Творчасць маладых педагогаў

- 12:21Культура

У рамках XXVI Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 8 лютага былі падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Творчасць маладых педагогаў”. На цэнтральнай пляцоўцы нацыянальнага стэнда Беларусі ў сталічным адміністрацыйным комплексе па адрасе праспект Пераможцаў, 14 урачыста ўзнагародзілі пераможцаў, уручылі ім дыпломы і прызы. Арганізатарам конкурсу выступіла РУП “Выдавецтва “Пачатковая школа”. Інфармацыйным партнёрам мерапрыемства з’яўлялася “Настаўніцкая газета”.

Як расказала нашаму карэспандэнту загадчык рэдакцыі часопіса “Пачатковая школа” Алена Генрыхаўна Сугака, гэты конкурс ладзіцца ўжо чацвёрты раз. Праводзіцца ён непасрэдна для маладых педагогаў. “Мы зразумелі, што гэтая катэгорыя выкладчыкаў не асабліва ахоплена ў конкурсах, хоць дзяўчаты і хлопцы прыходзяць з добрым багажом тэарэтычных ведаў, але пакуль яны атрымаюць кваліфікацыйную катэгорыю, могуць перагарэць і расчаравацца. А ў цяперашні час маладыя людзі поўныя ідэй і крэатыўнасці. І нам важна іх зацікавіць на старце, падтрымаць, дапамагчы раскрыць свой патэнцыял”, — заўважыла Алена Генрыхаўна.

Лаўрэатамі конкурсу І, ІІ і ІІІ ступені сталі 9 маладых педагогаў. Акрамя дыпломаў, маладым педагогам уручылі сертыфікаты на атрыманне літаратуры ад выдавецтва “Пачатковая школа”, а таксама квіткі ад спонсараў на наведванне мерапрыемстваў.

Лаўрэат І ступені конкурсу “Творчасць маладых педагогаў” настаўніца малодшых класаў сярэдняй школы № 39 Гродна Аксана Мікалаеўна Казлова расказала, што стаж яе работы — амаль пяць гадоў. У сваю прафесію дзяўчына прыйшла свядома, у першую чаргу, таму што любіць дзяцей. “Напэўна, самае каштоўнае, дзеля чаго ты ўстаеш раніцай, — гэта ўсмешкі дзяцей, — смела разважае Аксана Мікалаеўна і дадае: — Сам праект — гэта ўрок з выкарыстаннем лэпбука (лэпбук — найноўшы спосаб арганізацыі вучэбнай дзейнасці з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі)”.

Лэпбук — настольная кніга для дзяцей, якой можна карыстацца як на ўроку, так і дома. Школьнік можа забраць яе з сабой і ўжо дома дарабіць пэўнае заданне. Яшчэ адзін плюс лэпбука — дзіця стварае яго непасрэдна сваімі рукамі пры дапамозе класнага кіраўніка, бацькоў. Гэтыя кнігі могуць быць тэматычнымі ці закранаць шмат рознай інфармацыі.

“Напісаць урок было нескладана. Складаней было растлумачыць журы, што гэта такое, вельмі хацелася, каб яны разгледзелі кнігу як мага сур’ёзней, і я вельмі рада таму, што журы адзначыла мой праект”, — сказала Аксана Мікалаеўна.

Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе” была ўзнагароджана педагог Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Галіна Станіславаўна Кардоўская. У гэтай жа намінацыі дыплом ІІ ступені атрымала настаўніца гімназіі Асіповіч Хрысціна Сяргееўна Булычова. А дыплом І ступені забрала студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Бранавец.

Наступная намінацыя, у якой выступалі педагогі, называлася “Выхаваўчае мерапрыемства”. Дыплом ІІІ ступені атрымала настаўніца гімназіі № 43 Мінска Настасся Сяргееўна Ліпніцкая. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана настаўніца сярэдняй школы № 14 Наваполацка Валерыя Андрэеўна Былінская. А пераможцай у гэтай намінацыі стала студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Лілія Карасёва.

У намінацыі “Дыдактычны сцэнарый урока” дыпламанткай ІІІ ступені стала настаўніца сярэдняй школы № 5 Смаргоні Дзіяна Леанідаўна Арцукевіч. Дыплом ІІ ступені атрымала настаўніца гімназіі № 2 Пінска Дар’я Сяргееўна Гладун. Пераможцай у гэтай намінацыі журы назвала настаўніцу малодшых класаў сярэдняй школы № 39 Гродна Аксану Мікалаеўну Казлову.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка 2 курса факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.