Ціхан ціха едзе…

- 12:19World Skills

Пра майстра вытворчага навучання Мікалая Яўгенавіча Цалко з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа і навучэнца Ціхана Кавальчука можна сказаць, што яны знайшлі адзін аднаго. У падрыхтоўцы да спаборніцтваў WorldSkills яны разам ужо некалькі гадоў, і ў гэтага тандэма ёсць свой вынік.

Ціхан займае лідзіруючыя пазіцыі ў кампетэнцыі “Сталярная справа”. Сёлета ён выйграў на Мінскім абласным этапе і выйшаў на рэспубліканскі. Ціхан ужо выступаў на папярэднім нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills, ездзіў на спаборніцтвы ў Кітай, так што пэўны вопыт спаборнічаць у яго ёсць. Майстар Мікалай Яўгенавіч таксама пабываў на многіх спаборніцтвах, у тым ліку за мяжой. Сустрэліся мы з ім у Абу-Дабі, дзе ён з цікавасцю вывучаў вопыт міжнародных сталяроў, а потым многія прыёмы сталярнай справы выкарыстоўвалі з Ціханам у час падрыхтоўкі да нацыянальнага чэмпіянату. Майстар лічыць, што поспех залежыць ад прафесійнага майстэрства, ад таго, якія інструменты, станкі, прылады прадастаўлены канкурсанту і якая драўніна прапанавана для работы. Усе гэтыя фактары ў сукупнасці вызначаюць, наколькі якасна будзе выканана заданне.

Ціхан па характары спакойны, разважны чалавек, па яго твары ніколі не зразумееш, што ў яго на душы: ці хвалюецца ён, ці сумняваецца альбо, наадварот, сканцэнтраваны на даручанай справе. І імя Ціхан вельмі яму пасуе. Хлопец перад чэмпіянатам у час трэніровак адточваў да дробязей прафесійныя навыкі, кожны рух у яго дакладны і вывераны. Цяпер Ціхан вучыцца на ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі, магчыма, у будучыні можа стаць майстрам вытворчага навучання. Яму ўжо ёсць чаму навучыць будучых сталяроў. А яшчэ Ціхан добра малюе карціны, вырабляе шкатулкі. Увогуле, ён творчы чалавек.

Заданне, прадугледжанае на рэспубліканскай пляцоўцы, трэба было выканаць за два дні. Гэта выраб драўлянай трыбуны, дзе самым складаным з’яўляецца выкананне чарцяжа, фарміраванне злучэнняў, зборка вырабу ў адпаведнасці з крытэрыямі і паказчыкамі ацэнкі. Выкананне задання патрабуе ад канкурсантаў дэманстрацыі агульных навыкаў сталярнай справы: разметка, фарміраванне шыпоў злучэнняў, зборка і шліфаванне. Кожны ўдзельнік гэтай кампетэнцыі выступіў даволі ўдала. Ціхан заваяваў “бронзу”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.