Цукровыя ночы, салодкія дні…

- 11:37Прафесіяналы

Майстэрства прыгатавання ласункаў цанілася ва ўсе часы, а сакрэты іх вытанчанага смаку некалі захоўваліся ў строгай тайне. Самі ж кандытары былі на вагу золата. Сёння кандытарскую адукацыю можа атрымаць любы жадаючы, але ўсё ж стаць майстрам сваёй справы ўдаецца не многім. Сярод іх, несумненна, і мая гераіня — магіляўчанка Таццяна Каржова, спецыяліст Міжнароднай школы цукровага мастацтва. Па яе тарты і салодкія кветкі прыязджаюць ласуны нават з-за мяжы. А тым, хто марыць “вырошчваць” такія кветкі ў сябе на кухні, яна дае майстар-класы. Не ўстаялі і мы перад ашаламляльным водарам шакаладу, фруктаў і ванілі і прачынілі кухонныя дзверы Таццяны.

Крылы раскрываюцца на кухні

Гадоў 10—20 назад, чуючы слова “торт”, мы ўяўлялі “Мінскі” ці “Казку”, шчодра аздоблены крэмам. Потым усе гэтыя лісточкі-грыбочкі змяніла яркая цукровая масціка, якой зацягвалі тарты, а зверху пачалі прымацоўваць дэкор — быццам злепленыя дзецьмі з пластыліну элементы з той жа масцікі. Такія тарты хоць і былі часам прыгожымі, але апетытнымі іх цяжка было назваць і зусім не хацелася паспрабаваць. Тарты ж Таццяны таксама не хочацца есці, але выключна таму, што кожны з іх — гэта твор мастацтва, знішчыць які — штосьці накшталт варварства. Дзіцячыя каруселі, цырк, цацкі, мультыплікацыйныя героі і казачныя сюжэты — усё гэта і шмат чаго яшчэ да дробязей паўтарае, быццам па чарадзействе, майстар.
Па просьбе заказчыкаў Таццяна пераносіла на торт дакладныя копіі архітэктурных славутасцей, будынкаў. Юбіляры атрымлівалі на святы сваіх паменшаных двайнікоў, супрацоўнікі кампаній — салодкую копію іх прадукцыі. Напрыклад, для аднаго з магілёўскіх заводаў Таццяна зрабіла яго 15-кілаграмовую копію з газонамі, паркамі, паркоўкамі і машынамі супрацоўнікаў з іх нумарамі. Але асабліва вытанчанымі ў кандытара атрымліваюцца вясельныя тарты, на якіх яна і спецыялізуецца. Яе тарты былі галоўным святочным упрыгажэннем ужо больш як на тысячы вяселляў. Дарэчы, два гады назад майстар стала пераможцай конкурсу “Інавацыі ў дызайне вясельных тартоў”, які праходзіў у Мінску ў межах Міжнароднай спецыялізаванай выставы-форуму HoReCa&RetailTech. І гэта пры тым, што тарты сталі толькі фонам для яе галоўных твораў — цукровых кветак. Лілеі і півоні, браткі і рамонкі, гіяцынты і архідэі, лотасы і фрэзія — канкурэнцыю такому буянству кветак можа скласці хіба толькі батанічны сад. Толькі вось кветкі маёй гераіні не толькі прыгожыя, але і вельмі смачныя.
Назіраючы, як стварае Таццяна свой чарговы салодкі шэдэўр, як распускаюцца на ім па-ранішняму свежыя ружы з жамчужнымі кропелькамі расы, ніколі не скажаш, што яна мае такую зусім не творчую прафесію: бухгалтарскі аналіз, улік і аўдыт ну ніяк не сумяшчаецца з гэтай жанчынай!
А справа ў тым, што Таццяна вельмі добра вучылася і, заканчваючы школу, прыняла ўдзел ва ўступных алімпіядах, якія напярэдадні ўвядзення ЦТ праводзілі УВА. Улічваючы, што яна набрала найвышэйшы бал адразу па трох прадметах — матэматыцы, фізіцы і хіміі, адразу 4 вышэйшыя навучальныя ўстановы прадаставілі ёй немалы спіс спецыяльнасцей, на якія яе гатовы былі залічыць без экзаменаў. І Таццяна выбрала тую, на якую быў самы высокі конкурс.
Сваю памылку яна ўсвядоміла амаль адразу. Не, вучыцца ёй было вельмі лёгка, але таму і нецікава. Усе студэнцкія гады яна актыўна займалася творчасцю: выступала на сцэне з самадзейнымі нумарамі, пісала вершы, песні і музыку (гэты талент праявіўся ў яе яшчэ ў 7 гадоў), іграла на гітары, прымала ўдзел ледзь не ва ўсіх конкурсах, былі поспехі і ў спартыўных спаборніцтвах. Пасля вучобы працавала галоўным бухгалтарам і вяла справы адразу 6 фірм, але ўсё ж нечага, самага важнага, ёй не хапала. Адчувала гэта Таццяна і калі выйшла замуж, яшчэ больш востра — калі нарадзіла трох дачушак-пагодак. А чаго прагла яе душа, яна зразумела гады 4 назад, калі выпадкова ўбачыла кветку з цукровай пасты, якую немагчыма было адрозніць ад жывой.
“На той момант у мяне былі зусім малыя дзеці, муж шмат працаваў, у доглядзе дзяцей я магла разлічваць толькі на сябе, — успамінае мая суразмоўніца. — Мы жылі на апошнім летам заўсёды спякотным паверсе, у доме не было ліфта. І выходзілі на прагулку мы так: адна дачка на руках, другую нясу разам з каляскай, трэцяя ідзе сама, трымаючыся за парэнчы. Спа ць удавалася ўсяго па дзве гадзіны ў суткі. Ад стомленасці пачыналіся галюцынацыі: заўсёды здавалася, што плача дзіця. А калі я рабіла сваю першую кветку, усю гэтую стомленасць, напружанасць як рукой зняло. Гэта дало выхад маім эмоцыям, энергіі, прынесла адчуванне свабоды, магчымасць жыць, дыхаць, лятаць”.

Талент скульптара ў спадчыну

Для Таццяны цукровая фларыстыка стала новым, нязведаным відам творчасці. Маляваць яна ўмела і любіла з маленства, а такія скульптурныя задаткі, відаць, перадаліся ёй на генным узроўні. Усе яе сваякі па бацькавай лініі — прафесійныя мастакі, дызайнеры, музыканты. Асабліва шмат у сям’і скульптараў. Напрыклад, Аляксандр, Уладзімір, Багдан Ганчарукі, як і іх бацька — скульптары, выкладаюць у Львоўскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў скульптуру. Тым не менш гены генамі, а трэба ж было і навучыцца гэтай справе.
“Я правяла на кухні безліч бяссоных начэй, — успамінае Таццяна. — Пад раніцу тут вырасталі горы бруднага, а часам і разбітага посуду, сапсаваных прадуктаў. Усяму прыходзілася вучыцца на сваім вопыце. Праблема ў тым, што навучыцца не было ў каго. Не было ў нас ні майстроў, ні кніг адпаведных, нават інтэрнэт не дапамагаў. Не было і курсаў, якімі стракаціць сёння інтэрнэт і якія дазваляюць за некалькі дзён пераняць шматгадовы вопыт майстра. Таму я праз сваю аднакласніцу выйшла на майстра ў Англіі, і тая дасылала мне свае відэаўрокі на англійскай мове. Ужо пазней я стала наведваць шматлікія майстар-класы і профільныя выставы ва Украіне і Расіі. Асвойвала стварэнне цукровых кветак у вядомага расійскага кандытара Таццяны Хегай. А потым удалося прайсці навучанне ў Англіі ў сусветна вядомага майстра Алана Дана, які стаіць ля вытокаў цукровай фларыстыкі. Самую складаную — англійскую — тэхніку я асвойвала ў Міжнароднай школе цукровага мастацтва Squires Kitchen International School.
Кветкі ў англійскай тэхніцы робяцца з кветкавай, ці цукровай шаўковай, пасты. Звычайная цукровая масціка для іх не падыдзе: яна вельмі грубая. Кожны пялёстак раскатваецца амаль да празрыстасці, асобна робяцца песцік, тычынкі. Кожны элемент сохне паасобку некалькі дзён, а потым яны прымацоўваюцца да бутона спецыяльным кандытарскім клеем. Спецыяльнымі інструментамі дасягаецца эфект раскрыцця кветкі. Потым выраб трэба пафарбаваць кветкавым пылком так, каб зайгралі розныя адценні. Часта ў адным пялёстку спалучаецца да 6 адценняў. Пасля гэтага робім апошні штрых — адпарваем, каб зд зьмуць лішні пылок і ажывіць кветкі. Такімі кветкамі можна ўпрыгожваць торт ці ствараць букеты”.
Цяпер кветкавыя кампазіцыі сталі галоўным упрыгажэннем тартоў, за якімі людзі становяцца ў чэргі (два гады як Таццяна адкрыла ўласную кандытарскую майстэрню). Шмат жадаючых падарыць сваім любімым і родным духмяныя букеты. Дарэчы, ні адзін торт, ні адна кветка ў Таццяны не паўтараюцца. Усе яна робіць выключна з улікам пажаданняў заказчыка, яго настрою, колеравых пераваг і тых пачуццяў, якія ён хоча выказаць блізкім сваім падарункам. І абавязкова дабаўляе да ўсяго гэтага часцінку сваіх пачуццяў, адчуванняў, свайго захаплення жыццём. “Кожны мой торт — гэта карціна, песня, мелодыя, напісаная маёй душой”, — гаворыць Таццяна. — І таму я не разглядаю сур’ёзна прапанову сваіх знаёмых і заказчыкаў праводзіць выставы сваіх кветак і тартоў. Для мяне галоўнае — індывідуальнасць, а яна страціцца на выставе. Кожны свой торт я раблю для канкрэтнага чалавека, і самае прыемнае — бачыць шчаслівыя вочы заказчыка. Большага мне не трэба. Гэтыя эмоцыі застаюцца і ў мяне, і ў тых, для каго гэты торт ці кветкі прыгатаваны”.
Шмат жадаючых не проста заказаць у Таццяны такія цудоўныя букеты, але і навучыцца іх ствараць. Як сцвярджае мая гераіня, дастаткова толькі захацець. У гэтым перакананы многія нашы суайчынніцы, якія пабывалі на яе майстар-класах. Ацанілі павышэнне кваліфікацыі і іх выкладчыкі (многія вучні Таццяны атрымліваюць прафесію кандытара ў навучальных установах рэспублікі), і журы шматлікіх конкурсаў. Праўда, прызёрамі і нават пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў кандытараў станавіліся і навічкі, якія свае першыя кулінарныя шэдэўры зрабілі за месяц да перамогі на майстар-класах Таццяны. Першыя крокі на кулінарны алімп робяць і маленькія памочніцы маёй гераіні — дочкі Марыя, Вольга і Настасся. Сямейныя кветкавыя кампазіцыі часта становяцца вынікам сумесных выхадных. Ці будзе працягвацца кветкавая дынастыя, Таццяна не загадвае.
“Галоўнае, чаму я вучу сваіх дзяцей, — мэтанакіраванасці, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Асабліва гэта ім спатрэбіцца, калі яны таксама выберуць творчую прафесію, бо таленавітых людзей вельмі шмат: адны добра спяваюць, другія — малююць, танцуюць, і ўсе спадзяюцца, што некалі яны, як і іх куміры, дасягнуць сапраўдных вышынь. Але поспех не бывае выпадковым, і трэба навучыцца ісці да мэты праз усе перашкоды, праз усе “цяжка” і “не магу”. А яшчэ я вучу іх не баяцца памылак, бо ў нас заўсёды ёсць права іх выправіць. У юнацтве чалавек выбірае сваю прафесію, не разумеючы, што яму трэба. І калі вы некалі зразумееце, што памыліліся, памятайце, што ніколі не позна змяніць прафесію. Як казаў Канфуцый, “выберыце сабе работу па душы — і ніводнага дня не будзеце працаваць”. Толькі ў гэтым выпадку ў вас будуць гарэць вочы, вы не будзеце спаць начамі, бо не ў сілах будзеце дачакацца, калі зноў возьмецеся за любімую справу. Асабліва прыемна, калі ваша праца прыносіць асалоду не толькі вам, але і іншым. У маёй справе гэта самае важнае і бясцэннае, гэта тое, дзеля чаго варта жыць”.

Святлана НІКІФАРАВА.