Творчая сустрэча

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе напрыканцы студзеня адбылася сустрэча з пісьменніцай Таісай Іосіфаўнай Супрановіч (Гурко) — чалавекам творчым і неардынарным. Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве настаўніцы беларускай мовы і літаратуры А.А.Цераховіч.

Нягледзячы на суровае зімовае надвор’е, Т.І.Супрановіч прыехала з Мінска на сустрэчу, якую чакалі маладыя землякі, што хацелі даведацца пра жыццё і творчую дзейнасць пісьменніцы. Ва ўтульным кабінеце беларускай мовы і літаратуры сабраліся вучні старшых класаў і педагогі ўстановы. Сустрэча пачалася з расповеду Таісы Іосіфаўны пра яе жыццё на Навагрудчыне, а менавіта пра дзяцінства, вучобу ў школе, працу ў Навагрудскай дзіцячай бібліятэцы. Цікавы аповед атрымаўся пра Нацыянальную бібліятэку, у якой зараз працуе наша зямлячка. Удзельнікі сустрэчы з вялікім захапленнем слухалі пра кнігі Таісы Іосіфаўны, пра тое, як нараджаюцца сюжэты аповесцей, і пра тое, што ў некаторых аповесцях пісьменніца апісвае моманты ўласнага жыцця, жыцця сваіх землякоў.

Вучні і педагогі сур’ёзна падышлі да справы і паказалі сваю зацікаўленасць беларускай літаратурай і літаратурнымі дзеячамі. Паважанай госці прысутныя задавалі пытанні пра яе жыццёвы і творчы шлях, працоўную дзейнасць, асабістае жыццё.

Цікавая і захапляльная сустрэча праляцела як адно імгненне. Таіса Іосіфаўна яшчэ поўная сіл і творчага запалу, пра што і расказала прысутным. Будзем усе з нецярпеннем чакаць выхаду новай кнігі пісьменніцы і чарговай сустрэчы з пісьменніцай-зямлячкай.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *