Цуды восені

- 16:41Нам пішуць

Цэлы тэматычны тыдзень быў прысвечаны ў нашай навучальнай установе загадкавай і дзівоснай паравіне года, а называўся ён “Восень — пара натхнення і творчасці!”. У рамках тыдня педагогі з энтузіязмам арганізавалі для вучняў творчыя пляцоўкі па падрыхтоўцы восеньскіх кампазіцый, фотаработ на тэму “Восеньскі пейзаж”, малюнкаў “Залатая пара”.

Арыгінальныя ідэі прыходзілі адна за другой. Багаты прыродны матэрыял, які загадзя рупліва рыхтаваўся вучнямі, з поспехам ператварыўся ў незвычайныя вырабы. Усе створаныя вучнямі работы можна было ўбачыць на выстаўцы “Восеньскія матывы рукамі юных майстроў”.

Кульмінацыйным мерапрыемствам тыдня стаў “Восеньскі баль”. Сапраўдным аздабленнем балю стала з’яўленне самой прыгажуні Восені. Па добрай традыцыі кожная дзяўчына ўстановы штогод марыць стаць галоўнай гаспадыняй свята і прымераць “залаты касцюм” восені на сябе.

Ганаровым госцем восеньскага балю стаў настаяцель Свята-Дзмітрыеўскай царквы іерэй Дзмітрый Пачабут, які ўручыў актыўным удзельнікам тэматычнага тыдня памятныя падарункі.

Галіна ГЛАДКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.