гэта аддзел арганізацыі адукацыйнага працэсу цэнтра арганізацыі адукацыйнай дзейнасці. У 2021 годзе мной атрыманы дыплом аб перападрыхтоўцы на ўзроўні вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Педагагічная дзейнасць спецыялістаў” установы адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы”. Прашу растлумачыць, ці маю я права на прадастаўленне мне асноўнага працоўнага адпачынку працягласцю 56 каляндарных дзён у адпаведнасці з зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэс­публікі Беларусь ад 24.01.2008 № 100 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.10.2011 № 1418).

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 студзеня 2008 г. № 100 “Аб прадастаўленні асноўнага адпачынку працягласцю больш за 24 каляндарныя дні” (далей — пастанова № 100) вызначаны пералік арганізацый і пасад служачых педагагічных работнікаў, працягласць асноўнага адпачынку якіх складае больш за 24 каляндарныя дні, а таксама пералік катэгорый работнікаў, працягласць асноўнага адпачынку якіх складае больш за 24 каляндарныя дні.

Пералік пасад служачых устаноў вышэйшай адукацыі, якім устаноўлена працягласць адпачынку больш як 24 дні, вызначаны ў пункце 2 дадатку 1 да пастановы № 100.

Пасада начальніка аддзела арганізацыі адукацыйнага працэсу, якую вы займаеце, у названы пералік не ўключана. Адпаведна, вы не маеце права на прадастаўленне па гэтай пасадзе асноўнага працоўнага адпачынку працягласцю 56 каляндарных дзён.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі